Сэрыя арыштаў на Браслаўшчыне
Глыбоцкі краязнавец Кастусь Шыталь паведаміў пра арышты ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці, якія адбыліся некалькі дзён таму.
«Забралі сям’ю фэрмэраў Уладзіслава і Юлію Каралёў, а таксама Алену Селях (тую самую, што гадавала ваўкоў). Жанчын нібыта ўжо адпусьцілі. Імёны іншых затрыманых спрабую высьветліць», — напісаў у фэйсбуку Кастусь Шыталь.
24 лістапада пра стала вядома пра «аблаву» ГУБАЗіКу ў Паставах Віцебскай вобласьці. Ператрусы ў Паставах адбыліся прынамсі ў 11 чалавек. Траіх затрымалі, а аднаго сілавікі завезьлі ў Менск. Нагодай для масавага перасьледу жыхароў Паставаў мясцовыя называюць пратэсты 2020 году і крытыку кіраўніка раёну.
Затрымалі яшчэ аднаго «вяртанца»
Сілавікі затрымалі жыхара Паставаў за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 году. Пра гэта паведаміў 5 сьнежня набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал. Паводле сілавікоў, мужчына вярнуўся на радзіму з Латвіі, дзе жыў апошнім часам. Ён падумаў, што «ўсё заціхла». Яго затрымалі сілавікі з віцебскага ГУБАЗіКу.
У відэа, якое пад прымусам і нярэдка пасьля катаваньняў здымаюць сілавікі, мужчына сказаў, што ўдзельнічаў у 2020 годзе ў акцыях пратэсту.
Супраць яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
За камэнтары пра Лукашэнку затрымалі берасьцейскага псыхіятра
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне нарколяга-псыхіятра Максіма Зайцава — загадчыка аддзяленьня Берасьцейскага абласнога наркалягічнага дыспансэру.
Як паведамляе «Вясна», паводле сілавікоў, мужчына пакінуў камэнтары пра Аляксандра Лукашэнку і старшыню берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандра Рагачука. Паведамляецца, што лекару інкрымінаваныя арт. 368 і 369 крымінальнага кодэксу, яго вінавацяць у абразе Лукашэнкі і «абразе прадстаўніка ўлады».
У «тэрарыстычны сьпіс» дадалі яшчэ пяць чалавек
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці». Цяпер у ім 968 чалавек.
Сярод іх юрыст Юры Зянковіч, сацыяльная актывістка Анастасія Кухта, супрацоўнік EPAM Андрэй Гарун, а таксама Ільля Смалюга і Тацяна Колас.