Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэта Расеі ва Ўкраіне тая ж, што і ў Беларусі ў 1654-м». Польскі гісторык пра сапраўдныя прычыны вайны і карані расейскай імпэрскасьці


Анджэй Новак
Анджэй Новак

Як і чаму імпэрскасьць стала нармальным станам для Расеі і навошта Маскве Беларусь і Ўкраіна, калі яна кантралюе 1/6 сушы? Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе разважае Анджэй Новак — польскі гісторык, прафэсар Ягелёнскага ўнівэрсытэту, аўтар шматтомнай гісторыі Польшчы і дасьледчык адносінаў Рэчы Паспалітай і Расеі.

«Для Расеі Беларусь можа заставацца асобнай дзяржавай — пры ўмове, што беларусы ня выберуць Захад»

— У сваіх лекцыях і артыкулах вы часта кажаце, што Расея ня можа існаваць без Украіны і менавіта таму пачала вайну. Чаму ня можа? Апошнія 30 гадоў Расея жыла без Украіны і аб’ектыўна станавілася багацейшай і больш уплывовай у сьвеце.

— У Польшчы вельмі папулярная «дактрына Гедройця», менчука Ежы Гедройця, рэдактара часопіса «Культура», які выдаваўся пасьля ІІ сусьветнай вайны ў Парыжы. Гедройць лічыў, што ўмацаваньне незалежнасьці Літвы, Беларусі і Ўкраіны паспрыяе паляпшэньню стасункаў Польшчы і Расеі. Але выявілася, што Гедройць не да канца зразумеў Расею, ён недаацаніў яе імпэрскую традыцыю. Расея прывязаная да думкі, што Ўкраіна ня можа ісьці сваім шляхам, што яна мусіць заўсёды быць разам з Расеяй, хоць і можа фармальна існаваць як асобная дзяржава. Так было да 2005 году, да Аранжавай рэвалюцыі, пакуль расейцы не зразумелі, што Ўкраіна можа выбраць Захад. На гэта Расея не магла пагадзіцца. Для Расеі і Беларусь можа заставацца асобнай дзяржавай пры той умове, што беларусы ня выберуць Захад, бо, на думку Масквы, яны абавязаны хацець Расею. Калі беларусы і ўкраінцы будуць гаварыць, што будуць жыць у сваіх дзяржавах, але заўсёды з Расеяй, тады Расея можа на гэта пагадзіцца. А калі ўкраінцы сказалі, што хочуць быць з ЭЗ, то гэта ўжо нагода для нападу, бо «Кіеў павінен быць наш».

«Пуцін — гэта Лукашэнка адносна Пэкіну, а Расея — Беларусь Кітаю»

— У адрозьненьне ад шмат каго, хто лічыць гэтую вайну памылкай Пуціна і Расеі, вы сьцьвярджаеце, што гэтая вайна для Масквы мае рацыянальнае зерне. У чым яно?

— Расеі вельмі моцна патрэбны людзі, якія не зьяўляюцца мусульманамі. Бо паглядзіце на дэмаграфію: нараджальнасьць сярод мусульман у Расеі значна вышэйшая, чым сярод саміх расейцаў. Рана ці позна гэта падыме пытаньне — а чыя ж Расея? Украінцы і беларусы выдатна пасуюць, каб быць расейцамі. Яны патрэбны Расеі, каб вырашыць свае ўласныя праблемы.

Падчас савецкай інвазіі на Афганістан у СССР жыло 280 мільёнаў, і расейцаў там было каля 150 мільёнаў, а афганцаў — 15 мільёнаў. Цяпер расейцаў 140 мільёнаў, а ў Афганістане жыве 40 мільёнаў чалавек. Гэта зьмянілася за 40 гадоў. Расея ня можа быць паўнавартаснай эўраазіяцкай імпэрыяй, маючы 140 мільёнаў жыхароў. У Кітаі жывуць ужо1,5 мільярда. Менавіта таму Пуцін сёньня зьяўляецца своеасаблівым Лукашэнкам адносна Пэкіну, а Расея — гэта Беларусь Кітаю. Менавіта таму расейцы вывозяць з Украіны дзяцей і дарослае насельніцтва. Расеі патрэбны людзі, каб весьці сваю імпэрскую гульню. Менавіта таму і патрэбен «русский мир» — каб зьбіраць сабе насельніцтва. Падчас Трынаццацігадовай вайны ў ВКЛ (1654–1666) маскоўцы гэтак жа сама вывозілі беларусаў зь Беларусі. Яны жадалі вырваць іх з каранямі, каб прынамсі ў трэцім пакаленьні зрабіць зь іх расейцаў. І гэта ўдавалася. У Сталіна падчас дэпартацый гэтага не атрымалася, а цару Аляксею ўдалося. Гэта ўсё не абсурд, а злачынная лёгіка.

— Гэтая вайна закладае фундамэнт пад пакаленьні нянавісьці ўкраінцаў да Расеі. Адпаведна, Расея страчвае ўкраінцаў на многія дзясяткі гадоў. Няўжо ў Расеі гэтага не разумеюць?

— Украінцы сёньня пакутуюць ад расейскай вайны, але так можа быць не заўсёды. Гэтая нянавісьць да расейцаў не абавязкова будзе вечнай ці хаця б на пакаленьні. Я лічу, што ў Пуціна зусім іншы разьлік. Ён спадзяецца, што праз год-два ўкраінцы пераканаюцца, што Захад ім не дапамог і што яны застануцца ў «пяшчотных лапах» Расеі. Пуцін спадзяецца, што Захад стоміцца ад гэтай вайны, і тады Ўкраіна будзе вымушаная капітуляваць, а праз 5-10 гадоў украінцы скажуць: «А навошта нам гэта было? Трэба адбудаваць нашыя гарады і неяк жыць. І Расея нам дапаможа». Мяркую, Пуцін разьлічвае, што ўкраінцы зьмірацца. Гэта неймаверна жахлівы падыход, ад якога пакутуюць мільёны людзей, але, на вялікі жаль, гэта можа стаць рэальнасьцю.

«Расея пачынаецца ад Масквы. Кіеўская і Полацкая Русі не былі Расеяй»

— Давайце пагаворым пра асновы гэтага жахлівага падыходу, як вы сказалі. Ці быў у гісторыі Расеі пэрыяд, калі гэтая краіна была не імпэрская?

— Расея лічыць сваю імпэрскасьць нармальным станам. Шмат расейскіх гісторыкаў намагаюцца апраўдаць тэзіс, што імпэрыя — гэта нармальная форма існаваньня ў гісторыі. Яны лічаць народ новай зьявай, а імпэрыю — вечнай. Вядома, можна знайсьці і аргумэнты на карысьць такога тэзісу, але ім бясспрэчна ідэалягічна злоўжываюць расейскія палітыкі і частка гісторыкаў. Расея ў сваёй гісторыі мела ня шмат такіх момантаў, калі можна было гаварыць пра грамадзянскасьць, а ня проста падданых цара. У нейкім сэнсе такой зьявай была традыцыя земскіх сабораў у Маскве. Адразу патлумачу, што Расея для мяне пачынаецца ад Масквы. Да гэтага была Кіеўская Русь або Полацкая Русь, але гэта не была Расея. Расея пачынаецца ў Маскве, а гэтыя традыцыі пачынаюцца там разам зь «вялікай смутай». Магчыма, нават трошкі раней, калі трон у Маскве займае Іджэдзьмітрый. Ён першым, у пэўным сэнсе, абавязваецца паводзіць сябе паводле права і адмовіцца ад сыстэмы палітычных пакараньняў, якія былі абавязковыя раней у Маскве. Там існаваў, напрыклад, абавязак даносу, калі было падазрэньне, што нехта кепска сказаў пра цара. Ён гэта адмяніў і, як выявілася пазьней, з трагічнымі наступствамі для самога сябе. Неўзабаве ўзьнікла змова супраць яго, якая яго і зрынула. Але ён быў першым, хто паспрабаваў паслабіць гэтую сыстэму.

Гэта быў момант крызісу, а крызісы ў гісторыі Расеі спрыяюць надзеі на перамены. І вось так званыя земскія саборы былі адной са спробаў выйсьці з гэтага крызісу. Гэта была дыскусія цара з грамадзкай думкай. Але, у адрозьненьне, напрыклад, ад сыстэмы ў Рэчы Паспалітай, земскія саборы былі не нізавым прадстаўніцтвам, якое б склікалі самі грамадзяне. Гэтых людзей склікала вярхушка. Там былі, вядома ж, прадстаўнікі гарадоў, расейскай шляхты, але іх склікаў цар. Тым ня менш гэта быў хоць нейкі магчымы пачатак сыстэмы, калі цар не кіруе, а пытаецца ўсеагульнай думкі, якуюпрадстаўляюць выбраныя ім прадстаўнікі ўсяго грамадзтва. Гэта працягвалася прыблізна паўстагодзьдзя, да паловы XVII ст., і пасьля сыстэма абсалютнага аўтарытарызму вярнулася ў дасканалай форме. Пасьля ўжо ніякіх сабораў ніхто не склікаў.

Другі раз Расея пачала адкрывацца для нармальнасьці пасьля Крымскай вайны (1853–1856). Надзвычай важнай была адмена прыгоннага права ў 1861 годзе. Была таксама рэформа судовай сыстэмы, лібэралізацыя прэсу. Гэта ўсё прывяло да таго, што ў нейкай часткі грамадзтва зьявіўся попыт на свабоду. Бо немагчыма сказаць, што свабода — гэта натуральны стан. Павінны быць людзі, якім яна патрэбная. Бо калі яна нікому не патрэбна, то навошта яна тады? А гэтая сьвядомасьць у большым маштабе зьявілася акурат падчас рэформаў. Пасьля Крымскай вайны пачалі разьвівацца земствы, гэта значыць мясцовае самакіраваньне. Гэта было надзвычай важна, бо без самакіраваньня ня можа быць свабоды. Менавіта тады пачалі гучаць і галасы пра неабходнасьць Канстытуцыі.

«Расейскія дзекабрысты і лібэралы — стопрацэнтныя імпэрцы»

— Вы забыліся пра дзекабрыстаў...

— Я іх абмінуў сьвядома. Гэта былі стопрацэнтныя імпэрцы. Тое, што яны прагнулі зрынуць цара, не азначала, што яны хацелі даць свабоду народам, якія паняволіла Расея. Асабліва імпэрскім было «Паўднёвае таварыства» з Паўлам Пестэлем, які выразна гаварыў, што ніякай свабоды ніякім палякам яны не дадуць. Гэта гістарычны міт, што былі нейкія прагрэсіўныя дзекабрысты і што яны зьбіраліся даць свабоду. Яны былі за тое, каб даць больш свабоды расейцам, але ня іншым народам. У «Паўднёвым таварыстве» яны прадстаўлялі якабінскую візію рэвалюцыі, абсалютна цэнтралізаваную, без аніякіх свабодаў для пэрыфэрыі.

У 1905 годзе, пасьля паразы Расеі ў вайне з Японіяй, узьнікла чарговая крызісная сытуацыя для Расеі, адбылася рэвалюцыя. І менавіта тады ўзьнік першы ў гісторыі Расеі сапраўдны парлямэнт — Першая Дума. Ужо Другая Дума была значна абмежаваная ў свабодзе, бо цар зразумеў, што гэтая свабода будзе для яго небясьпечнай. Але ўсё роўна хоць нейкая форма парлямэнтарызму тады ў Расеі была. І калі лічыць, што Расея пачынаецца ад Івана Каліты, гэта значыць недзе ў XIV ст., калі пачынаецца разьвівацца маскоўскі праект Расеі, то за 700 гадоў гісторыі зьяўляецца пачатак парлямэнтарызму, у якім бяруць удзел і нерасейскія народы. Там было шмат украінцаў, палякаў, былі і беларусы, але няшмат. І паколькі нярускіх прадстаўнікоў было даволі многа, то перад другімі выбарамі ўлады зьмянілі правілы выбараў, каб іншыя народы не змаглі быць у большасьці над расейцамі.

У той час была дыскусія пра тое, як зьмяніць імпэрыю, даць трошкі свабоды, каб аформіць рэальную фэдэрацыю. У той час на чале такіх тэндэнцый былі сацыялісты-рэвалюцыянэры, якія лічылі, што імпэрыю трэба зьмяніць на фэдэрацыю. Яны, эсэры, ня мелі на ўвазе ліквідацыю дзяржавы ці яе падзел, але хацелі даць больш свабоды пэрыфэрыям. Кадэты, то бок лібэралы, былі ў той час надзвычайнымі імпэрцамі, яны бралі ўзор з ангельскіх лібэралаў, бо Брытанскую імпэрыю пабудавалі менавіта брытанскія лібэралы. І ўсё гэта заканчваецца вялізным крызісам пэрыяду І сусьветнай вайны. У выніку гэтага крызісу паўстае расейская рэспубліка і наступныя 9 месяцаў, ад сакавіка да лістапада, былі часам, калі ў Расеі была свабода.

«Пуцін не стварыў імпэрыю, ён сам зьяўляецца яе прадуктам»

— Акурат гэты пэрыяд у савецкіх школах прадстаўлялі як час хаосу, анархіі і катастрофы.

— Гэта трагічны выпадак расейскай прыгоды са свабодай. У сакавіку 1917 года ў Расеі зьявілася поўная свабода, але расейцы не пасьпелі ўмацаваць гэтую сыстэму, хаця і былі такія, для каго гэта было важным. Але яны прайгралі абсалютным цынікам — партыі бальшавікоў, якія выкарысталі гэты момант, каб увесьці свой таталітарызм, горшы за ўсё, што было да гэтага. У бальшавіцкай сыстэме расейцы прыгняталіся аднолькава, як і іншыя народы, да таго моманту, пакуль Сталін у 1934 годзе не арыентаваў бальшавіцкую сыстэму на адкрытую нэаімпэрскую сыстэму, дзе ёсьць герархічна найважнейшае ядро — Расея. Яна самая важная, старэйшая сястра, а рэшта рэспублік — гэта пэрыфэрыя: яны менш важныя, малодшыя. Усё гэта пачалося ў 1934 годзе, але сымбалічным момантам стаў 1945 год, калі Сталін узьняў тост за Расею, якой СССР і ўсе іншыя народы абавязаныя выратаваньнем. Гэтая ідэалёгія трывала да канца СССР.

Зьмены пачаліся падчас чарговага крызісу ў 1985–1986 гады — каляпс савецкай эканомікі, параза ў мілітарнай гонцы з ЗША, незадаволенасьць жыхароў СССР. Усё гэта прыводзіць да зьменаў і пэўнай дэмакратызацыі ў канцы 1980-х. Пазьней пэрыядам дэмакратыі ў Расеі быў, бясспрэчна, час ад 1990-га да 1992 году. Гэта пік свабоды ў Расеі, які пачынаецца згортвацца ў 1993 годзе, калі Ельцын, каб захаваць сваю ўладу, пачынае ліквідацыю гэтых парасткаў дэмакратыі. Парадокс быў у тым, што Ельцын быў менш імпэрскі, чым тыя дэмакратычныя сілы, якія хацелі яго зрынуць. Ельцын перамог у барацьбе за ўладу, але страціў шанец Расеі на дэмакратызацыю. Ня думаю, што ў яго была такая мэта, ён проста прайграў сіле расейскай традыцыі, якой прасякнутыя мільёны расейцаў. Яны не жадалі разьвітацца з імпэрскай традыцыяй і кожную спробу зьменшыць імпэрыю ўспрымалі як удар у сэрца. Менавіта на хвалі гэтай настальгіі па імпэрыі вырас фэномэн Пуціна. Бяз гэтай сілы прывязанасьці да імпэрыі Пуціна б проста не было. Пуцін гэтага не стварыў, ён сам зьяўляецца прадуктам гэтай імпэрскай традыцыі, якая зьнішчыла спробу дэмакратызацыі Расеі.

«Абаронцы імпэрыі кажуць: гінулі ня толькі беларусы, але і самі расейцы забівалі расейцаў»

— Імпэрскімі ў Эўропе былі розныя народы: Швэцыя, Англія, нават Польшча. Але Расейская імпэрыя многімі ўспрымаецца як абсалютнае зло. Чаму?

— Гэты падыход да сваёй дзяржавы самі расейцы ўспрымаюць як вялікую несправядлівасьць. Маўляў, а што, ангельцы і французы паводзілі сябе лепей са сваімі калёніямі? А мы, расейцы, у той жа час успрымалі ўкраінцаў і беларусаў за роўных, хаця і без нацыянальных правоў. Яны сьцьвярджаюць, што тады гінулі ня толькі беларусы, але самі расейцы забівалі расейцаў. Расейцы лічаць сваю імпэрыю найлепшай і сьцьвярджаюць, што яна была некаляніяльнай імпэрыяй. Маўляў, не было падзелу паміж Расей і калёніямі, якія б успрымаліся як нешта горшае. Прынцыповая розьніца паміж Расейскай імпэрыяй і іншымі імпэрыямі заключаецца ў тэрытарыяльнай працягласьці. Вельмі складана акрэсьліць, дзе праходзіць мяжа паміж мэтраполіяй і калёніямі, паколькі яны не знаходзяцца дзесьці за морам. Таму, як слушна зазначыў брытанскі гісторык Джэфры Госкінг, у Вялікай Брытаніі імпэрыя была, была яна і ў Францыі, Гішпаніі, а Расея імпэрыяй ёсьць.

«Сіла імпэрскай мэнтальнасьці Расеі грунтуецца на страху, што яны аддадуць Беларусь беларусам, а Ўкраіну — украінцам»

— Вялікая Брытанія ў выніку перастала быць імпэрыяй. Гэта прыклад, што быць меншым не азначае быць менш эфэктыўным. Лёндан і так застаецца магнітам для ўсяго сьвету.

— Расея проста ня ведае іншай формы існаваньня, апрача імпэрыі. Яна не ўяўляе, як можа перастаць быць імпэрыяй, бо сама ня ведае, да якіх памераў і межаў мае ў такім выпадку зьменшыцца. Аўтар імпэрскай ідэалёгіі, прыдворны гісторык Аляксандра І Карамзін казаў, што калі мы аддамо хаця б адну хату або вёску Напалеону або палякам, то гэта будзе канец нашай імпэрыі, бо тады мы пачнём аддаваць усё па чарзе, пакуль ня скончым на межах Масквы, бо мы здабылі ўсё сілай і здрадай. Імпэрыі, зрэшты, так і паўставалі: нападамі і зьнішчэньнем праціўніка. І на гэтым страху, што яны аддадуць Беларусь беларусам, Украіну — украінцам, грунтуецца сіла імпэрскай мэнтальнасьці Расеі. Бо пасьля паўстане пытаньне з Татарстанам, народамі за Ўралам (пры тым, што этнічная Расея заканчваецца, на маю думку, ужо на цэнтральнай Волзе).

— У гісторыі Расейскай імпэрыі амаль адсутнічае традыцыя мяккай сілы. У чым прычына гэтай зьявы?

— Бо Расейскую імпэрыю ад іншых адрозьнівае іншае стаўленьне да гвалту. Возьмем, напрыклад, Рэч Паспалітую. У палітычнай традыцыі Рэчы Паспалітай няма дазволу на дзяржаўны гвалт. Гэта, наадварот, нярэдка прыводзіць да анархіі, бо падданыя кажуць, што паліцэйскі ня мае права стаяць на кожным кроку і што я, грамадзянін, не зьбіраюся яму падпарадкоўвацца, бо я свабодны чалавек. Адсюль бралася досыць частая непаслухмянасьць адносна ўласнага ўраду, бо людзі не пагаджаліся на гвалт з боку дзяржавы. А ў Расеі існуе дазвол на гвалт дзяржавы адносна саміх расейцаў. І калі ёсьць такая згода, а яна існуе ад самага пачатку іх гісторыі, то навошта пратэставаць супраць вынішчэньня беларусаў, украінцаў і іншых. Калі мы пагаджаемся, што цар мае права нас стрыгчы як авечак або рэзаць як авечак, каб жыла імпэрыя, то ў чым тады праблема? Гэта не мая гіпотэза з польскага пункту гледжаньня. Найлепш гэта прааналізаваў расейскі антраполяг Уладзімір Бачараў у выдатнай кніжцы «Антрапалёгія гвалту». Ён параўноўвае дзьве мадэлі: эўрапейскую і неэўрапейскую, то бок расейскую. У эўрапейскай мадэлі няма дазволу на гвалт дзяржавы або ён абмежаваны. А ў расейскай існуе дазвол на гвалт у дачыненьні да сваіх грамадзянаў.

«У беларусаў, украінцаў, народаў Балтыі ўсё інакш, чым у расейцаў, бо яны фармаваліся шчыльна з заходняй традыцыяй»

— Адкуль гэта ўзялося? За некалькі сотняў кілямэтраў ад Масквы пачыналася Вялікае Княства Літоўскае, дзе сытуацыя была іншай. Там была падобная рэлігія, падобная мова, але сутнасьць іншая.

— На гэта ўплывае страх, што яны могуць страціць імпэрыю, якая надае сэнс іхнаму беднаму жыцьцю. Зразумела, там бедныя ня ўсе, хапае і багатых людзей, але ўжо некалькі дзясяткаў пакаленьняў расейцаў чуе, што самае важнае, каб існавала іхная дзяржава і каб іншыя яе баяліся. Яны проста ня бачаць альтэрнатывы. Адпаведна, усе сродкі добрыя, каб захаваць імпэрыю, таму яны і ня бачаць праблемы скінуць ядзерную бомбу. Расейцы ня хочуць забіваць іншых, каб адчуваць сябе бясьпечна. Яны гатовыя і самі загінуць дзеля таго, каб абараніць імпэрыю. Мы ня вельмі гэта разумеем і ня можам прыняць. У беларусаў, украінцаў, народаў Балтыі ўсё інакш, бо яны фармаваліся шчыльна з заходняй традыцыяй, дзе існуе закон, які абмяжоўвае гвалт. У Менску і Кіеве ёсьць помнікі Магдэбурскаму праву, а мясцовае самакіраваньне — гэта магутны элемэнт свабоды. Ёсьць яшчэ адзін фактар — адсутнасьць моцнай сувязі Каталіцкай царквы і дзяржавы. У вас няма такой сакралізацыі ўлады, як у Расеі. Так, у Беларусі і Ўкраіне вялікая частка людзей праваслаўныя, але беларускае праваслаўе, а тым больш украінскае, не зьяўляецца цэнтрам улады. У Расеі, як і ва ўсёй бізантыйскай традыцыі, сакралізацыя ўлады вельмі моцная. А там, дзе каталіцтва і пратэстантызм, там існуе напружаньне паміж духоўнай і сьвецкай уладамі, у выніку ствараецца прастора свабоды. Там, дзе ёсьць напружанасьць паміж дзьвюма гэтымі ўладамі, ёсьць шанец на свабоду. У Расеі гэтага няма.

«Тады Расея пачала перамагаць ВКЛ. Такой разрухі Беларусь ня бачыла ажно да ІІ сусьветнай вайны»

— Калі, на вашу думку, Расея пачала канчаткова перамагаць на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай? Што прывяло да таго, што яны змаглі накінуць на доўгі час сваю культуру і свае каштоўнасьці?

— Крытычным момантам была, бясспрэчна, палова XVII стагодзьдзя. Гэта было пытаньне вырашэньня казацкай праблемы ў Рэчы Паспалітай. Казакі хацелі свабоды і прывілеяў, а тагачасныя эліты Рэчы Паспалітай не хацелі дзяліцца свабодай, таму гэта частка нашай віны, што казакі шукалі саюзу з Масквой. У Беларусі гэтых праблемаў, як на ўкраінскіх землях, не было, бо яна была часткай ВКЛ. І ўніяцтва на беларускіх землях прыжылося хутчэй, чым ва Ўкраіне. У палове XVII ст. не было канфлікту праваслаўя і ўніі на беларускіх землях, як гэта было ва Ўкраіне. Гэта цікавая зьява. Напрыклад, кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт меў сваю сядзібу ў Вільні, бо Кіеў быў амаль цалкам праваслаўным. Я выбачаюся за гэтыя дэталі, але яны паказваюць, што гісторыя ў дэталях зусім іншая, чым гісторыя паводле схемаў.

Казацкая праблема была ўнутранай праблемай. Вонкавай праблемай было тое, што эліты Рэчы Паспалітай былі зацікаўленыя выключна ў спакойным жыцьці і былі максымальна пацыфісцкімі. Шляхта лічыла, што яна жыве ў раі, у найлепшай краіне сьвету, дзе ёсьць столькі свабоды, якой няма нідзе. У Англіі тады трываў генацыд ірляндцаў, у Францыі каралеўскі дэспатызм, у Маскве ўсё як заўсёды. Але гэты рай, якім сваю дзяржаву лічыла эліта Рэчы Паспалітай, ня быў выспай. Ангельцы былі за каналам Ля-Манш, таму там магла і адбывалася эвалюцыя. Мы ж знаходзіліся пасярод трох агрэсіўных імпэрый — Швэцыі, Масквы і Турэччыны. Рэч Паспалітая не хацела ніякай экспансіі ў XVII ст. Яе мог хацець кароль, а Рэч Паспалітая, шляхта ў Сэйме казала: «Не пагаджаюся» (гаворка пра liberum veto, парлямэнцкую блякаду рашэньня караля. — РС) і не давала ані капейкі на войны, не жадала мець уласнай арміі. А навокал нас імпэрыі прагнулі экспансіі, і такім чынам Рэч Паспалітая апынулася ў крызісе.

Рэч Паспалітая абараніла сябе як дзяржаву, але цаною сваіх земляў. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя яна не змагла абараніць беларускія землі. Падчас Трынаццацігадовай вайны (1654–1666) маскоўцы зьнішчылі або вывезьлі да траціны беларускага насельніцтва. Такой разрухі Беларусь не бачыла ажно да ІІ сусьветнай вайны. Польская, літоўская, беларуская і ўкраінская шляхта адважна бараніліся ў той вайне. Яны абаранілі дзяржаву, але ад яе адрэзалі тэрыторыі і яна проста аслабла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG