Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусі трэба нацыяналізм». Ляўрэатка «Пулітцэра» пра радзіму прадзедаў і выхад з тупіку гісторыі


Эн Эплбаўм — адна з самых вядомых і ўплывовых амэрыканскіх журналістак. Яна вучылася ў найлепшых унівэрсытэтах сьвету — Ейл, Окcфард і Лёнданская школа эканомікі. Працавала для самых уплывовых выданьняў сьвету: «The Economist», «Evening Standard» «The Spectator». За кнігу «ГУЛАГ» атрымала самае прэстыжнае журналісцкае адзначэньне — Пулітцэраўскую прэмію. Сёньня Эплбаўм — публіцыстка «The Washington Post» і экспэрт шэрагу аналітычных цэнтраў.

Першапачаткова мы дамаўляліся з Эн Эплбаўм на інтэрвію пра папулізм і прапаганду. Але размова выйшла далёка за межы дамоўленай тэмы.

Месца са зьменлівай і нявызначанай ідэнтычнасьцю

«У дзяцінстве я часам чула, што мой дзед паходзіў з Польшчы, а часам — што з Расеі. Але калі я пашукала ягоны горад на мапе, то знайшла яго ў рэгіёне, які называўся Беларусьсю. Гэта была нечаканасьць. Я ня думала, што мая вялікая і салідная сям’я зьвязвана зь месцам са зьменлівай і нявызначанай ідэнтычнасьцю». (З кнігі «Паміж Усходам і Захадам»).

Гэта цытата з прадмовы Эн Эплбаўм да яе першай кнігі «Паміж Усходам і Захадам». Рэпартаж з вандраваньня памежжам Эўропы журналістка напісала ў пачатку 1990-х, пасьля распаду СССР. Месцам зьменлівай і нявызначанай ідэнтычнасьці аўтарка назвала Беларусь ужо пасьля падарожжа па абшарах ад Калінінграду празь Вільню, Заходнюю Беларусь, Менск, Украіну да Адэсы. Нявызначаная ідэнтычнасьць Беларусі — галоўная лінія ўсяго беларускага сюжэту яе кнігі. У Беларусі ён пачаўся з паездкі па вёсках Віленшчыны і сустрэчы ў касьцёле бабуляў, якія сьцьвярджалі, што пасьля вайны на іхную зямлю «прывезьлі расейцаў, якіх назвалі беларусамі».

«Мы не дурныя, мы ведалі, што гэта рускія. Рускія ня любяць палякаў. Яны ўсё ў нас укралі. Тут Польшча, а не Беларусь, а наш прэзыдэнт Пілсудзкі», — казалі ў 90-я гады суразмоўцы Эплбаўм у вёсцы Германішкі.

Пра зьменлівасьць тутэйшай ідэнтычнасьці Эплбаўм ведала зь гісторыі яе сям’і. Што дзяды яе бацькі прыехалі ў Амэрыку аднекуль з Усходняй Эўропы, Эплбаўм чула даўно, але ня ведала, адкуль дакладна. Пасьля першай паездкі ў Беларусь яна размаўляла з бабуляй, якая ўжо нарадзілася ў ЗША.

«Я распавядала ёй пра месцы, дзе была, пра размовы зь мясцовымі людзьмі. У яе заняло некалькі месяцаў успомніць назву Кобрынь. Прадзед уцякаў ад рэкруцтва ў часы Аляксандра ІІІ: трапіў у Прусію, сеў на карабель і так прыплыў у Нью-Ёрк. Потым ён трапіў у Алабаму, дзе адкрыў абутковую краму і ажаніўся з прабабуляй. Казалі, што яна таксама была з Кобрыні», — кажа Эплбаўм.

Яна ўзгадвае, што яе дзяды размаўлялі толькі па-ангельску і ніхто зь іх ня ведаў моваў Усходняй Эўропы. Сувязь з тымі землямі была цалкам страчаная.

«Мо прадзед ня меў добрых успамінаў з Кобрыні. А мо Кобрынь сталася для яго гісторыяй, на якую лепш было проста забыцца? Так большасьць яго пакаленьня ўспрымала эміграцыю. Калі яны абралі эміграцыю ў Амэрыку, дык, значыць, хацелі быць амэрыканцамі і страцілі цікавасьць да таго, што было раней. Калі вядома, што лепш, то дзецям не гаворыцца пра мінулае, каб выпадкова яны ня вырасьлі чужынцамі». (Цытата з кнігі)

Але ў 90-я гады Эн Эплбаўм захацела пабачыць Беларусь.

«У Беларусі я была некалькі разоў на пачатку 1990-х. Некалькі разоў у Менску, Кобрыні, пераважна заходняй частцы. У той час Беларусь была яшчэ больш савецкай, чым Украіна. Гэта была савецкая рэспубліка, якая ня мела дагэтуль рэальнай незалежнасьці. Для мяне тады было абсалютна няясна, якая ў беларусаў сьвядомасьць і якой яна павінна быць. У мяне было шмат неверагодных размоваў з цікавымі людзьмі, якія расказалі, кім яны хочуць быць і як бачаць Беларусь у будучыні», — гаворыць Эплбаўм.

Знайсьці сьляды сваёй сям’і ў Кобрыні ёй не ўдалося. Нават будынак былой сынагогі, дзе мог маліцца яе прадзед, быў ператвораны ў бровар. Эплбаўм выправілася на пошукі ідэнтычнасьці зямлі, адкуль у Амэрыку уцёк яе прадзед.

«Мы забыліся, колькі аптымізму ў нас было ў 1990-я»

​У кнізе аўтарка распавядае пра сустрэчу з «паэтам Ігарам». Гэта адбылося ў Менску, «у брыдкім горадзе, пра выгляд якога ніхто ня дбаў, бо ніхто не пачуваўся зьвязаным зь ім, у горадзе без душы», які, як піша Эплбаўм, «душыўся ва ўласным брудзе, тлумах людзей, чэргах, паху нямытых целаў, дыме цыгарэтаў».

«​— Мы, маладыя беларусы, можам быць як багі, мы можам ствараць сьвет, называць рэчы па-новаму. Дзе, як ня тут, я магу зрабіць першы пераклад Дэрыды ці апублікаваць першую працу пра Гэгеля. Маем шанец стварыць літаратурную традыцыю і паўплываць на кірунак думкі наступных пакаленьняў»​. (Цытата паэта Ігара з кнігі)


«Беларусы, зь якімі я размаўляла, верылі, што так і будзе. Я даведалася шмат пра гісторыю Беларусі, пра гісторыю тых мясьцін, дзе я была. За гэты час, вядома, шмат што зьмянілася. Мая кніга можа быць для кагосьці проста цікавай старонкай гісторыі. Але важна, што мы забыліся, колькі аптымізму ў нас было ў 1990-я і як шмат людзей спадзяваліся, што змогуць зьмяніць свае краіны так, як яны пра гэта мараць. Калі не дасягнуць поўнай дэмакратыі, то прынамсі пабудаваць грамадзянскую супольнасьць і справядлівае грамадзтва. Шмат людзей у Беларусі тады казалі мне пра гэта», — узгадвае Эплбаўм праз больш як 20 гадоў пасьля паездкі ў Беларусь.

За гэты час у рэгіёне адбыліся неймаверныя зьмены. Суседкі Беларусі Літва і Латвія ўступілі ў Эўразьвяз і NATO. Польшча, у якой зь Беларусьсю былі вельмі падобныя стартавыя магчымасьці ў 90-я, стала прывабным месцам для эміграцыі беларусаў. Што адбылося і куды зьнік той аптымізм, які Эплбаўм пабачыла ў беларусах у 90-я?

Паводле Эплбаўм, беларусаў падвяло тое, што было шмат веры ў новыя эліты, але краіна ня мела досьведу дэмакратыі. Замест таго быў страх, ці ўдасца збудаваць новыя інстытуцыі.

«Кожны абраў свой уласны шлях. Палякі былі дастаткова адважнымі, а магчыма, нават адчайнымі, каб прымаць вельмі драматычныя рашэньні ў 1990-я. Яны імгненна разьвярнулі сваю краіну на Захад і пачалі праводзіць радыкальныя рэформы. Шмат для каго гэта стала шокам і драмай, але эканоміку лепш зьмяняць хутка, чым павольна. У Польшчы доўгая гісторыю апазыцыйнага руху, палякам было значна прасьцей падарожнічаць на Захад. Там было цэлае пакаленьне, гатовае ўзяць на сябе адказнасьць за дзяржаву. Яно мела яснае ўяўленьне, якую краіну хоча будаваць. У Беларусі ж людзі функцыянавалі доўгі час ў адной палітычнай сыстэме і ня ўсе былі гатовыя яе зьмяніць», — лічыць Эплбаўм.

«Не чакаць распаду Расеі, а будаваць прывабную ідэнтычнасьць»

​Сёньня афіцыйны Менск кажа, што будуе імідж дзяржавы-маста, які злучае Ўсход з Захадам і кажа пра сваю шматвэктарнасьць у замежнай палітыцы. На думку Эплбаўм, такі выбар у месцы, дзе знаходзіцца Беларусь, можа быць толькі тэарэтычным. Калі зьменіцца сытуацыя ў рэгіёне, Беларусі давядзецца рабіць выбар: быць часткай тэрыторыі расейскага ўплыву або складнікам Захаду.

«Раней мы думалі, што нам не давядзецца рабіць такога выбару, бо эканамічныя сыстэмы розных краін інтэграваныя і блізкія. Але цяпер бачна, што выбар давядзецца рабіць. Аднак найважнейшае, што гэты выбар ёсьць: або быць часткаю эўраазійскай цывілізацыі з эўразійскай эканомікай, або часткаю заходняй сыстэмы. Пакуль ніхто не стаіць перад такім драматычным выбарам наўпрост, але мы ўсё бліжэйшыя да такой сытуацыі», — лічыць журналістка.

Пра гэтае набліжэньне сьведчыць рост расейскага ўплыву ў Эўропе. Паводле Эплбаўм, расейскія грошы купляюць значна больш ўплыву ў Эўропе, чым людзі і тэхналёгія. Магутны ўплыў Расеі, на яе думку, у інтэрнэце. Расейцы купляюць палітыкаў і ўплыў у заходніх краінах. І ўсё гэта, хутчэй за ўсё, значна шырэйшае, чым мы думаем, лічыць яна і дадае, што ад расейскага ўплыву не абароненая аніводная краіна. Ігнараваньне расейскай пагрозы адміністрацыяй Барака Абамы Эплбаўм называй сур’ёзнай памылкай. У распад Расеі журналістка ня верыць і само гэтае пытаньне падаецца ёй недарэчным.

«Я не хачу займацца прадказваньнем будучыні. Думаю, што для краін рэгіёну больш эфэктыўным будзе ствараць свой уласны патэнцыял. Трэба будаваць сваю дзяржаву, сваю нацыю і рабіць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць прывабнымі. Ніхто не захоча быць беларусам, калі гэта не дынамічна, нецікава і непрывабна. Трэба ствараць цікавую беларускую культуру і нацыю, а не чакаць, пакуль Расея распадзецца. Сёньня кожны чалавек — журналіст і выдаўца. Кожны мае профілі ў сацыяльных сетках. Кожны можа змагацца за праўду, што раней было проста немагчыма», — гаворыць Эплбаўм.

Крызыс прывабнай нацыянальнай ідэнтычнасьці яна пабачыла ў свой час на ўласныя вочы. Супрацоўніца музэю Міцкевіча ў Наваградку, расейка, прызналася Эплбаўм, што марыць быць полькаю, бо Польшча больш сучасная і цікавая. Або яе польскамоўная бабуля, якая нават праз паўстагодзьдзя пасьля вайны лічыла, што «за Польшчай» жылося лепш, і прызналася, што ня любіць габрэяў, расейцаў і беларусаў.

«Усім "адкрыўцам" Беларусі заўсёды было прасьцей сказаць, кім беларусы ня ёсьць: палякамі, расейцамі, украінцамі. Значна складаней было сфармуляваць, кім яны ёсьць. Паколькі ў беларусаў не было дзяржавы, то не было і лідэраў. Ня маючы шляхты, яны ніколі не нарадзілі кіраўнікоў паўстаньняў, такіх як украінскія казакі. Ня маючы ані каралёў, ані правадыроў, мелі за сабою гісторыю акупацыі. Яны ніколі не каштаввалі незалежнасьці, і нават, горш за гэта, да пачатку XX стагодзьдзя яны не спрабавалі, адрозна ад украінцаў, яе здабыць» - цытата з кнігі

Беларусі трэба нацыяналізм

Падчас Майдану ў Кіеве Эплбаўм напісала артыкул пад назвай «Украіна сёньня патрабуе нацыяналізму». На яе думку, менавіта нацыяналізм зможа разбурыць заганнае кола і ў Беларусі.

«Калі я казала пра Ўкраіну, то мела на ўвазе ўкраінскі патрыятызм. Патрэбныя людзі, якія інвэстуюць у сваю дзяржаву, працуюць на карысьць яе посьпеху. Ва Ўкраіне цэламу пакаленьню было не да таго, іх свая краіна ўвогуле мала цікавіла. Яны не маглі рэалізаваць сваіх ідэяў, бо проста іх ня мелі. Дэмакратыя, якой мы яе ведаем сёньня, магчымая толькі ў нацыянальнай супольнасьці. Мо некалі гэта зьменіцца, але пакуль гэта так. У такой супольнасьці людзі адчуваюць адказнасьць адзін за другога, хочуць, каб у іх была эфэктыўная і пасьпяховая дзяржава. Калі гэтага пачуцьця няма, то вельмі складана пабудаваць дэмакратыю. Гэта трэба і Беларусі», — кажа Свабодзе публіцыстка.

Яна дадае, што пад тэрмінам «нацыяналізм» мае на ўвазе не этнічны нацыяналізм, а патрыятызм і пачуцьцё супольнасьці, адчуваньне народам сваёй гісторыі. У Беларусі 90-х яна гэтага не пабачыла.

«Калі я туды трапіла, гэты рэгіён больш за сорак гадоў быў у цісках савецкай улады, і часам здавалася, што мінулае ўсё яшчэ прысутнічае і прыгнятае рэчаіснасьць. Былі дні, калі здавалася, што ўсе могуць гаварыць толькі пра трагізм, пра свае ўспаміны, напоўненыя пачуцьцём горычы». (Цытата з кнігі)

Але нішто ня дадзена назаўсёды, кажа Эплбаўм. Ніводная краіна ня будзе назаўсёды ў тым самым стане, што і цяпер. Ніводная краіна не асуджаная навечна разьвівацца па адным сцэнары.

«Дастаткова паглядзець на Эўропу і сьвет, каб пабачыць, як драматычна краіны зьмяняюцца. Я магу ўявіць, як людзі ва Ўсходняй Эўропе, якія змагаюцца з аўтарытарызмам глядзяць на багатыя краіны Захаду, што выбіраюць папулістаў. Дэмагогі абяцаюць ім былую веліч, клічуць недзе назад, апэлуюць да стабільнасьці і настальгіі. Гэта адмноўны бок глябалізацыі і хуткасьці працэсаў у сучасным сьвеце. Таму кожная краіна можа зьмяніцца. Беларусь таксама можа. Гэта пытаньне адукацыі, а геапалітыкі, магчыма, нават у меншай ступені. Беларусь у сваёй гісторыі была блізкаю з Расеяй гэтаксама, як і з Польшчай. Але Беларусь ніколі не была асуджаная толькі на расейскі ўплыў. Беларусь таксама, як і Польшча, можа павярнуцца на Захад», — лічыць журналістка.

«Вы больш ня можаце разьлічваць на Злучаныя Штаты»

​Ключ да зьменаў, на яе думку, знаходзіцца не ў міжнароднай палітыцы, а ў пераменах унутры самой Беларусі.

«Паглядзіце на Польшчу ў камуністычныя часы і цяпер, з выняткам апошніх двух гадоў, калі правыя ў Польшчы ўзялі рэванш. Параўнайце, якія перавагі гэтая краіна мае пасьля дэмакратызацыі і што было пры аўтарытарызьме. Гучыць жахліва, але я думаю, што вы больш ня можаце разьлічваць на Злучаныя Штаты як на гаранта міжнародных дамоваў. Магчыма, пазьней, калі наступны прэзыдэнт пасьля Трампа выправіць многія ягоныя памылкі. Ён гатовы перакуліць усё дагары нагамі, адмовіцца ад хаўрусьнікаў. Але пакуль, прынамсі, вакол яго ёсьць людзі, якія гатовыя яго стрымліваць. Аднак усё гэта выглядае вельмі нестабільным. Невядома, ці побач зь ім заўсёды будзе генэрал Мэтыс і што будзе пасьля яго звальненьня», — кажа Эплбаўм.

Што ў такой сытуацыі можа гарантаваць незалежнасьць Беларусі? Хто стане на бок беларусаў у выпадку гіпатэтычнага канфлікту з Расеяй?

«Шмат залежыць ад таго, што будуць рабіць самі беларусы. Намаганьні прыцягнуць Беларусь на захад рабіліся, і немцамі, і палякамі, але яны не былі пасьпяховыя. Калі Расея нападзе на Беларусь, як на Ўкраіну, а беларусы пойдуць добраахвотнікамі на расейскі бок, то Захаду абараняць Беларусь будзе складана. Я б вельмі хацела спадзявацца, што гарантыяй беларускай дзяржаўнасьці стаў бы Эўрапейскі Зьвяз. Але ў гэты момант ён засяроджаны на сабе. Я лічу, што беларусам трэба цяжка працаваць, каб пераканаць Эўропу, што вы яе частка, што вы пачуваецеся часткаю гэтай цыівілізацыі. Даказаць так, каб яны адчулі гэтае сваяцтва з вамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG