Пайпс нарадзіўся ў 1923 годзе ў Польшчы ў габрэйскай сям’і, якая пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны ўцякла праз Італію ў ЗША. Служыў у амэрыканскай вайсковай выведцы.
Быў дарадцам амэрыканскіх прэзыдэнтаў у пытаньнях Савецкага Саюзу. У 1981-1982 гадах узначальваў усходнеэўрапейскі і савецкі аддзелы Рады нацыянальнай бясьпекі, дзе займаўся пытаньнямі замежнай палітыкі ЗША ў рамках дактрыны Рэйгана. Прытрымліваўся цьвёрдых антыкамуністычных поглядаў. У 1976 годзе ён узначальваў «Каманду B» у ЦРУ, створаную для аналізу палітычнай і ваеннай стратэгіі СССР.
Трылёгія Пайпса «Старарэжымная Расея», «Расейская рэвалюцыя» і «Расея бальшавікоў» лічыцца адной з ключавых прац па гісторыі Расеі і СССР, напісаных на Захадзе.
Прыводзім некаторыя цытаты зь першай кнігі (1974), якія дапамогуць лепш зразумець гістарычны шлях Расеі і ейны цяперашні стан.
Пра мэсіянскасьць лідэраў Расеі
«Заходнія людзі, якія наведалі Расею ў XVI–XVII стст, былі ашаломленыя ганарыстасьцю, зь якой яны сутыкнуліся ў Маскве. Паводле назіраньняў езуіта Антоніё Пасэвіна, якога папа накіраваў паслом да Івана IV, цар быў абсалютна перакананы ў тым, што зьяўляецца самым магутным і наймудрэйшым кіраўніком у сьвеце. Калі ў адказ на ягоную пахвальбу Пасэвіна ветліва нагадаў Івану пра іншых славутых хрысьціянскіх князёў, той спытаў хутчэй пагардліва, чым зь недаверам: „Дык колькі ж іх на сьвеце?“. Жыхары Масквы, як убачыў Пасэвіна, падзялялі думку свайго лідэра».
Пра ваяўнічасьць Расеі
«Вайсковая арганізацыя рабілася проста неабходнай, бо безь яе нельга было праводзіць настолькі жыцьцёва важную для народна-гаспадарчага дабрабыту Расеі калянізацыю. У такім выпадку можна было чакаць, што Расея створыць рэжым, падобны на „дэспатычны“ або „азіяцкі“. У Расеі рэжым „усходняй дэспатыі“ зьявіўся ў сувязі зь неабходнасьцю эфэктыўнага цэнтральнага кіраваньня, які быў здольны арганізоўваць збор і разьмеркаваньне вады для ірыгацыі».
Пра тое, як Масква пачала расьці
«У 1300 годзе Маскоўскае княства займала прыблізна 20 тысяч кв. км. У тую пару яно было адным з найменшых удзелаў. Але наступныя паўтара стагодзьдзя рост яго адбываўся ў асноўным за кошт суседзяў на ўсходзе і паўночным усходзе. Асабліва каштоўным здабыткам было Ніжагародзкае княства, якое Маскве падараваў хан Залатой Арды ў абмен на дапамогу супраць аднаго зь ягоных супернікаў. Пасьля гэтага Масква пачала расьці дзякуючы захопам. Калі Масква вызвалілася ад ардынскага валадарства, яна стала паводзіць сябе ў духу засвоеных у Арды паняцьцяў пра паводзіны сувэрэнных дзяржаваў».
Пра тое, як Масква зьнішчала канкурэнтаў
«Калі Масква захапіла Ноўгарад, то апошняму давялося разьвітацца са сваімі вольнасьцямі. Масква зьліквідавала ўсе інстытуты самакіраваньня, уключаючы веча, вечавы звон, які стагодзьдзямі склікаў гараджанаў на сход. Яго зьнялі і адвезьлі ў Маскву. Настойваючы на ліквідацыі веча, Іван паводзіў сябе гэтаксама, як манголы, калі яны да гэтага заваявалі Русь. Наўгародцам удалося толькі дамагчыся ў свайго новага гаспадара абяцаньня, што ім не давядзецца служыць за межамі наўгародзкай тэрыторыі. Але з часам Масква забіла або выгнала ўсе наўгародзкія сем’і, якія стварылі веліч гэтага гораду».
Пра тое, як цары прыватызавалі Расею
«Цары здолелі ператварыць Расею ў вялікі маёнтак кіроўнага роду. Парадак кіраваньня, які існаваў калісьці ў прыватных уладаньнях, набыў палітычны характар і хутка навязваўся ўсёй краіне, пакуль не ахапіў усе часткі імпэрыі. У гэтай дзяржаве цар стаў сэньёрам, насельніцтва — халопамі, а зямля і іншая маёмасьць — ягонай уласнасьцю. Гэты лад даў маскоўскім уладарам такі мэханізм для выкарыстаньня працоўнай сілы і рэсурсаў, зь якім не магла раўняцца ніводная эўрапейская або азіяцкая ўлада. Пераўтварэньне Расеі ў вотчыну свайго кіраўніка заняло два стагодзьдзі. Працэс гэты пачаўся ў сярэдзіне XIV ст. і скончыўся ў сярэдзіне XVII.
Ідэя дзяржавы адсутнічала ў Расеі да сярэдзіны XVII ст. і нават пасьля свайго зьяўленьня не была добра засвоеная. А паколькі не было канцэпцыі дзяржавы, не было і канцэпцыі яе наступства — канцэпцыі грамадзтва».
Пра эксплюатацыю расейцаў
«Маскоўская служылая кляса, ад якой узьніклі па прамой лініі дваранства эпохі імпэрыі і камуністычны апарат савецкай Расеі, ёсьць унікальная зьява ў гісторыі грамадзкіх інстытутаў. У заходняй гісторыі няма тэрміну, які б адпавядаў ёй цалкам. Гэта была рэзэрва кваліфікаванай рабочай сілы, якую дзяржава выкарыстоўвала для выканьня ўсіх і ўсялякіх патрэбных ёй функцый: ваеннай, адміністрацыйнай, заканадаўчай, судовай, дыпляматычнай, гандлёвай і прамысловай. Тая акалічнасьць, што яна жыла амаль выключна на сродкі з эксплюатацыі зямлі і працы прыгонных, паўплывала на зьменлівасьць расейскай гісторыі, а менавіта недахоп наяўнага капіталу. 99,7% расейцаў не належалі да служылага саслоўя і духавенства. Яны несьлі абавязкі, якія называліся „цягла“».
У XIII–XIV стст. разам зь ліквідацыяй у большай частцы Заходняй Эўропы фэадальнага ладу зьнікла і прыгоннае права, а былыя прыгонныя сталі арандатарамі. У Расеі ж, наадварот, большасьць сельскага насельніцтва ператварылася з арандатараў у прыгонных, недзе паміж 1550 і 1650 гг., то бок у той самы час, калі манархія, вызваліўшыся ад апошніх перажыткаў удзельнага партыкулярызму, стала абсалютнай гаспадыняй краіны. Як і абавязковая служба для земляўласьнікаў, прыгон сялян стаў адным з этапаў ператварэньня Расеі ў царскі маёнтак».
Пра мэту імпэрыялізму
Атрымаўшы падчас падзелаў Рэчы Паспалітай землі, якія яна разглядала як сваю законную вотчыну, Расея затым паглынула ў 1815 годзе Польскае каралеўства, якім ніколі не валодала, і нават заявіла прэтэнзіі на Саксонію. Варта ёй было завалодаць паўночным узьбярэжжам Чорнага мора і яго партамі, што не замярзаюць, як яна прад’явіла права на яго паўднёвы бераг з Канстантынопалем і пралівамі. Атрымаўшы выхад да Балтыйскага мора, яна захапіла Фінляндыю. Паколькі новыя заваёвы заўсёды можна апраўдаць неабходнасьцю абараняць старыя, лягічным завяршэньнем такой філязофіі зьяўляецца заваяваньне ўсёй плянэты. Бо толькі ў такім выпадку можна лічыць, што гэтая дзяржава гарантавала бясьпеку сваіх уладаньняў ад вонкавай пагрозы.
А вось цытата расейскага філёзафа Пятра Чаадаева пра Расею:
«Гаворачы пра Расею, увесь час уяўляюць, быццам гавораць пра такую ж дзяржаву, як і іншыя; папраўдзе гэта зусім ня так. Расея — цэлы асаблівы сьвет, пакорны волі, самадурству, фантазіі аднаго чалавека, а завецца ён Пятром ці Іванам, ня ў тым справа: ва ўсіх выпадках аднолькавае гэта — увасабленьне самавольства. У супрацьлегласьць усім законам чалавечага суіснаваньня Расея ідзе толькі ў кірунку свайго ўласнага паняволеньня і паняволеньня ўсіх суседніх народаў. І таму было б карысна ня толькі ў інтарэсах іншых народаў, а і ў ейных уласных інтарэсах прымусіць яе перайсьці на новыя шляхі».
Пра апантанасьць Расеі вайной
«Можна прапанаваць два тлумачэньні апантанасьцю вайсковай магутнасьцю і тэрытарыяльнай экспансіяй.
Адно зь іх звязана з тым, якім чынам ішло стварэньне нацыянальнай дзяржавы ў Расеі. Паколькі ў барацьбе за абсалютную ўладу маскоўскім уладарам трэба было здабыць ня толькі самадзяржаўны, але і адзінадзяржаўны статус, з тых часоў яны інстынктыўна атаясамлівалі дзяржаўную ўладу са здабычай тэрыторыі. Экспансія ўшыркі, па зямной паверхні, ішла ў іх галовах поплеч з экспансіяй углыб, у сэнсе ўсталяваньня над падданымі палітычнай улады, якая была для іх неад’емным складнікам сувэрэнітэту.
Другое тлумачэньне зьвязана з адвечнай беднасьцю Расеі і бясконцай пагоняй яе жыхароў за новымі рэсурсамі, асабліва за ворнай зямлёй. Кожная буйная заваёва расейскай дзяржавы неадкладна суправаджалася масавымі раздачамі земляў служыламу саслоўю, кляштарам і адкрыцьцём новазаваяваных тэрыторыі для сялянскай калянізацыі».
Пра раздачу чужога багацьця
Як вядома, Кацярына II любіла выкарыстоўваць зямельныя падарункі для ўмацаваньня свайго хісткага становішча ўнутры краіны. З прыблізна 800 тысяч прыгонных мужчынскага і жаночага полу, падараваных Кацярынай дваранам у пэрыяд свайго валадараньня, больш за палову паходзілі з земляў, адабраных зброяй у Рэчы Паспалітай. Тут у нас ёсьць відавочны доказ таго, што за высокімі лёзунгамі «нацыянальных задач» хавалася папраўдзе зусім трывіяльнае імкненьне да захопу чужых багацьцяў для задавальненьня ненаеднага апэтыту Расеі на зямлю і спадарожнага ўмацаваньня пазыцый манархіі ўнутры краіны».
Пра безабароннасьць расейскіх сялянаў перад чынавенствам
«Сялянам забаранялася скардзіцца на памешчыкаў і проста даваць паказаньні ў судзе, таму яны ня мелі ніякай абароны супраць любой асобы, надзеленай уладай. Як мы ведаем, абшарнікі вельмі рэдка карысталіся сваім правам высылаць прыгонных у Сібір, аднак сам факт, што яны маглі гэта зрабіць, служыў добрай прыладай запалохваньня. Гэта толькі адзін з прыкладаў самавольства, якому падвяргаліся прыгонныя. Напрыклад, у 1840-х і 1850-х гг., чакаючы адмены прыгоннага права і спадзеючыся скараціць колькасьць сялян, якія працуюць у полі, каб дзяліцца зямлёй зь імі як мага менш, памешчыкі ціха перавялі ў дваровыя больш за паўмільёна прыгонных. Абароны ад такіх выхадак шукаць не было дзе».
Пра важнасьць алькаголю
«Аповесьць мінулых часоў», апавядаючы аб навярненьні Русі ў хрысьціянства, гаворыць, што кіеўскія князі не спынілі свайго выбару на ісламе празь яго забарону на сьпіртныя напоі. «Руси есть веселие пити, не может без него быти», — быццам заявіў князь кіеўскі Ўладзімір мусульманскім пасланьнікам, якія прыехалі схіліць яго на свой бок. Гісторыя гэтая, зразумела, апакрыфічная, аднак яна, так бы мовіць, кананізуе п’янства як нацыянальнае захапленьне. Да XVI ст. расейцы пілі медавуху і пладовае віно. Затым яны навучыліся ў татараў мастацтву гнаць сьпірт».
Пра расейскага селяніна
«Падобна іншым „першабытным“ істотам, расейскі селянін валодаў слаба разьвітым паняцьцем уласнай асобы. Асабістыя сымпатыі і антыпатыі, асабістае славалюбства і самасьвядомасьць звычайна раствараліся ў сям’і ці ў абшчыне, прынамсі да таго часу, як селянін атрымаў магчымасьць зьбіраць вялікія капіталы, і тады набытчыцкія інстынкты палезьлі вонкі ў самай выродлівай форме. Вясковая абшчына, „мір“, стрымлівала антысацыяльныя інстынкты мужыка — калектыў быў вышэй за сваіх індывідуальных чальцоў.
Селянін дасканала ўсьведамляў розьніцу паміж сабе роўнымі і вышэйшымі. Усякага чалавека, не надзеленага ўладай, ён называў братам, а таго, хто мае ўладу, зваў бацькам ці, крыху больш фамільярна, бацюшкам. Да роўных сабе ён зьвяртаўся на зьдзіўленьне цырымонна. Вандроўнікі, якія прыяжджалі ў Расею, дзівіліся, наколькі ветліва віталіся адзін з адным сяляне, кланяючыся і прыўздымаючы шапку. Адзін падарожнік адзначае, што ў палітэсе яны нічым не саступалі парыжанам, якія ходзяць па Boulevard des Italiens. Перад вышэйшымі яны або „білі чалом“ (звычка, набытая пры манголах), або рабілі паясны паклон. Іншаземцы адзначаюць таксама весялосьць селяніна, любоў да гульняў і песень, яго дабрадушны нораў: нават быўшы моцна п’яным, ён рэдка лез у бойку».
Пра што расказвае расейскі сялянскі фальклёр
«Аднак варта азнаёміцца пасьля гэтых апісаньняў зь сялянскімі прыказкамі, як непрыемна зьдзівісься адсутнасьці ў іх мудрасьці ці спагады. У іх праступае грубіянскі цынізм і поўная адсутнасьць грамадзкага пачуцьця. Этыка гэтых прыказак бязьлітасная і простая: клапаціся пра сябе і не трывожся пра блізкага. „Чужыя сьлёзы — вада“. Калі рэвалюцыйныя сацыялісты адправіліся ў 1870-х гг. „у народ“, каб абудзіць у ім абурэньне супраць несправядлівасьці, яны былі шакаваныя, што селянін ня бачыў нічога дрэннага ў эксплюатацыі як такой. Ён проста хацеў ператварыцца з аб’екта эксплюатацыі ў эксплюататара».
Пра рэлігійнасьць сялян
«У сваім рэлігійным жыцьці селянін праяўляў шмат вонкавай набожнасьці. Ён увесь час хрысьціўся, рэгулярна наведваў доўгія царкоўныя службы і выконваў пасты. Усё гэта ён рабіў зь перакананьня, што скрупулёзнае захаваньне царкоўных абрадаў (пастоў, таінстваў) і бесьперапынныя жагнаньні выратуюць ягоную душу. Аднак ён, здаецца, дрэнна разумеў, калі разумеў наагул, духоўны сэнс веры і рэлігію як лад жыцьця. Ён ня ведаў Бібліі і нават „Ойча наш“. Да папоў ён ставіўся з поўнай пагардай. Сувязь яго з хрысьціянствам была ўвогуле павярхоўнай і вынікала перш за ўсё з патрэбы ў формулах і абрадах, з дапамогай якіх можна было б трапіць на нябёсы. Цяжка не пагадзіцца з ацэнкай, выказанай Бялінскім у яго знакамітым лісьце да Гогаля:
„Па-вашаму, рускі народ — самы рэлігійны ў сьвеце: хлусьня! Аснова рэлігійнасьці ёсьць піетызм, глыбокая павага, страх Божы. А рускі чалавек прамаўляе імя Божае, пачухваючы сабе сраку. Прыгледзьцеся пільней, і Вы ўбачыце, што гэта па натуры сваёй глыбока атэістычны народ. У ім яшчэ шмат забабонаў, але няма і сьледу рэлігійнасьці“.
Пра тое, наколькі павярхоўнай была прыхільнасьць хрысьціянству ў масах, сьведчыць адносная лёгкасьць, зь якой камуністычнаму рэжыму ўдалося выкарчаваць праваслаўе ў сэрцы Расеі і замяніць яго сваім уласным эрзац-культам. З каталікамі, габрэямі, мусульманамі і сэктантамі зрабіць гэта аказалася больш складана».
Пра слабое значэньне сярэдняй клясы
«Чым жа тлумачыцца малаважнасьць расейскай сярэдняй клясы? Адразу ж напрошваецца адказ, зьвязаны са станам эканомікі краіны. Буржуазія паводле азначэньня ёсьць кляса, якая мае грошы, а, як вядома, у Расеі ў абароце грошай ніколі шмат ня было. Краіна была разьмешчаная занадта далёка ад галоўных шляхоў сусьветнага гандлю, каб зарабляць каштоўныя мэталы камэрцыяй, а свайго золата і срэбра ў яе не было, бо здабываць іх сталі толькі ў XVIII ст. Брак грошай быў дастатковай прычынай для затрымкі зьяўленьня ў Расеі багатай клясы, параўнальнай з заходняй буржуазіяй эпохі клясячнага капіталізму».
Пра этыку расейскага купца
«Дзелавая псыхалёгія расейскага купца захоўвала глыбокі левантыйскі адбітак. Тут мы знаходзім мала капіталістычнай этыкі зь яе упорам на сумленнасьць, прадпрымальнасьць і ашчаднасьць. На пакупніка і на прадаўца глядзяць як на супернікаў, заклапочаных тым, як бы абхітрыць другога; усякая ўгода — гэта асобнае спаборніцтва, у якім кожны бок імкнецца ўзяць верх і забраць сабе ўсе прызы. Несумленнасьць маскоўскага купца была прыпавесьцю, і яе ўвесь час падкрэсьліваюць ня толькі іншаземныя вандроўнікі, якіх можна было б западозрыць у перадузятасьці, але і мясцовыя аўтары».
Пра заходнія карані расейскай эканомікі
«Сучасную вугальную і сталеліцейную прамысловасьць Данецка і Крывога Рога заснавалі ангельцы, а фінансавалася яна сумесным ангельскім, францускім і бэльгійскім капіталам. Нафтавыя промыслы Каўказу былі пушчаныя ў ход ангельскімі і швэдзкімі прадпрымальнікамі. Немцы паклалі пачатак расейскай электратэхнічнай і хімічнай прамысловасьці. Агулам кажучы, заснаваныя прыгоннымі прадпрымальнікамі ў цэнтральных раёнах краіны ткацкія фабрыкі зьяўляліся адзінай галіной прамысловасьці, сапраўды створанай расейскімі людзьмі. Чыгуначны бум, у якім расейскі капітал браў найважнейшы ўдзел, калі ім не кіравалі вышэйшыя саноўнікі ці генэралы, ствараўся ў асноўным габрэямі і абруселымі немцамі. Бурны ўздым расейскай прамысловай вытворчасьці ў 1890-х гг., быў ня столькі натуральным працягам унутранага гаспадарчага разьвіцьця Расеі, колькі вынікам перасадкі ў яе заходніх капіталаў, тэхнікі і, галоўнае, заходніх арганізатараў індустрыі».
Пра заходні складнік савецкай эканомікі
«Цяжкая прамысловасьць на паравой і электрычнай цязе, якую стварылі іншаземцы ў 1880-1890-х гг., паслужыла базай савецкай эканомікі, якая да самага нядаўняга часу працягвала разьвіваць асновы першага пакаленьня мэханізаванай індустрыі, але аказалася няздольнай зрабіць рывок да мэтадаў аўтаматызаванай вытворчасьці, якія характарызавалі пасьляваенную эканоміку Захаду. І зноў расейскі ўрад быў вымушаны ў 1960–1970-х гг. абаперціся на заходні капітал і заходнюю тэхніку, за якія, як і цягам усёй сваёй гісторыі, ён расплачваецца сыравінай. Гэтым тлумачыцца недарэчная сытуацыя, калі праз паўстагодзьдзя пасьля рэвалюцыі, адной з мэт якой было вызваленьне Расеі ад „каляніяльнай“ эканамічнай залежнасьці, савецкі ўрад зноў запрашае замежны капітал і дае канцэсіі замежным прадпрыемствам».
Пра расейскую царкву
«Чаго можна было рэалістычна чакаць ад расейскай царквы? Праз сваю кансэрватыўную філязофію і традыцыйную залежнасьць ад дзяржаўнай улады яна ніяк не магла выступаць у якасьці лібэралізуючай сілы. Але яна магла зрабіць дзьве важныя справы. Найперш яна магла абараніць прынцып суіснаваньня сьвецкай і духоўнай улады, высунуты ў Эвангельлі ад Мацея (22:16–22) і падрабязна распрацаваны ў тэорыі Бізантыйскай царквы. Зрабіўшы гэта, яна дабілася б вярхоўнай улады над духоўным сьветам краіны і абмежавала б крыху гэтым сьвецкую ўладу. Не зрабіўшы гэтага, яна дазволіла дзяржаве прэтэндаваць на ўладу як над целам чалавека, так і над ягоным розумам, і такім чынам моцна спрыяла выродліваму ўплыву сьвецкай улады ў Расеі ў той час і нават у наступную эпоху».
Па-другое, яна магла б з горда ўзьнятай галавой пачаць барацьбу за самыя элемэнтарныя хрысьціянскія каштоўнасьці. Ёй варта было б пратэставаць супраць увядзеньня і распаўсюджваньня прыгоннага права, якое знаходзілася ў супярэчнасьці з хрысьціянскай этыкай. Ёй трэба было б асудзіць перасьлед грамадзян сьвецкімі ўладамі. Аднак яна не зрабіла ні таго, ні другога (за выключэньнем малалікіх выпадкаў) і паводзіла сябе так, як быццам ёй не было справы да аднаўленьня справядлівасьці. У выніку палітыка Расейскай праваслаўнай царквы ня толькі дыскрэдытавала яе ў вачах усіх, хто даражыў сацыяльнай і палітычнай справядлівасьцю, але і зрабіла духоўны вакуўм, запоўнены сьвецкімі ідэолягамі, што імкнуцца стварыць у гэтым сьвеце рай, які хрысьціянства абяцала ў сьвеце іншым».
Пра апазыцыю ў Расеі
«На ўсім працягу расейскай гісторыі „групы інтарэсаў“ змагаліся зь іншымі „групамі інтарэсаў“ і ніколі — зь дзяржавай. Імкненьне да пераменаў павінна было натхняцца не асабістымі інтарэсамі нейкай групы, а больш адукаванымі, дальнабачнымі і велікадушнымі матывамі, такімі як пачуцьцё патрыятызму, справядлівасьці і самапавагі».
Пра першага расейскага дысыдэнта
«Напэўна, на Русі спрадвеку былі незадаволеныя, аднак самым раньнім палітычным вальнадумцам, пра якога маюцца дакумэнтальныя сьведчаньні, быў князь І. А. Хварасьцінін, які жыў на пачатку XVII ст. На гэтага арыстакрата данесьлі ўладам, што ён не выконвае праваслаўнага абраду, трымае ў сябе ў бібліятэцы лацінскія кнігі, называе цара дэспатам і наракае, што „на Маскве людзей няма, увесь люд дурны, жыць табе няма з кім“. Ён „біў чалом“, каб яму дазволілі выехаць у ВКЛ, у чым яму адмовілі, і скончыў высылкаю ў далёкі паўночны манастыр. Хварасьцінін быў тыповым іншадумцам даінтэлігенцкай эры, знаходзіўся ў поўнай ізаляцыі і асуджаны быў памерці, не наклаўшы і самага малога адбітку на ход падзей. У XVII — пачатку XVIII стагодзьдзя незадаволенасьць была доказам бунту і таму вымушана была абмяжоўвацца прыватнымі размовамі».
Пра вечную нястачу грошай, нават калі яны былі
«Парадак, які панаваў у Лівоніі, якую Пётар адваяваў у Швэцыі, зрабіў на яго такое моцнае ўражаньне, што ў 1718 г. ён загадаў зрабіць дасьледаваньне тамтэйшай адміністрацыйнай сыстэмы. Дасьледаваньне паказала, што швэдзкі ўрад расходаваў на кіраваньне правінцыяй памерам у 50 тысяч кв. км столькі ж грошай, колькі расейскі выдаткоўваў на кіраваньне ўсёй імпэрыяй плошчай звыш 15 мільёнаў кв. км. Не спрабуючы зрабіць немагчымае і скапіяваць швэдзкія мэтады, Пётар разбурыў сыстэму кіраваньня ў Лівоніі.
Расейскія ўрады былі заўсёды абмежаваныя ў грашах і аддавалі перавагу траціць усе наяўныя сродкі на войска. Пры Пятру I на кіраваньне ў Расеі, якая ўжо тады была самай вялікай дзяржавай сьвету, ішло 135-140 тыс. рублёў на год, г. зн. ад 3% да 4% нацыянальнага бюджэту».
Пра карупцыю ў Расею
«Парадак кіраваньня, які існаваў у Расеі да 1917 г., грунтаваўся на своеасаблівай адкупной сыстэме, якая мела мала агульнага зь бюракратычным цэнтралізмам або з самакіраваньнем. Прататыпам яе зьяўляўся інстытут „кармленьня“, які існаваў у Маскоўскай Русі, пры якім чыноўніцтву давалася, па сутнасьці, неабмежаваная свабода эксплюатаваць краіну; узамен ад яго патрабавалі толькі аддаваць дзяржаве пэўную долю. Цара мала турбавала, што адбываецца зь лішкам, выціснутым з насельніцтва.
Хабарніцтва расейскіх чыноўнікаў (асабліва правінцыйных, і ўжо тым больш у губэрнях, аддаленых ад цэнтральных гарадоў) не было вынікам нейкіх асаблівых рысаў расейскага нацыянальнага характару або нікчэмнасьці людзей, якія выбіралі адміністрацыйную ніву. Яно спараджалася ўрадам, які, ня маючы сродкаў на кіраваньне, ня толькі стагодзьдзямі не плаціў заробку сваім чыноўнікам, але і проста раіў ім „карміцца ад спраў“. У Маскоўскай Русі права службоўцаў набіваць сабе кішэні ў нейкай ступені рэгулявалася тым, што яны маглі займаць пасады ў правінцыі толькі строга вызначаны тэрмін. Каб ваяводы, прызначаныя на „хлебныя“ пасады ў Сібір, не пераўзыходзілі нечага, што лічылася разумным парогам вымаганьня, урад выстаўляў на дарогах зь Сібіру да Масквы заставы, на якіх абшуквалі ваяводаў і іхныя сем’і, што вярталіся зь Сібіру. У іх адбіралі лішкі. Часта хітрыя ваяводы вярталіся дадому кружнымі шляхамі.
Такім чынам, карупцыя ў бюракратычным апараце дарэвалюцыйнай Расеі не была адхіленьнем ад агульнапрынятай нормы, як бывае ў большасьці іншых краін: яна зьяўлялася неад’емнай часткай сыстэмы кіраваньня. За стагодзьдзі хабарніцтва на Русі займела старанна распрацаваны этыкет».
Пра судовую сыстэму Расеі
Да рэформы 1864 г. урад не заводзіў крымінальных спраў, за выключэньнем тых выпадкаў, калі закраналіся ягоныя ўласныя інтарэсы. Судовы разбор у крымінальных і ўсіх грамадзянскіх справах адбываўся па хадайніцтве пацярпелага і звычайна нагадваў кірмаш, на якім перамагаў той, хто прапаноўваў усёмагутнаму сакратару суду большы хабар. Усё гэта мела вельмі згубнае ўзьдзеяньне на ўвесь лад расейскага жыцьця».
Пра тое, чаму камуністы мала што зьмянілі
«Людзі, якія прыйшлі ў кастрычніку 1917 г. да ўлады ў Расеі, вырасьлі пры рэжыме „надзвычайных“ і „часовых“ законаў, гэта была адзіная канстытуцыя, якую яны ведалі. За кожным зь іх у мінулым сачыла палітычная паліцыя царскага ўраду; яна абшуквала іх, арыштоўвала, трымала ў турмах і прыгаворвала да ссылкі. Яны змагаліся з цэнзурай і мелі справу з засланымі ў іхнае асяродзьдзе правакатарамі. Яны выдатна ведалі сыстэму знутры і, значыць, яе заганы. Іхнае ўяўленьне пра тое, якім павінен быць урад, было люстраным адбіткам царскага рэжыму, і тое, што ён празваў „крамолай“, яны назвалі „контрарэвалюцыяй“. Задоўга да прыходу да ўлады сацыял-дэмакраты кшталту Леніна і Пляханава не рабілі сакрэту з таго, што ня бачаць граху ў забойстве сваіх ідэалягічных супернікаў.
Таму не было нічога дзіўнага ў тым, што амаль адразу пасьля прыходу да ўлады бальшавікі пачалі адбудоўваць разбураны нядоўгім кіраваньнем дэмакратычнага Часовага ўраду апарат царскай палітычнай паліцыі».
Пра кола гісторыі
«Прыступіўшы неадкладна пасьля прыходу да ўлады да аднаўленьня паліцэйскай дзяржавы, Ленін і яго паплечнікі думалі, як у свой час і царскі ўрад. Яны лічылі, што ЧК, „рэўтрыбуналы“, масавыя пакараньні, лягеры прымусовай працы, ссылкі, цэнзура і таму падобныя рэпрэсіўныя інстытуты неабходныя для таго, каб выкарчаваць апошнія рэшткі царскага рэжыму. Думалі, што пасьля выкананьня гэтай задачы новаствораныя ўстановы будуць зьліквідаваныя. Аднак „часовыя“ рэпрэсіўныя меры камуністаў напаткаў той жа лёс, што і падобныя захады іхных папярэднікаў: іх рэгулярна працягвалі, і агульнае выкарыстаньне зьвязаных зь імі гвалтоўных акцый паступова перастала мець якое-небудзь дачыненьне да парадку, які яны былі закліканыя ахоўваць. Калі б бальшавіцкія правадыры чыталі больш кніг па гісторыі і менш палемічных трактатаў, яны здолелі б прадбачыць такі вынік.
Бо ідэя пра тое, што палітыка можа быць адгароджаная ад зьменлівасьці жыцьця і манапалізаваная якой-небудзь групай або ідэалёгіяй, ва ўмовах сучаснага сьвету беспэрспэктыўная. Любы ўрад, які ўпарта будзе паўтараць гэтую памылку, вымушаны будзе даваць усё большую ўладу свайму паліцэйскаму апарату і ўрэшце стане ягонай ахвярай».