Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы такія? (Не)прыдуманае інтэрвію з філёзафам Абдзіраловічам


Ігнат Канчэўскі
Ігнат Канчэўскі

Радыё Свабода працягвае цыкль гутарак са славутымі людзьмі, якіх даўно няма ў жывых. Праз такую незвычайную форму мы хочам нагадаць пра думкі і погляды гэтых людзей у сёньняшнім кантэксьце.

У гэтых інтэрвію прыдуманыя толькі пытаньні, але кожнае зь іх максымальна дапасаванае да тэматыкі адказу, каб ня ўвесьці чытача ў зман. Кожны адказ — гэта завершаная думка, без маніпуляцый. Гэта поўныя цытаты, якія можна зь лёгкасьцю адшукаць у публіцыстычных творах герояў інтэрвію.

Чарговая гутарка — зь беларускім філёзафам Ігнатам Канчэўскім (1896–1923). Яго выказваньні ўзятыя са зборніка эсэ і вершаў, выдадзенага сёлета ў выдавецтве Зьмітра Коласа.

Хто такі Канчэўскі (Абдзіраловіч):

  • беларускі філёзаф, паэт і публіцыст зь Вільні.
  • яго найважнейшым творам лічыцца эсэ «Адвечным шляхам», у якім ён сфармуляваў для беларусаў задачы і праблемы цывілізацыйнага выбару і далейшага разьвіцьця.
  • пражыў усяго 27 гадоў.

«Уплывы Захаду і Ўсходу круцілі і гвалцілі душу беларуса»

— Ігнат Уладзімеравіч, найперш віншую вас зь перавыданьнем твораў. Гэта добры падарунак да стагодзьдзя публікацыі «Адвечным шляхам», якое акурат сёлета, а для нас, тых, хто жыве сёньня, добрая нагода пабачыць, як за гэты час зьмініліся мы і сьвет, у якім мы жывём. Асабліва сёньня, у часе палітычнага крызісу ў Беларусі, калі зноў гучаць заявы ўлады і яе прапагандыстаў пра тое, што ідзе змаганьне Захаду і Ўсходу за Беларусь. Калі гэта ўсё пачалося?

— Беларусь ад Х веку і да гэтай пары фактычна зьяўляецца полем змаганьня двох кірункаў — заходняга і ўсходняга. Граніца абодвых уплываў, падзяляючы славянства на два станы, праходзіць праз Беларусь, Украіну і хаваецца ў балканскіх краёх. Дзесяцёхвяковае ваганьне сьведчыць аб тым, што беларусы, як украінцы і балканскія славяны, не маглі шчыра прылучыцца ні да аднаго, ні да другога кірунку. Мы не зрабіліся народам Усходу, але не прынялі й культуры Заходняй Эўропы. Ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая няпрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу.

— Чаму так атрымалася, што мы апынуліся да мяжы, якая вызначыла на тысячу гадоў нашую гісторыю і невядома колькі яшчэ буздзе вызначаць?

— У Х веку славяншчына прымае хрэст, а разам шмат чаго, як спадчыну з гаспадарсьцьвеннага, эканамічнага і духовага ўстрою Візантыцка-Рымскай Імпэрыі. Заходнія славяны бяруць лацінскі ўзор, усходнія — візантыцкі. Беларусь апыняецца паміж варожымі кірункамі. Об’ектыўны стан рэчаў вымагае прыняцьця новае культуры, але гэтая культура ня творыцца арганічна, а накідаецца неперапрацованая народным духам. Усходнія і заходнія славяны прымаюць эўрапэйскую культуру з яе формальнага боку. Беларусь з гэтага часу пачынае вагацца. Як тая Рагнеда, узятая ў палон кн. Валадзімірам, Беларусь павінна хрысьціць сваіх дзяцей пад прымусам на ўсходні ўзор, але выховавае іх на стары капыл паганцамі, у нялюбасьці да ўсходняга хрысьціянства. Прыхільнасьць да старой паганскай веры зрабіла тое, што ў XIII в. Беларусь злучаецца з «паганскай» яшчэ Літвой. Мусібыць, Зьніч літоўскага князя гарэў ярчэй, чымся крыжы кіеўскага князя і польскага караля.

— Але на арэну ўвайшла Масква і сапсавала, як вы пішаце, Літве-Беларусі зьдзейсьніць аб’яднаньне «ўсея Русі». Чаму?

— Візантыцкая культура з яе ідэяй самадзяржаўнасьці дапамагла Маскве стварыць з частак Русі, фінскіх і татарскіх земляў вялікую моцную дзяржаву. Беларускае ваганьне і нявыразнасьць зрабіліся ў тыя часы фатальнымі. Неакрэсьленая палітыка Вітаўта, яго прыхільнасьць да польскага шляхоцтва, яго нявызначаныя адносіны да беларускіх князёў і народу, зрабілі тое, што Беларусь траціць гаспадарсьцьвенную незалежнасьць, а разам і магчымасьць выказаць свой культурны твар. Паміралі паганскія багі, а новых так і ня прызнаў беларускі народ. Прышла рэфармацыя, кінуліся беларусы шукаць новае слова, але і новае слова іх не задаволіла. Толькі старыя муры па вёсках і мястэчках сьведчаць, што ў самае сэрца Беларусі прыйшло кальвінскае казаньне, але не затрымалася, памёрла. За ім прышло каталіцтва. І вось, прыпадкова, дзеля чыста-тэрыторыяльнай стычнасьці то з ўсходняй, то і заходняй культурай, беларусы падзяляюцца на дзьве часткі, але застаюцца варожымі і няпрыхільнымі да абедзьвюх.

Адвечным шляхам: эсэ, вершы, 2021 год
Адвечным шляхам: эсэ, вершы, 2021 год

— Сёньня, бадай, гэта ўжо неактуальна. За 100 гадоў Беларусь моцна ўніфікавалася, а адрозьненьні чыста сымбалічныя, магчыма, у архітэктуры.

— Да нашага часу беларускі народ ня ставіць апору ні ўсходняй, ні заходняй хвалі і яны вольна перакочваюцца над яго галавой. Уплывы Захаду і Ўсходу ў перакручаных, спэцыфічна славянскіх, часам карыкатурных выразах, круцілі і гвалцілі душу беларуса, толькі прымушаючы яго ўбачыць, што ў чужой скуры заўсёды дрэнна, што трэба вытварыць нешта сваё, роднае, блізкае, арганічнае. Шмат вякоў беларусы вялі змаганьне з чужынскімі варожымі ўплывамі за сваю душу, і, здаецца, прыбліжаюцца часы, што будзе яна вольнай.

«На Ўсходзе адвеку садзяць у турмы і зьневажаюць чалавека не за дзеі»

— Што б вы вызначылі як асаблівасьць усходніх уплываў? Які адбітак гэта магло пакінуць на беларусах?

— Найболей выразнаю адзнакаю іх характару зьяўляецца нахіласьць да ўсяго скрайнага, выразнага, ясна-падкрэсьленага. Усходні славянін ня любіць нічога палавіннага, вечна шукае нейкай агульнай, адналітай формы, якой і пасьвячае сваё жыцьцё. «Уся ўлада цару» — гэты покліч так блізкі па свайму палітычнаму зьместу да лёзунгу сучасных усходніх максімалістаў: «Уся ўлада саветам», і ў абодвых выпадках паказвае, што іх дух — не затрымліваецца пасярэдзіне, што кожную форму трэба правясьці ў найбольшай чыстаце. Калі велікарос незадаволены істнуючым, дык яго абхоплівае зуда перавярнуць ўсё дагары нагамі. Змаганьне на Ўсходзе ідзе да той пары, пакуль ня згіне апошні адкрыты вораг. Там компрамісу няма, уступкі ня робіцца ні ў аднэй драбніцы. Дзеля гэтага на Ўсходзе адвеку садзяць у турмы і зьневажаюць чалавека не за дзеі, а за тое, што ён голіць або ня голіць бараду, або ня так, як трэба, носіць вопратку.

— Во, гэта акурат тое, што цяпер робіцца ў Беларусі. Штрафы за бела-чырвоныя шкарпэткі і нулявая талераньнасьць да іншадумства.

— Усе драбніцы, усе абставіны жыцьця вымагаюць акрэсьленьня вызначанасьці. Ува ўсіх павінен быць адзін выгляд, адны пераконаньні, адзін погляд на жыцьцё. Гэтым тлумачыцца дзіцячая самапеўнасьць расейскіх камуністых, што яны ўсё жыцьцё пераробяць на адзін капыл.

«На Захадзе любую ідэю затруць, скароцяць, абцягнуць тысячамі компрамісаў»

— А што, на вашу думку, больш характэрна для Захаду?

— Ягоная культура, наадварот, уся вырасла на барацьбе з скрайнімі кірункамі, якія захацелі абхапіць жыцьцё цалком. У Заходняй Эўропе ня вытрымала спробы ідэя адзінай рэлігіі: каталіцтва не апанавала ўсіх краёў, а нарадзіла шмат пратэстанскіх вучэньняў, што далёка разыйшліся як ад свайго карэньня, так і паміж сабой. Не зрэалізавалася ідэя «Сьвяшчэннай Імпэрыі», хоць у працягу Сярэдніх вякоў гэтае пытаньне стаяла на чарзе. Імпэрыя рассыпалася на 5-6 неспадобных адзін да аднаго гаспадарсьцьвенных арганізмаў, разлучаных географічна і так сама разлучна пайшоўшых у сваім культурным жыцьці. Такі лёс кожнай шырокай ідэі, якая хоча абхапіць усё жыцьцё: яе ў Заходняй Эўропе затруць, скароцяць, абцягнуць тысячамі компрамісаў.

— Гэта хіба значна лепш за ўсходні аўтарытарызм і адсутнасьць дыялёгу ў розных пытаньнях?

— Наагул, у палітычным жыцьці ў праціўнасьць Ўсходу, дзе ня можа загінуць прынцып концэнтрацыі ўлады ў адных руках, або ў цара, або ў клясу, на захадзе ўся ўлада падзелена паміж уладаючымі клясамі, але ніхто ня мае поўнасьці ўлады і ня зусім адапхнуты ад яе. Наагул, варожыя кірункі шукаюць паразуменьня, ідуць на згоду, абяцаюцца падтрымліваць адзін аднаго.

З гэтага выплывае нейкі распыл жыцьця, істнаваньне шмат асобных, нічым ня зьвязаных часьцінак. Мір, як асобы, так і грамадзянства, ня зьвязаны нейкім аб’яднаньнем. Усё рассыпана, усё падзелена, воража настроенае жыве разам, згаджаецца, не протэстуе. Да часу пакуль няма значнай перавагі, аснова заходнеэўропэйскіх адносін — кампраміс.

«Вольнага разьвіцьця нашага духу не запяўняе ні заходняя, ні ўсходняя культура»

— Здаецца, выбар тут відавочны. Чаму тады беларусы вагаліся паміж гэтымі двума культурнымі тыпамі, ня ведаючы, да якога прылучыцца?

— Нам падабалася ўсходняя прастата, шчырасьць, адпаведнасьць выгляду нутранай сутнасьці, якія вызначаюць чалавека Ўсходу. Калі ён добры да каго, дык можа палажыць за яго сваю душу; калі ён кажа, што любіць, дык ня зробіць ніякае прыкрасьці. Гэта грунтоўная рыса Ўсходу нам вельмі падабалася, але ўгледжваючыся ў жыцьцёвыя абставіны мы прыкмецілі, што правесьці яе цалком у жыцьцё — немагчыма. Мы прыкмецілі, што апрача маны карыснай можа быць і ёсьць яшчэ мана сьвятая. Ня толькі дзеля карысьці і з прычыны нізкіх пабуджэньняў нельга называць сваіх ворагаў ворагамі, а з прычыны грунтоўнай нявыразнасьці жыцьця, калі часта самыя простыя рэчы трудна назваць іх уласнымі іменьнямі. Прыклады на кожным кроку даводзяць нам аб гэтым. Не аб кожнай рэчы можна пеўна сказаць, ці любіш яе, ці не, ці добрая яна, ці благая. Вялікі абшар жыцьця застаецца нявыразным цёмным і толькі з вялікай тугой гэта шэрае можна назваць белым або чорным.

— Гэта тое, што цяпер называюць «талерантнасьць і адкрытасьць» і што часта дагэтуль ненавідзяць на Ўсходзе.

— Тое, што Захад уцяміў гэтую праўду, нам вельмі спадабалася і было вельмі прынадна. Заходняе цьвярозае пачуцьцё здавалася нам зусім адпаведным да сапраўдных абставін жыцьця. З гэтага пачуцьця выплывае зах.-эўропэйская цярпімасьць да розных кірункаў людзкай думкі і яе праяваў, з гэтага вынікае і тое вельмі прыемнае асабістае захаваньне заходняга эўропэйца, якое сваей далікатнасьцю так адзначае яго ад простага і грубога Ўсходу.

Дык вось, нам вельмі падабалася і цягнула шчырасьць і вызначанасьць Усходу, а з другога боку — большая об’ектыўнасьць і болей чалавечае захаваньне Захаду. Жыцьцё вымагала сінтэзу, згарманізаваньня абодвых кірункаў, але гэта, як убачым, зрабілася немагчымым.

Ігнат Канчэўскі (1896 — 1923), псэўданімы Ігнат Абдзіраловіч, Ганна Галубянка
Ігнат Канчэўскі (1896 — 1923), псэўданімы Ігнат Абдзіраловіч, Ганна Галубянка

— Чаму?

— У сваёй акрэсьленасьці кірунку, нахілу ўсё даводзіць да канчатку, усяму даваць аднолькавую форму Ўсход даходзіць да абсурду. Як драбніца, вышла і тое, што Ўсход не прызнаваў нас як беларусаў, а вымагаў ад нас прыняцьця свайго ўсходняга выгляду, які, па ўсходняму разуменьню, быў абавязковым. «Славянские ручьи сольются в русском море» — вось як падгрунтовавалася абавязковасьць абмаскаліцца. 3 гэтага вынікае гвалт і ўціск нашай індывідуальнасьці, з гэтага — гвалтоўнае жаданьне адняць наш твар. Яны ня ўцямлялі, што разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці.

— Ну добра, калі мы ўбачылі, што Ўсход мае да нас такое стаўленьне, дык чаму не ісьці ў бок адкрытага Захаду і спыніць гэтую гульню ў шматвэктарнасьць?

— Захад ішоў да нас з прыемнай усьмешкай на рожавых вуснах, і мы гістарычна пазнаёміліся з гэтым ласкавым выглядам. Праўда, нашым бліжэйшым захадам былі славяне, палякі, і заходнія ўплывы прынялі ў іх спэцыфічна-славянскія выразы, але ўсё ж гэта быў Захад. Прынцып ня толькі ня лічыць шэрае чорным, але сьцерагчыся і белае назваць белым быў прыняты і нашымі суседзямі. І глыбокія народныя гістарычныя дасьледзіны навучылі нас, што калі заходні чалавек робіць вам прыемнасьць, дык гэта ня знача, што з яго боку ня будзе прыкрасьці. Яго пацалунак сьведчыць ня толькі аб прыхільнасьці, але і аб магчымасьці здрады, такія ўжо глыбокія, народныя дасьледзіны.

Гэтая рыса Захаду моцна адчувалася ў яго адносінах да нас. Ён прынёс нам найлепшыя ідэі: гуманістычныя, лібэральныя, дэмакратычныя, але разам з пекнымі словамі заўсёды зьмяшчаліся гвалт духоўны і эканамічны, эксплёатацыя, уціск, зьнявага. Пекныя словы і благія дзеі неяк дзіўна і незразумела для нас ужываліся ў заходнім жыцьці.

Векавое дасьвядчэньне кажа нам, што вольнага разьвіцьця нашага духу не запяўняе ні заходняя, ні ўсходняя культура, бо яны абяртаюцца ў формах гвалтоўнага, людаежнага мэсыянізму і розьніца між імі толькі ў назовах, лёзунгах, а іх аціскаючыя ланцугі — аднолькавы для нашага духу. Трэба шукаць на другіх шляхох...

«Трэба стварыць і адпаведныя, свае беларускія, формы жыцьця»

— Вы маеце на ўвазе той славуты і мітычны трэці шлях? Ці не летуценьні гэта?

— Каб запэўніць нашаму народу вольную творчасьць ува ўсіх галінах жыцьця, трэба стварыць і адпаведныя, свае беларускія, формы жыцьця. Гэта-ж зусім ясна, але ў сьветлым імкненьні духовага адраджэньня хаваецца і вялікая небясьпека: каб як замест чужацкіх мэсыянізмаў не стварыць свайго, уласнага, каб як знойдзеныя формы новага беларускага жыцьця не зрабіліся для нас саміх вялікай турмой і зьдзекам. Не на гэтай падставе збудуем нашу будучыню. Трэба шукаць на другіх шляхох. Трэба пазнаць, дзеля чаго сучаснае жыцьцё нашых суседзяў прыняло такія сьціскаючыя, гвалтаўнічыя, бяздушныя формы.

— Як, на ваш погляд, ня трапіць у гэтую пастку?

— Сапраўднай падставай жыцьця можа быць толькі творчасьць. Творчасьць на кожным кроку: у штодзеннай працы, у сямейных адносінах, у грамадзянскім руху. Мы робім з нашага жыцьця нямілую ні сабе, ні каму іншаму турму, і нярухомы, нятворчы дух пануе ў нашай панурай штодзённасьці. Бо ўсё гэта затрымлівае жыцьцё, пазбаўляе яго творчасьці. Хай ня будзе для чалавека нічога нярухомага, сьвятога: ні дактрын, хаваючых усё жыцьцё ў труну выразнай формы, ні зацьверджанай моралі на кожны дзень і гадзіну, на кожнае ўздыханьне. Хай ня будзе строгіх дырэктываў, падстава якіх незразумела і далёка пачуцьцю. Хай ня будзе «чалавекаў у футлярах», прыбраных золатам, з важнымі мінамі і пустых усярэдзіне, як тыя «гробы павапленыя». Павінна быць бязустанная творчасьць, адсутнасьць самаздаваленьня, вечнае шуканьне, вечнае імкненьне далей, у глыбіню жыцьця.

— Дык дзе шукаць?

— З глыбіні вякоў пазірае на нас Скарына, такі ж вагаўшыйся шукаючы, і, жагнаючы нас, кажа:

«Над зімнымі хвалямі Дзьвіны я быў візантыйцам — Юрым, а ў Кракаве, куды мяне пацягнула за эўрапэйскаю ведай, — лацінікам Францішкам. А дапраўды, я ня быў ні Юрым, ні Францішкам, а быў вольным, незалежным духам, якога вы шукаеце, духам агульна-чалавечым, толькі ў беларускай скуры. Шукайце ж!»

Наша пакаленьне павінна стаць апошняй чарадой пад пахмурным пажагнаньнем Скарыны: «І на ўсходзе, і на захадзе — шукайце!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG