Яна падтрымала дэмантаж помнікаў расейскаму вайскаводу Аляксандру Сувораву і «Заснавальнікам Адэсы», больш вядомага як помнік расейскай імпэратрыцы Кацярыне ІІ.
На пасяджэньні 30 лістапада больш за 90% дэпутатаў выказаліся за знос абодвух манумэнтаў, і ніводны не прагаласаваў супраць.
Пры гэтым рашэньне прадугледжвае ня толькі дэмантаж, але і «перанос» помнікаў.
Як паведаміў мэр гораду Генадзь Труханаў, большасьць адэсітаў, якія прагаласавалі, падтрымалі ідэю дэмантажу помнікаў. Пасьля рашэньне падтрымаў выканкам гарадзкой рады, піша ўкраінская служба Свабоды.
Ва ўкраінскіх гарадах захавалася вялікая колькасьць помнікаў, зьвязаных зь гісторыяй Расейскай імпэрыі. У прыватнасьці, у Адэсе стаіць помнік царыцы Кацярыне ІІ, якая мела дачыненьне да зьнішчэньня Гетманшчыны і Сечы і ўвядзеньня прыгоннага права ва Ўкраіне.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, выступаючы 27 кастрычніка на Валдайскім форуме, паўтарыў расейскі міт пра Кацярыну II як «заснавальніцу Адэсы», заявіўшы, што «нацыяналісты не адважваюцца» зьнесьці яе помнік у горадзе. Ён зноў адмаўляў сувэрэнітэт Украіны.
Гісторыкі кажуць, што насамрэч Адэса была заснаваная ў пачатку XV стагодзьдзя, у часы Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Помнік, які згадаў Пуцін, называюць помнікам «заснавальнікам Адэсы», а не Кацярыне як такой, хоць яе каменная статуя — цэнтральная фігура манумэнту.