Абвінавачаньні датычацца замаху на забойства, пагрозаў, перавышэньня паўнамоцтваў, а таксама нясеньня службы ў стане алькагольнага ап’яненьня.
Як паведамляе PAP са спасылкай на пракуратуру, вайскоўцу 25 гадоў. Ён служыць у 3-м батальёне Падгальскіх стралкоў 18-й Мэханізаванай дывізіі ад красавіка 2024 году. На мяжы жаўнер знаходзіўся ад пачатку сьнежня.
Інцыдэнт адбыўся 1 студзеня. Жаўнер са зброяй пакінуў лягер, дзе павінен быў несьці службу. На дарозе ён спрабаваў спыніць аўтамабіль, стрэліўшы ў паветра, а пасьля па машыне, затым схаваўся ў лесе. Празь некаторы час яго затрымала пошукавая група вайскоўцаў. Высьветлілася, што жаўнер быў нецьвярозым. Праверка паказала наяўнасьць 2 праміле алькаголю.
2 студзеня стала вядома, што ў машыне, якую спрабаваў спыніць вайсковец, ехалі мужчына і яго 13-гадовая дачка. Дзяўчынка змагла ўцячы з аўтамабіля, а бацька спрабаваў зьехаць. Паведамляецца, што адна з куляў, якія выпусьціў жаўнер, пацэліла ў пасажырскае месца. Ніхто не пацярпеў. Усяго ж жаўнер зрабіў ня менш за 65 стрэлаў. Прытым страляў ён ня толькі падчас спробы спыніць аўтамабіль.
Затрыманага дапыталі, калі той быў ужо цьвярозым. Ён прызнаўся, што выпіў, каб зьняць стрэс, зьвязаны са службай, і накіраваўся да найбліжэйшай дарогі. Таксама ён паведаміў, што памятае, як страляў у паветра, але ня памятае, каб страляў у бок аўтамабіля.
«Жаўнер, які страляў па машыне ў Мельніку, будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці і неадкладна звольнены са службы. Такія бандыцкія паводзіны недапушчальныя», — заявіў міністар абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш.
Форум