Улады Літвы лічаць, што КПЧ ААН прыняў рашэньне памылкова і паддаўся на маніпуляцыі, паведамляе Delfi.
Скаргу, як паведаміў Мін'юст Літвы, накіравала група людзей, якія назвалі сябе «этнічнымі рускімі»: Дзьмітры Глазкоў, Тацьцяна Брант, Анастасія Брант і Казімерас Юрайціс.
Пры гэтым вядома, што Юрайціс пасьля 2020 году выступаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і езьдзіў у Беларусь сустракацца з прадстаўнікамі ўлады. Аўтары скаргі ўказалі, што рашэньне аб зносе помніка ўшчамляе правы рускай нацменшасьці і права на павагу прыватнага і сямейнага жыцьця.
Адвакатам заяўнікаў у скарзе названы Станісловас Томас, якому з 2016 году забаронена прадстаўляць інтарэсы пазоўнікаў.
Мэмарыял на Антокальскіх могілках Вільні зьявіўся ў 1951 годзе, яго стварылі на месцы масавых пахаваньняў савецкіх байцоў, якія загінулі пры ўзяцьці Вільні ў ліпені 1944 году і пазьней. У брацкіх магілах пахаваныя 2906 салдат 3-га Беларускага фронту, 86 партызан, а таксама каля 150 савецкіх дзеячоў Літвы. У 1984 годзе ў цэнтры мэмарыялу паставілі скульптурную кампазыцыю з шасьцімэтровымі фігурамі савецкіх салдат.
Сёлета помнік выкрасьлілі са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, пасьля гарадзкія дэпутаты прагаласавалі за тое, каб зьнесьці яго як адзін з сымбаляў савецкай акупацыі Літвы. Гаворка ідзе толькі пра скульптуры, астатняя частка мэмарыялу і магілы застануцца некранутымі.
Выканаць знос зьбіраліся да 1 лістапада. Аднак цяпер працэс зацягваецца на нявызначаны тэрмін. Камітэт па правах чалавека ААН атрымаў скаргу і ўвёў часовыя меры абароны, гэта значыць забараніў зносіць помнік, пакуль скарга ня будзе разгледжана.
У літоўскім Мін'юсьце лічаць, што КПЧ ААН прыняў часовыя меры абароны беспадстаўна, зыходзячы з інфармацыі, якая ўводзіць у зман, а аўтары скаргі маніпулююць міжнароднымі інструмэнтамі абароны правоў чалавека. Па-першае, пазоўнікі не выкарыстоўвалі сродкі прававой абароны ў Літве, а гэта неабходная ўмова перад тым, каб зьвяртацца ў КПЧ ААН. Па-другое, сутнасьць скаргі не зьвязаная з пытаньнямі, якія адносяцца да кампэтэнцыі КПЧ, бо размовы аб зьнішчэньні магіл і мэмарыяла не ідзе.
«Маюць намер ачысьціць могілкі ад рэлікту савецкай мілітарысцкай ідэалёгіі, прыбяруць частку мэмарыялу — шэсьць стэл, якія паказваюць воінаў акупацыйнай савецкай арміі», — адзначыла міністэрства.
Мін'юст жа 6 кастрычніка накіруе ў КПЧ ААН свой адказ, у якім просіць як мага хутчэй адмяніць уведзеныя абмежаваньні. Але прызнае, што ў любым выпадку зьнесьці помнік да 1 лістапада ўжо не атрымаецца.