Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наклалі арышт на маёмасьць канцэрну ва Ўкраіне, які пастаўляў запчасткі для ВПК Расеі і Беларусі


Плякат на адной з акцый у Кіеве. Архіўнае фота
Плякат на адной з акцый у Кіеве. Архіўнае фота

Генэральная пракуратура Ўкраіны паведаміла аб перакрыцьці міжнароднага каналу паставак запчастак для ваенна-прамысловага комплексу і аб’ектаў крытычнай інфраструктуры РФ і Беларусі.

«Выяўлена, што прамыслова-інавацыйная група кампаній сямʼі былога народнага дэпутата Ўкраіны з 2014 году забясьпечвае дзяржаўныя прадпрыемствы Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь высокаэфэктыўным і энэргазьберагальным абсталяваньнем. Гэта неабходна для функцыянаваньня нафтагазаздабыўных, горназдабыўных, мэталюргічных, хімічных, вугальных, транспартных прадпрыемстваў і іншых структураў абаронна-прамысловага комплексу краіны-агрэсара. Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня гаспадары працягвалі супрацоўнічаць з агрэсарам. Яны арганізавалі пастаўкі праз падкантрольныя замежныя і расейскія фірмы-пракладкі. Менавіта гэтыя кампаніі адправілі „замову“ украінскаму вытворцу для патрэбаў замежнай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні генпракуратуры Ўкраіны.

Паведамляецца, што з 24 лютага па гэтай схеме пастаўлена камплектуючых ня менш чым на 190 млн грыўняў (больш за 5 мільёнаў даляраў). Пасьля атрыманьня стратэгічнай прадукцыі пасярэднікі адпраўлялі яе ў Расейскую Фэдэрацыю.

«У ходзе сьледчых дзеяньняў на заводзе і ў офісах канцэрна канфіскаваныя чарнавая бухгальтарская дакумэнтацыя, пашпарты, пячаткі і штампы, грашовыя сродкі і іншыя матэрыялы, якія пацьвярджаюць супрацьпраўную дзейнасьць. У аднаго з кіраўнікоў заводу і яго жонкі забралі пашпарты грамадзяніна РФ. Акрамя таго, падчас ператрусаў у „мэсэнджарах“ знайшлі перапіску фігурантаў, якія апраўдвалі расейскую агрэсію, кшталту „бедныя расейцы, іх давялі і прымусілі“, „Украіну забярэ РФ да канца 2023 году“, і інш»., паведамілі ў генпракуратуры.

Таксама паведамляецца, што накладзены арышт на маёмасьць канцэрну, у тым ліку на два заводы ў Сумах і Палтаве, гандлёвы цэнтар у Сумах, шэраг кватэраў у Кіеве, элітныя аўтамабілі, агульны кошт якіх складае больш за мільярд грыўняў (больш за 27 мільёнаў даляраў). Таксама ініцыяваны арышт карпаратыўных правоў і сродкаў на рахунках.

Апошнім часам украінскія праваахоўнікі часта паведамляюць пра арышты грашовых сродкаў і маёмасьці кампаній і прадпрыемстваў, бэнэфіцыярамі якіх зьяўляюцца прадстаўнікі Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG