Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пачалі справу аб банкруцтве «БНК-Україна», кампаніі зь беларускімі заснавальнікамі


Сайт кампаніі БНК-Україна
Сайт кампаніі БНК-Україна

Актывы кампаніі ўжо арыштавалі. Папярэдняе слуханьне справы аб банкруцтве прызначанае на 21 сьнежня.

Украінская кампанія «Бел-Петрол Трейдінг» (Bel-Petrol Trading, LLC) ініцыявала пачатак працэдуры банкруцтва кампаніі зь беларускімі інвэстыцыямі «БНК-Україна», актывы і рахункі якой арыштавалі сёлетняй вясной у сувязі з падазрэньнем у фінансаваньні агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Да ўхваленьня канчатковага прызнаньня кампаніі банкрутам суд увёў мараторый на выкананьне патрабаваньняў крэдытораў і забараніў распараджацца маёмасьцю.

Хто і чаму ініцыяваў працэс банкруцтва

ТАА «Бел-Петрол Трейдінг» займаецца гуртавым і раздробным гандлем нафтапрадуктамі і хімічнай прадукцыяй. На ўкраінскім рынку яна дзейнічае з 2017 году, а прысутнасьць у назьве часткі «Бел-» з тых часоў, калі ў ёй былі беларускія інвэстыцыі. Так, прынамсі, патлумачыў Свабодзе яе кіраўнік Аляксандар Пазій.

«Некалі была сувязь зь Беларусьсю, цяпер — не», — сказаў Аляксандар Пазій, але не ўдакладніў гісторыю сваёй кампаніі.

З інфармацыі дзяржаўных рэестраў Украіны вынікае, што «Бел-Петрол Трейдінг» стала наступніцаю некалькіх кампаніяў на рынку нафтапрадуктаў Украіны. Усе яны разьмяшчаліся ў Львове, куды з Кіева, пасьля пачатку вайны, перамясьцілася і «БНК-Україна».

Гандлёвыя абароты кампаніі «Бел-Петрол Трейдінг» на 14 студзеня 2022 году складалі 1,7 мільярда грыўняў (крыху больш як 40 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС).

За шэсьць дзён да пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ТАА «Бел-Петрол Трейдінг» і «БНК-Україна» падпісалі кантракт аб пастаўцы дызэльнага паліва. Але праз пачатак вайны, а потым і праз арышт актываў «БНК-Україна» ня выканала ўмоваў кантракту — і паліва не паставіла, і вярнуць пакупніку папярэднюю аплату не змагла. Цана пытаньня — 325,7 мільёна грыўняў (8,1 мільёна даляраў у эквіваленце. — РС).

У выніку кампанія Аляксандра Пазія зьвярнулася ў суд, каб спачатку прызнаць «БНК-Україна» даўжніком, а потым на гэтай падставе пачаць працэс банкруцтва і такім чынам вярнуць сабе грошы.

«Пакуль няма рашэньня, я не магу зараз нічога камэнтаваць. Бо гэта мае спробы, а калі будзе ўжо на законным узроўні, тады можна будзе пра гэта гаварыць», — падкрэсьліў уласьнік украінскай кампаніі.

Суд можа разглядаць справу больш за год

Віталь Коваль, якога суд прызначыў арбітражным кіраўніком украінска-беларускай кампаніі «БНК-Україна», цяпер рыхтуецца да судовага працэсу. Свабода зьвярнулася да яго з пытаньнем, як можа праходзіць банкруцтва кампаніі, актывы якой ужо арыштаваныя, і ці не зьвязана гэтая справа зь якой-небудзь схемай вываду грошай з-пад арышту.

«Мяне толькі прызначылі арбітражным кіраўніком. Цяпер я мушу падаць запыты, выявіць маёмасьць, якая ёсьць. Але наконт арышту нічога пакуль ня ведаю. Зь іншага боку, калі ёсьць арышт, то суд можа прыпыніць разгляд справы», — патлумачыў Віталь Коваль.

Віталь Коваль — юрыст, спэцыялізуецца на працэдурах банкруцтва індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў.

«Да ліквідацыі [„БНК-Україна“] яшчэ шмат часу, і пакуль я ня маю ніякай інфармацыі аб гэтым прадпрыемстве. Для пачатку мне трэба атрымаць усе адказы, дэклярацыі, зрабіць аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасьці прадпрыемства. Трэба шмат дакумэнтаў сабраць», — патлумачыў ён.

Паводле арбітражнага кіраўніка, судовы працэс аб прызнаньні кампаніі «БНК-Україна» банкрутам можа ісьці больш за год.

Згодна з заканадаўствам Украіны, арбітражны кіраўнік робіцца распараднікам маёмасьці кампаніі адразу пасьля завядзеньня справы аб банкруцтве.

Менавіта арбітражны кіраўнік ажыцьцяўляе сувязь між бакамі працэсу («БНК-Україна» і «Бел-Петрол Трейдінг»), а таксама гаспадарчым судом. Ён жа ў выпадку судовага прызнаньня прадпрыемства банкрутам арганізоўвае аўкцыён для рэалізацыі маёмасьці гэтай юрыдычнай асобы, а грошы ад яе продажу пералічваюцца кампаніі, якая ініцыявала працэдуру банкруцтва.

У пракуратуры Кіева, якая вядзе крымінальнае расьсьледаваньне ў справе «БНК-Україна», Свабодзе паведамілі, што працэдура банкруцтва не паўплывае на распачаты ў сувязі з падазрэньнем у фінансаваньні агрэсіі Расеі супраць Украіны крымінальны працэс.

«БНК-Україна» ня лічыць сябе банкрутам і спрабуе аднавіць дзейнасьць

У жніўні «БНК-Україна» праз суд дабілася скасаваньня арышту аднаго зь некалькіх сваіх рахункаў у васьмі ўкраінскіх банках. У сувязі з крымінальнай справай, заведзенай сёлета ў красавіку, суд арыштаваў усю маёмасьць кампаніі, 455 573,15 эўра на банкаўскіх рахунках і перадаў усё ў кіраваньне адпаведнага агенцтва АРМА, якое займаецца сканфіскаванай маёмасьцю.

У чэрвені прадстаўнікі кампаніі зьвярнуліся зь лістом да Міністэрства эканомікі і Нацыянальнага банку Ўкраіны, дзе прасілі дазволіць вярнуць кампаніі «Бел-Петрол Трейдінг» 325,7 мільёна грыўняў з арыштаваных рахункаў. Але ніводнае ведамства пакуль не адказала.

У кампаніі «БНК-Україна» таксама лічаць, што рашэньне Нацыянальнага банку Ўкраіны абмежаваць банкаўскія апэрацыі паміж рэзыдэнтамі Беларусі і Ўкраіны — непрапарцыйнае. Як высьветлілася ў судзе, кампанія «пазбаўлена магчымасьці падтрымліваць належны фінансава-эканамічны стан для гаспадарчай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны», а гэта стварае пагрозы невыкананьня абавязаньняў перад сваімі контрагентамі, а таксама для выплаты заробкаў, падаткаў і іншых платаў.

У кастрычніку юрысты кампаніі зьвярнуліся ў суд з пазовам аб прызнаньні супрацьпраўнаю забароны на апэрацыі па рахунках рэзыдэнтаў Рэспублікі Беларусі і суб’ектаў гаспадараньня, у якіх удзельнічае юрыдычная або фізычная асоба зь Беларусі. Забарону ўвёў Нацыянальны банк Украіны.

На час вырашэньня гэтага пытаньня ў судзе кампанія «БНК-Україна» прасіла спыніць вядзеньне справы аб банкруцтве, але судзьдзі адхілілі хадайніцтва.

Што папярэднічала

16 чэрвеня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб арышце актываў і банкаўскіх рахункаў беларускай кампаніі «БНК-Україна» на падставе яе датычнасьці да фінансаваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Кошт арыштаваных актываў тады вызначылі ў 20 мільёнаў грыўняў (амаль 600 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).

Крымінальную справу супраць беларускай кампаніі завялі яшчэ 5 красавіка. Адметна, што ў матэрыялах справы як яе канцавыя бэнэфіцыяры фігуруюць ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вытворчае аб’яднаньне „Беларуснафта“», супраць якой увялі міжнародныя санкцыі ў сувязі з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткім разгонам акцыяў пратэсту.

Пры гэтым Міністэрства юстыцыі Ўкраіны яшчэ ў канцы 2021 году прыняло і зарэгістравала статутныя зьмены, згодна зь якімі «канцавы бэнэфіцыярны ўласьнік у юрыдычнай асобы адсутнічае ў сувязі з тым, што заснавальнікамі ёсьць прадпрыемствы Рэспублікі Беларусі». На думку экспэртаў, такія зьмены дазвалялі фактычна падсанкцыйнай кампаніі надалей працаваць на ўкраінскім рынку без абмежаваньняў.

10 чэрвеня суд пацьвердзіў арышт рахункаў «БНК-Україна» у двух банках — «Банк Альянс» і «Південний». Агулам у кіраваньне агенцтва, якое займаецца сканфіскаванай маёмасьцю, перадалі 455 573,15 эўра. Дырэктар беларускай кампаніі спрабаваў у судовым парадку абскардзіць арышт грошай на рахунку, але суд падтрымаў рашэньне сьледзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG