Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітык, падпалкоўнік, кандыдат навук. Хто такі Мікалай Статкевіч, якому прысудзілі 14 гадоў асаблівага рэжыму


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Да гэтага Мікалай Статкевіч ужо правёў у турме і на «хіміі» амаль 8 гадоў.

Пра Міколу Статкевіча ягоны сябар, паэт Уладзімер Някляеў, напісаў:

«Гэта даўно ўжо ня проста імя — сымбаль змаганьня. Афіцэр, рыцар, які ні ў чым і ніколі не адступіў ад кодэксу гонару і годнасьці, верны сын Беларусі, гатовы ахвяраваць дзеля Айчыны асабістай свабодай, жыцьцём, чалавек неверагоднай моцы характару і мужнасьці, чыстага сумленьня».

Служыў за Палярным кругам, заснаваў Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў

Мікалаю Статкевічу 65 гадоў. Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну ў сям’і настаўнікаў. 94-гадовы бацька Віктар Паўлавіч жыве ў Баранавічах, старэйшы брат Аляксандар — ва Ўкраіне. У 1973 годзе Мікалай паступіў у Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню (цяперашнюю Вайсковую акадэмію), вывучыўся на вайсковага інжынэра ў радыёэлектроніцы. Па разьмеркаваньні адслужыў 4 гады за Палярным кругам, у Мурманскай вобласьці.

У 1982 годзе вярнуўся ў Менск. Паступіў у ад’юнктуру, абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Выкладаў у МВІЗРВ. Пасьля 1991 году чытаў лекцыі курсантам на беларускай мове. Паступіў у дактарантуру. Яшчэ да распаду СССР распрацаваў і апублікаваў канцэпцыю разьвіцьця беларускага войска. Мае больш за 60 работ у галіне АСК, эрганомікі, інжынэрнай псыхалёгіі, сацыяльнай псыхалёгіі. Мае воінскае званьне падпалкоўніка.

На пачатку 1991 году на знак пратэсту супраць падзей у Вільні Статкевіч выйшаў з КПСС. Пасьля путчу стварыў Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. Адной зь першых акцый было ўрачыстае прыняцьце на плошчы прысягі на вернасьць Беларусі 8 верасьня 1992 года, у гадавіну Аршанскай бітвы.

Кіраўніцтва Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, лета 1995 г. Зьлева направа: Анатоль Гурыновіч, Лявон Дзейка, Мікола Статкевіч, Алесь Станкевіч, Сяргей Чыслаў (стаіць), Мікола Бірукоў. У форме — сябры ДРАБ (дружыны рэгіянальнай аховы і бясьпекі).
Кіраўніцтва Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, лета 1995 г. Зьлева направа: Анатоль Гурыновіч, Лявон Дзейка, Мікола Статкевіч, Алесь Станкевіч, Сяргей Чыслаў (стаіць), Мікола Бірукоў. У форме — сябры ДРАБ (дружыны рэгіянальнай аховы і бясьпекі).

У траўні 1993 году, за месяц да абароны доктарскай дысэртацыі, Мікалая звольнілі з вайсковай службы з фармулёўкай «за дыскрэдытацыю вайсковага званьня». Прычына — выступіў супраць таго, каб Беларусь накіроўвала сваіх салдат на чужыя войны.

Вярхоўны суд у 1994 годзе забараніў дзейнасьць БЗВ за ўдзел у ахове страйку рабочых ад міліцыі.

Партыйны і вулічны лідэр, меў 30 адміністрацыйных арыштаў і 3 гады «хіміі»

У чэрвені 1995 году Статкевіча выбралі старшынём партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) замест Алега Трусава. Праз год ягоная партыя аб’ядналася з Партыяй народнай згоды і была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада). Статкевіч ачоліў яе. У канцы 1990-х ён быў арганізатарам шматлікіх акцый пратэсту, у 1999-м — адным з арганізатараў Маршу свабоды. За арганізацыю вулічных акцый меў каля 30 адміністрацыйных арыштаў.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 і 2006 гадоў на Статкевіча заводзілі крымінальныя справы, каб перашкодзіць яму стаць кандыдатам у прэзыдэнты.

У 2003 годзе Мікола стаў лідэрам Эўрапейскай кааліцыі «Вольная Беларусь». У кастрычніку 2004 году разам з парлямэнцкімі выбарамі адбыўся трэці рэфэрэндум, на якім, паводле афіцыйных дадзеных, 77,3% выбарнікаў падтрымалі выключэньне з Канстытуцыі абмежаваньняў на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Мітынг «Абаронім Беларусь», Мікола Статкевіч на плошча Свабоды. Менск, 2019 год.
Мітынг «Абаронім Беларусь», Мікола Статкевіч на плошча Свабоды. Менск, 2019 год.

Мікалай Статкевіч арганізаваў і ўзначаліў шэраг вулічных акцый, за што ў 2005 годзе яго асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі. «Хімію» Мікола адбываў спачатку ў Баранавічах, потым у вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну, працаваў у калгасе. Тады Amnesty International упершыню прызнала Статкевіча вязьнем сумленьня. А ўсяго вязьнем сумленьня праваабаронцы прызнавалі Статкевіча 3 разы.

Адседзеў 5 гадоў у самых жорсткіх умовах — у Магілёўскай «крытцы» і шклоўскай калёніі

У 2010 годзе Кангрэсам Эўрапейскай кааліцыі «Свабодная Беларусь» Статкевіч быў вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 году. У дзень выбараў, 19 сьнежня, разам зь іншымі кандыдатамі яго затрымалі адразу пасьля Плошчы.

У траўні 2011 году Міколу Статкевічу прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ён у самых суровых месцах зьняволеньня — у Шклоўскай калёніі і Магілёўскай крытай турме. Працаваў на пілараме.

Сам прашэньня аб памілаваньні не пісаў. Аднак выйшаў на волю 22 жніўня 2015 году разам зь іншымі вязьнямі, якіх памілавалі.

З таго часу Статкевіча шмат разоў прэвэнтыўна затрымлівалі перад усімі сьвятамі і масавымі акцыямі і саджалі на «суткі». У 2017 годзе яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ перад Днём Волі.

14 гадоў у калёніі асаблівага рэжыму і вокліч у судзе «Жыве Беларусь!»

30 траўня 2020 году Мікалая Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай ля Камароўскага рынку. Спачатку Статкевіча пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалі яшчэ 15. У канцы чэрвеня Статкевіча перавялі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні паводле крымінальнага артыкулу 342, потым дадалі 293-ы артыкул.

14 сьнежня закрыты суд у Гомлі прысудзіў Статкевічу 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму. Мікола Статкевіч у залі суду гучна выкрыкнуў: «Жыве Беларусь!»

Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч. Палітвязьняў Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча асудзілі ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3. Гомель, 14 сьнежня 2021 году.
Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч. Палітвязьняў Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча асудзілі ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3. Гомель, 14 сьнежня 2021 году.

У Беларусі адна калёнія асаблівага рэжыму — у Глыбокім. Яна лічыцца адной з самых суровых у Беларусі.

На асаблівым рэжыме людзі жывуць не ў «атрадах», а ў камэрах. На 30 чалавек — адна прыбіральня і адзін умывальнік. Асуджаныя на асаблівы рэжым маюць права на «атаварку» на 87 рублёў у месяц. Але за самую малую правіну «атаваркі» могуць пазбавіць.

Могуць дазволіць два кароткатэрміновыя і адно доўгатэрміновае спатканьні цягам году. Але гэтая норма таксама «рэгулюецца» адміністрацыяй калёніі. Яшчэ зьняволены мае права на адну пасылку або перадачу і дзьве бандэролі на год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG