Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакраты Беларусі адзначаюць 30-гадовы юбілей устаноўчага зьезду сваёй партыі, якая ўзьнікла яшчэ да распаду СССР


Гісторык Міхась Ткачоў, першы кіраўнік беларускіх сацыял-дэмакратаў
Гісторык Міхась Ткачоў, першы кіраўнік беларускіх сацыял-дэмакратаў

З нагоды гэтага юбілею Свабода прыгадала гісторыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, якая зьвязала сябе з гістарычнай «Грамадой», вядомай сваёй масавасьцю у перадваеннай Заходняй Беларусі.

2 сакавіка 30-гадовы юбілей адзначае адна з найстарэйшых партыйных арганізацый краіны — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

«Дзеля незалежнай і дэмакратычнай будучыні нашай Радзімы сацыялісты панесьлі вялікія страты, а сам рух у пэрыяд бальшавіцкай дыктатуры на ўсходзе краіны і польскага панаваньня ў Заходняй Беларусі перастаў існаваць як палітычная плынь. Аднак памяць пра яго жыла. І ў новых палітычных умовах людзі, якія даражылі традыцыямі нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня, вырашылі аднавіць партыю сацыял-дэмакратаў у Беларусі», — адзначыў з гэтай нагоды старшыня БСДП Ігар Барысаў.

Як расказаў Свабодзе Ігар Барысаў, у шэрагах партыі засталося 15 актывістаў-вэтэранаў, якія ўдзельнічалі ва ўстаноўчым зьезьдзе 2 сакавіка 1991 году, а таксама тыя, хто меў непасрэднае дачыненьне да яго падрыхтоўкі.

Гэта Леанід Аляхновіч, Валянціна Вяргей, Мікалай Вярынскі, Леанід Дзягілеў, Мікалай Каралькоў, Яўген Кулін, Сяргей Леўшуноў, Віталь Малашка, Ёсіф Палубятка, Міхаіл Патрэба, Анатоль Сідарэвіч, Алег Трусаў, Віктар Шамянкоў, Генадзь Шаўцоў, Віктар Ярашук ды іншыя.

Адраджэньне сацыял-дэмакратыі ў Беларусі пачалося ў «перабудовачныя» часы позьняга СССР. Група інтэлігентаў — Міхась Ткачоў, Міхась Чарняўскі, Анатоль Сідарэвіч — у 1990 годзе прыйшла да высновы, што настаў час вярнуць традыцыі дэмакратычных сацыялістаў.

2 сакавіка 1991 году была створаная Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Побач зь Міхасём Ткачовым, якога выбралі старшынём, у кіраўніцтва ўвайшлі Алег Трусаў, Анатоль Гурыновіч, Мікола Статкевіч, Віталь Малашка.

Адначасна сацыял-дэмакратычныя тэндэнцыі ўзьніклі ў Камуністычнай партыі Беларусі. Група чальцоў (Леанід Лойка, Уладзімер Бажанаў, Аляксей Кароль, Аляксандар Казулін), а таксама група дэпутатаў Вярхоўнага Савету (Аляксандар Лукашэнка, Васіль Даўгалёў, Віктар Ганчар, Генадзь Карпенка) вырашылі заснаваць Партыю народнай згоды (Лукашэнка пазьней адышоў ад дзейнасьці аргкамітэту.) У красавіку 1992-га на ўстаноўчым зьездзе кіраўніком выбралі Генадзя Карпенку.

Дзьве партыі — БСДГ і ПНЗ — паступова зьбліжаліся. У 1995 годзе быў створаны Сацыял-дэмакратычны саюз. Да аб’яднаўчага працэсу падключылася група беспартыйных дзеячоў, у прыватнасьці старшыня Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Мечыслаў Грыб.

Налета адбыліся нечарговыя зьезды партыйных арганізацый, якія прынялі рашэньне аб зьліцьці ў адну Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народную Грамаду).

У БСДП не ўвайшлі праўладна арыантаваныя палітыкі, а таксама прыхільнікі лібэралізму, у тым ліку Трусаў, Карпенка, Ганчар. Але і ў самой партыі не спыняліся спрэчкі і ўнутрыпартыйная барацьба. У 2001 годзе з гэтых прычынаў партыю пакінула амаль палова яе сяброў.

У 2004 годзе пачаўся другі партыйны крызіс, на пасаду старшыні быў абраны Анатоль Ляўковіч. 24 чэрвеня 2005-га арганізацыя была перарэгістраваная як Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

На нечарговым зьезьдзе новым лідэрам выбралі Аляксандра Казуліна, былога рэктара БДУ, удзельніка прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, будучага палітвязьня.

Цяперашнім старшынём БСДП (Грамада) зьяўляецца Ігар Барысаў. Генэральны сакратар (кіраўнік спраў) — Мечыслаў Грыб.

Цяпер у Беларусі існуе некалькі сацыял-дэмакратычных партый з падобнымі назвамі, ад чаго неабазнаныя людзі блытаюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG