Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут як у божачкі ў кішэні». Плюсы і мінусы жыцьця ў Турэччыне


Яўгенія — ураджэнка Берасьця. У Турэччыну пераехала праз каханьне. Цяпер жыве ў невялічкім курортным горадзе Белек пад Антальляй. Працуе на касе ў салёне гульнявых аўтаматаў пры адным зь мясцовых гатэляў. Муж — інжынэр у цяпліцах, дзе вырошчваюць памідоры, гуркі, перцы.

Для праекту «Новая зямля» Яўгенія расказала пра жыцьцё ў Турэччыне.

«Людзям цяпер цяжкавата»

«Тут усё наша ўзьбярэжжа ў такіх гатэлях, адпачынкавых комплексах. У нашым рэгіёне людзі працуюць ці ў турыстычным бізнэсе, ці ў сельскай гаспадарцы. Муж якраз працуе ў сельскай гаспадарцы, і гэта было выдатна падчас карантыну, зьвязанага з „каронай“, бо каб мы сядзелі ўдваіх у той час бяз працы, то было б цяжка».

Яўгенія кажа, што калі пяць гадоў таму яна прыяжджала ў Турэччыну, то курс ліры да эўра быў 3,8 да 1, а цяпер ужо 18 да 1.

«У Турэччыне людзям цяпер цяжкавата, цэны моцна растуць. А заробак у далярах зьмяншаецца. Год таму ў эквіваленце заробак у мяне складаў 350 эўра, а цяпер — 290. Існуе нават такое, што для мясцовых адна цана, а для турыстаў — іншая, вышэйшая».

«Ніхто ў цябе тут вочы не ўтароплівае»

Суразмоўца Свабоды кажа, што пры першым прыезьдзе ў Турэччыну яе ўразіла практычна ўсё ў краіне.

«І прырода, і цеплыня. Я была нібыта ў сьне. Мяне зьдзівіла вялікая перамена ў ежы, у Беларусі ў нас ёсьць лецішча з трускаўкамі, яблыкамі, але тут мы проста патанулі ў садавіне і гародніне. Хадзілі вельмі зьдзіўленыя, куплялі шмат арэхаў (фундук, фісташкі і іншыя)».

Яўгенія расказвае, што ў тым рэгіёне Турэччыны, дзе яна жыве, вельмі прыязна ставяцца і да турыстаў, і да людзей, якія прыехалі туды жыць.

«Я бляндынка з блакітнымі вачыма і паголенымі скронямі, і ніхто ў мяне вочы не ўтароплівае, бо звыклі да самых розных людзей. Туркі ў гэтай мясцовасьці вельмі смуглявыя, зь цёмнымі валасамі і вачыма, хоць бываюць і рудыя туркі, і з блакітнымі вачыма. Канечне, зрэдку бывае стаўленьне: „Я турак, я лепшы за цябе“, але гэтага вельмі мала. Расейцы да таджыкаў ставяцца значна горш, чым туркі да прыежджых. Скажу шчыра, я сябе тут адчуваю, як у божачкі калі не за пазухай, то ў кішэні дакладна».

«Мова цяжкая»

Турэцкую мову Яўгенія і яе сын вывучылі, хоць жанчына кажа, што далася яна ня вельмі проста.

«Гэта самая цяжкая мова ў маім жыцьці. Я зь Берасьця, мы там амаль усе ведалі польскую мову. Потым у мяне былі ангельская, нямецкая, італьянская — усе яны добра клаліся. З турэцкай жа зьвярталіся да рэпэтытара падчас карантыну. Мова цяжкая. Башкірам, казахам, азэрбайджанцам гэта даецца прасьцей, чым нам. Але мусіш вывучыць — вывучыш».

Пры гэтым у Антальлі і прыгарадах мясцовыя вельмі добра гавораць па-нямецку, бо шмат турыстаў адтуль, а таксама няблага валодаюць ангельскай і расейскай.

«Тут шмат сем’яў, дзе мама расейка, украінка, казашка, узбэчка. Быў выпадак, калі я ішла каля школы, хлопцы перакінулі мяч праз агароджу, бачаць, што я бялявая, і зьвяртаюцца па-расейску: „Перакіньце, калі ласка, назад“. Турэцкія хлопчыкі».

«Некаторыя беларусы жывуць у гатэлях»

У Яўгеніі з мужам уласная кватэра. Жанчына кажа, што ўдалося набыць яшчэ па выгадных цэнах, цяпер усё істотна падаражэла. Наняць жа кватэру, што ў Антальлі, што ў прыгарадах, будзе стартаваць ад 5000 лір (280 даляраў).

«Гэта невялікая кватэра з мэбляй, халадзільнікам. Каб вы разумелі, то мінімальны заробак у Турэччыне 5250 лір. Антальля — вялікі горад, але там самыя розныя раёны. Каля мора будзе каштаваць даражэй, але ў іншым кірунку кватэры ня дужа дарагія. У Антальлі цяпер шмат беларусаў жыве — айцішнікі, псыхолягі. Ведаю, што некаторыя наймаюць сабе пакойчык у бутык-гатэлях — гэта выходзіць таньней. І прыбяруцца, і камуналку плаціць ня трэба».

Што тычыцца камуналкі, то выходзіць вельмі па-рознаму. Зімой у Турэччыне зусім ня горача, а мінулай зімой нават ішоў сьнег і дзеці ляпілі сьнегавікоў.

«Першы раз пры мне такое было, глядзела, як у сьвятле ліхтароў падае сьнег, і адчувала сябе як у Берасьці. За зіму толькі на электрычнасьць мы аддавалі 100 эўра і нават даражэй, бо фактычна ўсю ноч грэе ці аліўны радыятар, ці кандыцыянэр. У нас у кватэры два пакоі і вялікая гасьцёўня. За апошні месяц камунальных паслуг заплацілі няшмат — 500 лір (28 эўра). Справа ў тым, што нас амаль не было дома, то кандыцыянэр працаваў мала».

У турэцкіх кватэрах ёсьць праблема зь цьвільлю, асабліва на першых паверхах. Найперш таму, што зімой вельмі часта ідуць дажджы.

«У мяне самае прыгожае адзеньне ўзімку — гумовыя боты і дажджавік. І ўжо не глядзіш, ці пасуе, ці не. І мне чамусьці гэта вельмі весела», — сьмяецца Яўгенія.

«Танныя кавуны, дарагія бананы»

Па словах беларускі, прадукты ў Турэччыне можна знайсьці на любы густ і кашалёк. Ёсьць крамы, дзе тавары недарагія, ёсьць даражэйшыя. Шмат што можна набыць на рынку.

«Напрыклад, паўкіляграма жоўтага сыру будзе каштаваць 50 лір (2,8 эўра). Чатырыста грамаў фаршу — таксама 50 лір. Раней было нашмат таньней. Палохаюць, што будзе даражэць і далей. 150 грамаў фундуку купляла пару дзён таму за 25 лір (1,4 эўра). Самы танны хлеб — 5 лір (0,3 эўра). Калі хлеб з розных гатункаў мукі, то ён будзе і 15–18 лір (0,9–1 эўра). Ня самае дарагое малако — 15 лір (0,9 эўра). Вялікая сырая курыца, у раёне двух кіляграмаў, — 60 лір (3,3 эўра)».

Наконт садавіны і гародніны жанчына ўдакладніла ў мужа, які часьцей з гэтым сутыкаецца на рынках.

«Кіляграм памідораў і гуркоў каштуе аднолькава — 10 лір (0,55 эўра). Бульба — 8–10 лір (0,45–0,55 эўра). Пэрсікі — 10–15 лір (0,55–0,9 эўра). Бананы дарагія тут — 25 лір (1,4 эўра). Вінаград — 15 лір (0,9 эўра). Кавуны цяпер вельмі танныя, бо сэзон — 3–5 лір (0,17–0,3 эўра) за кіляграм. Інжыр — 50 лір (2,8 эўра). Авакада — 10–15 лір за адну штуку (0,55–0,9 эўра)».

Мясцовыя ўсё ж імкнуцца купляць на рынках, бо там прадукты бываюць вельмі сьвежыя, проста з градкі. Яўгенія кажа, што просты кебаб з курыцай абыдзецца ў 50 лір (2,8 эўра). Па рэстаранах сям’я ад часоў «кароны» адвыкла хадзіць, да таго ж мусіць плаціць крэдыт за жыльлё.

«Лекі якасныя і недарагія»

Яўгенія вельмі хваліць мясцовыя лекі. Кажа, што ў Турэччыне існуе нават адмысловы закон, што вытворцы няякасных лекаў трапляюць у турмы на вялікія тэрміны.

«Лекі і недарагія ў параўнаньні зь беларускімі. Таксама тут вельмі якасныя біядабаўкі — калягены, мінэралы. Але трэба ведаць месцы, дзе таньней».

Ва ўсіх, хто працуе, ёсьць мэдычная страхоўка, якую аплачвае працадаўца. Страхоўка Яўгеніі распаўсюджваецца і на яе сына, а страхоўка мужа — і на саму Яўгенію, і на ягоную дачку ад першага шлюбу. Страхоўка дае права на бясплатную дапамогу ў дзяржаўных бальніцах і паліклініках, а таксама на вялікія зьніжкі пры набыцьці лекаў.

«Яшчэ ёсьць недзяржаўныя ўстановы, у якіх звычайна лепшыя лекары. Але там нятанна. Я ня так даўно трапіла ў аварыю, і мне трэба былі паслугі траўматоляга. У дзяржаўнай былі вялізныя чэргі, то мы зьвярнуліся ў прыватную. За першы прыём з аналізамі крыві і ангіяграфіяй венаў заплацілі 2500 лір (140 эўра). Потым прыём лекара каштаваў 350 лір (20 эўра). Там выдатны лекар, ягоныя парады мне адразу сталі дапамагаць», — расказвае Яўгенія.

Карыстацца паслугамі дзяржаўных стаматалягічных клінік беларуска ня дужа раіць, бо робяць усё хутка і ня надта глядзяць на якасьць.

«У прыватнай клініцы адна плёмба мне абышлася ў 800 лір (45 эўра), кансультацыі бясплатныя. У час кансультацыі зрабілі поўны рэнтген сківіцы. Яшчэ мне там пачысьцілі зубы адмысловым парашком — гэта каштавала 70 лір (4 эўра). Зрабілі ўсё вельмі акуратна, нічога не балела».

«Хлопчыкаў зацалоўваюць у дзяцінстве»

Схадзіць у цырульню на поўдні Турэччыны каштуе 100 лір (5,5 эўра). Манікюр — таксама 100 лір. Нарошчваньне пазногцяў — 500 лір (28 эўра). У салёнах можна зрабіць што заўгодна, кажа Яўгенія.

«У Турэччыне вельмі адчуваецца: як ты да людзей — так і яны да цябе. Проста ня трэба паводзіцца як пачвара. Мне асабіста тут вельмі добра. Але ў эміграцыі ты ніколі ня будзеш сваім. Ёсьць нюансы з жанчынамі і мужчынамі. Трэба быць асьцярожным. Хлопчыкаў вельмі зацалоўваюць у дзяцінстве, і калі яны вырастаюць, то не заўсёды разумеюць, што ўжо ня ўсё можна. Нашых жанчын яны ўспрымаюць як магчымасьць сэксу. Адпаведна, і стаўленьне да іх можа быць ня самае лепшае. Але збольшага тут вельмі добрыя людзі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG