У суботу ў сталіцы Самалі Магадыша адбыліся два выбухі аўтамабіляў, якія прывялі да мноства ахвяр, піша «Аль-Джазіра». Першы выбухнуў на тэрыторыі Міністэрства адукацыі, а другі ўзарваўся каля машыны ратавальнікаў, якія вывозілі ахвяр першага выбуху.
Афіцэр паліцыі, які ахоўвае міністэрства, назваўшыся Хасанам, сказаў, што бачыў як мінімум 12 целаў і больш за 20 параненых. Адзін супрацоўнік лякарні налічыў ня менш за 30 целаў. Аднак ужо ў нядзелю самалійскія ўлады налічылі ня меней за 100 загінулых і каля 300 параненых.
Паводле папярэдняй інфармацыі, большасьць ахвяр — жанчыны. Выбухі прычынілі вялікія разбурэньні.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва SONNA заявіла, што выбухі прывялі да «мноства ахвяр сярод цывільнага насельніцтва, у тым ліку незалежнага журналіста Махамеда Ісэ Кона».
Адказнасьць за тэракты пакуль ня ўзяў на сябе ніхто, але ўлады падазраюць, што за імі стаяць баевікі ісламісцкай групоўкі «Аль-Шабаб». Суботнія выбухі адбыліся на разьвязцы Зобэ, дзе ў 2017 годзе адбыўся масіўны выбух, учынены «Аль-Шабабам», у выніку загінулі больш за 500 чалавек.
Баевікоў групоўкі выцесьнілі з Магадыша ў 2011 годзе, але яны працягваюць зьдзяйсьняць напады на вайсковыя, урадавыя і цывільныя аб’екты. На мінулым тыдні групоўка ўзяла на сябе адказнасьць за аблогу гатэля ў партовым горадзе Кісмаё, у выніку якой загінулі 9 чалавек і 47 былі параненыя.
Раней прэзыдэнт Самалі, абраны ў траўні, Хасан Шэйх Махамуд, абвясьціў ісламскім экстрэмістам татальную вайну на ўсёй тэрыторыі Самалі.