Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі зьнішчальнік выпусьціў ракету паблізу брытанскага самалёта


Расейскі баявы зьнішчальнік выпусьціў ракету, знаходзячыся паблізу не забясьпечанага боекамплектам брытанскага самалёта-разьведчыка ў міжнароднай паветранай прасторы над Чорным морам.

Пра гэта ў чацьвер у брытанскім парлямэнце паведаміў міністар абароны краіны Бэн Уолес. Паводле яго, інцыдэнт з удзелам расейскага Су-27 і Boeing RC-135 адбыўся 29 верасьня. «Мы ня лічым гэта наўмыснай эскаляцыяй з расейскага боку. Наш аналіз пацьвердзіў, што гэта быў тэхнічны збой», — сказаў Уолес. Адначасова ён падкрэсьліў, што тое, што здарылася, стала «напамінам пра тое, наколькі можа быць небясьпечна, калі зьнішчальнікі выкарыстоўваюцца так, як гэта робяць расейцы ўжо працяглы час».

Таксама, паводле слоў міністра, Вялікая Брытанія пасьля інцыдэнту часова спыніла палёты сваіх самалётаў у рэгіёне і выказала занепакоенасьць чыноўнікам Міністэрства абароны Расеі, у тым ліку асабіста кіраўніку ведамства Сяргею Шайгу. У адказе, які паступіў з Масквы 10 кастрычніка, гаварылася, што Расея правяла расьсьледаваньне абставінаў і прыйшла да высновы аб тэхнічнай няспраўнасьці. Масква адначасова прызнала, што ўсё гэта адбылося ў міжнароднай прасторы.

Вялікая Брытанія падзялілася інфармацыяй з саюзьнікамі і пасьля кансультацый аднавіла патруляваньне, дадаў Бэн Уолес.

Брытанскія самалёты і самалёты іншых краін NATO стала патрулююць паветраную прастору каля Ўкраіны, дзе працягваецца поўнамаштабнае расейскае ўварваньне, адзначае расейская служба BBC.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG