Сьцісла:
- Пагроза па паўночнай мяжы Ўкраіны існуе ўвесь час.
- Самастойна беларускае войска ня будзе праводзіць ніякіх наземных апэрацый.
- Калі мы будзем мець інфармацыю, што ўдар па Ўкраіне немінучы, то прэвэнтыўны контрудар будзе нанесены.
- Мы разумеем, што Беларусь на сёньня такая ж акупаваная тэрыторыя, як Крым, як часткі Луганшчыны і Данеччыны. Нам ніхто ня можа забараніць удары па Данбасе.
— Ці мяняе абвешчанае «разгортваньне сумеснай групоўкі» на тэрыторыі Беларусі ваенна-стратэгічнае стаўленьне Ўкраіны да беларускага кірунку?
— У прынцыпе — не. Мы разумеем, што пагроза па паўночнай мяжы Ўкраіны існуе ўвесь час і яна залежыць ад таго, колькі расейскіх войскаў будзе перамешчана на тэрыторыю Беларусі. Успрыняцьце гэтага факту цалкам прагматычнае, і нашы войскі гатовыя рэагаваць на любую зьмену сытуацыі. Для нас зразумела, што самастойна беларускае войска ня будзе праводзіць ніякіх наземных апэрацый, але з разгортваньнем сумеснай групоўкі рызыка наземных наступальных апэрацый павялічваецца.
Я знарок падкрэсьліваю «наземных», бо мы цудоўна разумеем, што беларускае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва ніяк не кантралюе дзеяньняў Узброеных сілаў Расеі і ня будзе кантраляваць у будучыні. Таму мы ўважліва сочым за сытуацыяй і гатовыя прадухіліць любыя спробы трапіць на нашу тэрыторыю.
— Нядаўна беларускія вайскоўцы заявілі, што ўкраінскі бок замінаваў праходы, узарваў масты каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Парадаксальным чынам беларускія генэралы патлумачылі гэта падрыхтоўкай Кіева на нападу, хаця гэта відавочна абарончыя дзеяньні, каб не дапусьціць нападу на сваю тэрыторыю.
— Ведаеце, для мяне гэтыя словы былі вельмі дзіўнымі, бо мы зрабілі ўсё гэта пералічанае яшчэ ў канцы лютага. Яшчэ ня маючы дастаткова сілаў і сродкаў, мы пачалі мінаваць дарогі, падрываць камунікацыі, спыняючы магчымасьць іх далейшай эксплуатацыі.
Зараз сытуацыя іншая — мы маем глыбока эшалёнаваную падрыхтаваную абарону (прыстраляны кожны кусьцік) і гатовыя да нэгатыўнага разьвіцьця сытуацыі. Любая спроба трапіць на тэрыторыю Ўкраіны з поўначы сустрэне жорсткі адпор, і вынікі будуць вельмі сумнымі для агрэсараў.
— Украінскія экспэрты і палітыкі, абапіраючыся на выведдадзеныя і агульную ацэнку сытуацыі, гавораць, што на сёньняшні дзень пагрозы нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі няма. Пры якой колькасьці расейскіх войскаў у Беларусі гэтая пагроза стане рэальнай і запатрабуе больш актыўных дзеяньняў ад Украіны?
— Зразумела, немагчыма назваць дакладную лічбу, пры якой пагроза ўварваньня стане немінучай. Усё будзе залежаць ад той задачы, якую паставяць перад гэтай групоўкай войскаў. Адна задача — калі ім будзе дадзены загад прасоўвацца і паспрабаваць захапіць «паўночны калідор» — чыгуначную лінію, якая ідзе ад Ковеля да Корасьценя і далей на Кіеў.
Другая задача — калі мы гаворым пра нейкія дзеяньні, якія маюць на мэце замацавацца на частцы ўкраінскай тэрыторыі, ствараючы пагрозу далейшага прасоўваньня. І трэцяя задача — калі размова ідзе пра адкрыта правакацыйныя дэманстратыўныя дзеяньні, якія ня будуць патрабаваць пераходу мяжы.
Такім чынам, мы маем тры варыянты, пры якіх задачы ўкраінскіх войскаў будуць адрозьнівацца. Адпаведна ўкраінская выведка адсочвае сытуацыі з разгортваньнем войскаў, падрыхтоўкай шляхоў зносінаў і гэтак далей.
На Беларусь у прынцыпе ніхто не зьбіраецца нападаць, у гэтым няма ніякай ваеннай неабходнасьці. Давайце ўявім, што ў Беларусь будзе перакінутая групоўка расейскіх войскаў каля 20 тысяч. І ўдарная групоўка беларускіх войскаў (без злучэньняў забесьпячэньня) можа скласьці 13-15, максымум да 20 тысяч. Зыходзячы з гэтага і трэба будаваць свае пляны.
Трэба разумець, што Ўкраіне вельмі нявыгадна і стратна трымаць тут вялікую колькасьць войскаў, якія больш эфэктыўна могуць быць выкарыстаны на іншым кірунку. Таму тут задзейнічаны сілы тэрытарыяльнай абароны, але разам з тым рыхтуюцца рэзэрвы, якія ў выпадку абвастрэньня сытуацыі будуць перакінутыя бліжэй да мяжы для ліквідацыі пагрозы.
— Раней заявы ўкраінскіх палітыкаў гучалі ў тым рэчышчы, што ня варта правакаваць Беларусь, — маўляў, навошта Кіеву другі фронт на поўначы. Але апошнім часам у сувязі са зьменай сытуацыі танальнасьць зьмянілася — украінскія прадстаўнікі кажуць, што могуць нанесьці прэвэнтыўны ўдар, калі давядзецца. Ці сапраўды такая магчымасьць разглядаецца, або гэта словы палітыкаў, якія вайсковыя экспэрты ня будуць камэнтаваць?
— Калі мы будзем мець інфармацыю, што ўдар па Ўкраіне немінучы, калі мы ведаем, што, дапусьцім, у 4 гадзіны раніцы ён будзе ажыцьцёўлены, — то было б лягічна, што контрудар будзе нанесены. І мы разумеем, што гэта будзе ня толькі сухапутны наступ агрэсара, гэта будзе камбінаваны ўдар, з авіяцыяй. І калі авіяцыя агрэсара ўжо будзе гатовая да вылету, лягічна будзе нанесьці ўдар па месцах разьмяшчэньня гэтай авіяцыі, падавіць комплексы супрацьпаветранай абароны.
Размова тут не ідзе пра нейкія эмоцыі ў дачыненьні да Беларусі. Мы разумеем, што Беларусь на сёньня такая ж акупаваная тэрыторыя як Крым, як часткі Луганшчыны і Данеччыны. Нам ніхто ня можа забараніць удары па Данбасе, як мы гэта робім. Таму для ратаваньня жыцьцяў цывільнага насельніцтва такія прэвэнтыўныя ўдары цалкам мэтазгодныя і могуць быць нанесеныя супраць войскаў агрэсара, які ўжо вядзе актыўныя ваенныя дзеяньні супраць Украіны.
— Якую шкоду нанесьлі Ўкраіне два дні ракетных абстрэлаў Расеі па аб’ектах цывільнай інфраструктуры? Вы знаходзіцеся ў Львове. Па чым яны білі ў вашым горадзе?
— На прыкладзе Львова можна пераканацца, што гэта абсалютна тэрарыстычныя дзеяньні. Аб’екты вайсковыя не былі падаўленыя, а ўдары наносіліся па элемэнтах крытычнай цывільнай інфраструктуры. Пацярпелі мэдычныя, навучальныя ўстановы. Гэта выключна тэрарыстычны характар дзеяньняў праціўніка, гэта тая матрыца, якая характэрная для акупанта цягам апошніх стагодзьдзяў.
— Паведамляюцца розныя лічбы наконт таго, колькі расейскіх ракетаў было зьбіта. Ці ёсьць тут нейкі прагрэс, пачынаючы ад пачатку вайны?
— Эфэктыўнасьць нашых сыстэмаў супрацьпаветранай абароны ўзрасла вельмі сур’ёзна. Калі ў пачатку вайны гэта было каля 25 адсоткаў, то цяпер — звыш 50%.
Чаму праціўнік усё ж нанасіў удары і некаторыя ракеты траплялі ў цэлі? Бо яны выкарыстоўвалі ракеты ў вельмі вялікай колькасьці. Па-трэцяе, з боку Беларусі выкарыстоўваліся «дроны-камікадзэ». Супраць іх змагацца дастаткова складана, бо наша СПА на гэта не была разьлічана.
У сувязі з гэтым Украіна і просіць сваіх партнэраў паскорыць перадачу ўжо замоўленых комплексаў СПА, якія маглі б узмацніць абарону важных аб’ектаў на тэрыторыі Ўкраіны. Але трэба разумець, што ў сьвеце не існуе сыстэмаў супрацьпаветранай абароны, якія гарантавана зьнішчаюць 100 адсоткаў аб’ектаў.