Раман Бясьсьмертны напісаў калёнку для выданьня НВ, у якой выказаўся пра Беларусь, дзе раней працаваў.
«У гісторыі ўжо былі выпадкі, калі амбасадара выклікалі і ўручалі ноту, а насамрэч зьбіраліся напасьці самі. Памятаеце, як Масква выклікала ў лістападзе 1939 году фінскага амбасадара ў сувязі з Майнільскім інцыдэнтам (правакацыя)? То бок гэта звычайная практыка дыктатарскіх рэжымаў: калі яны зьбіраюцца зрабіць нейкі крок, яны робяць тэатар, дымавую заслону з нотай амбасадару. Думаю, спадар Ігар Кізім гэта зразумеў. Магу толькі ўявіць, якая размова адбылася паміж ім і тым, хто перадаў яму ноту».
Аднак пры гэтым плянаваны беларускі напад на Ўкраіну, на думку дыплямата, не адбыўся праз правал ракетна-бомбавых атак Расеі на Ўкраіну — усе расповеды пра высокадакладную зброю «выявіліся блефам».
Бясьсьмертны падзяліўся думкай, што азначае раптоўна абвешчаная рэжымам Лукашэнкі праверка боегатоўнасьці войска.
«Указ аб чарговай праверцы боегатоўнасьці зьявіўся не выпадкова. А курок ужо ўзьведзены і стрэльба вось-вось стрэліць. Аднак здарылася тое, што здарылася. Большай часткай ракеты траплялі ня ў тыя месцы, а добрую палову зь іх проста зьбілі. У выніку стала відавочным, што ўсё, чым хваліўся крамлёўскі фюрэр і яго бандзюганы, не было аргумэнтам. Падкрэсьлю, што ня сам Лукашэнка адпоўз. Крэмль зьмяніў свае пляны, бо зразумеў, што падрыхтоўка да атакі была абсалютна няўдалай. Таму яны спыняюць працэс. Сапраўды, усё было гатова да ўступленьня Беларусі ў вайну».
Як рэагаваць на заклік беларускай апазыцыянэркі Сьвятланы Ціханоўскай да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага?
«Відавочна, што сытуацыя ў адносінах паміж Украінай і беларускімі ўладамі, паміж Украінай і беларускім народам, паміж Украінай і беларускімі палітычнымі лідэрамі павінна быць арганізаванай і максымальна дакладнай. Нельга паставіць паміж імі знак роўнасьці і зрабіць нейкія высновы. Беларускаму народу патрэбна дапамога Ўкраіны і Эўропы. А на апошніх выбарах ён выбраў сваім лідэрам Сьвятлану Ціханоўскую, што патрабуе дыпляматычна ўзважанага стаўленьня да яе. Тое, што сёньня ва ўладзе ў Беларусі дыктатар, які зьдзекуецца з народу і вядзе шкодную для народу замежную палітыку, не азначае, што ў гэтым вінаваты беларускі народ і беларуская дзяржава.
Ціханоўская шукае адказы на ўсе гэтыя складаныя пытаньні настолькі, наколькі дазваляе яе невялікі досьвед палітычнай барацьбы і яшчэ меншы досьвед дыпляматычнай дзейнасьці і стасункаў з абазнанымі эўрапейскімі палітычнымі школамі і палітыкамі. Але Ціханоўскай патрэбна дапамога тых, хто бачыць Беларусь у коле цывілізаваных народаў».
Дыплямат дапускае, што афіцыйны Кіеў можа праігнараваць заклік Ціханоўскай. Аднак ці будзе гэта правільным рашэньнем?
«Падчас маёй працы я вельмі часта заўважаў, як у кулюарах украінскіх уладаў легкадумна ставіліся да міжнародных адносінаў: то не любілі амбасадара, то некаторых чыноўнікаў, то нейкія заявы, то нейкія сустрэчы ігнараваліся. Але ў міжнародных адносінах дробязяў не бывае. Тут працуе просты прынцып: хто ідзе, той дарогу адолее. Украіна вельмі добра паказала, на што яна здольная — здольнасьць супрацьстаяць маскоўскай ардзе».
Раман Бясьсьмертны — экс-пасол Украіны ў Беларусі (2010–2011), прадстаўнік краіны ў Трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе ў рамках менскіх пагадненьняў (2015–2016).
Як улады Беларусі садзейнічаюць Расеі ў нападзе на Ўкраіну
24 лютага з тэрыторыі Беларусі на Кіеў і паўночныя вобласьці Ўкраіны пайшлі калёны расейскага войска. Масавыя ракетныя і авіяцыйныя абстрэлы Ўкраіны таксама адбываліся ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Беларусь дала Расеі для атакі на Ўкраіну свае палігоны і аэрадромы.
Аляксандар Лукашэнка выступіў на нарадзе ў пытаньнях бясьпекі раніцай 10 кастрычніка. Там ён заявіў аб прынятым сумесна з Пуціным рашэньні аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь.
Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.
Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсінуацыямі рэжыму».
«Мы не выключаем, што ўручэньне дыпляматычнай ноты можа быць часткай пляну РФ па правакацыі і далейшым абвінавачаньні Ўкраіны. Мы заклікаем беларускі народ не паддавацца на правакацыі. Украіна ніколі не замахвалася на чужыя тэрыторыі. Мы строга прытрымліваемся фундамэнтальных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права і Статуту ААН».
З 11 кастрычніка дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь пасьля заявы Лукашэнкі пачаў тэрміновую праверку Ўзброеных сіл.
Праверка мае комплексны характар і ахоплівае найбольш важныя пытаньні праверкі гатоўнасьці да выкананьня задач па прызначэньні, заявілі ў Міністэрстве абароны. У ходзе праверкі вайсковыя часткі і падразьдзяленьні адпрацуюць пытаньні прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць, правядзеньне маршу, разгортваньне ў прызначаных раёнах з выкананьнем вучэбна-баявых задач.
Антываенны рух у Беларусі
- У лютым 2022 году ў Беларусі прайшлі пратэсты супраць расейскай ваеннай атакі на Ўкраіну і саўдзелу ў ёй уладаў Беларусі, сотні людзей былі затрыманыя.
- Беларусы псавалі чыгуначнае абсталяваньне падчас перавозу расейсіх сіл па тэрыторыі сваёй краіны, частку ўдзельнікаў такіх дывэрсій сілавікі затрымалі у тым ліку з прымяненьнем зброі.
- У сакавіку 2022 году Ціханоўская стварыла беларускі Антываенны рух.
- Сярод іншага яна выказалася за дапамогу народу Ўкраіны, супраць якога Расея пачала поўнамаштабную вайну ў лютым 2022 году, асудзіла расейскую агрэсію і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
Беларуска-ўкраінскія адносіны падчас вайны
- Беларусь і Ўкраіна захоўваюць дыпляматычныя адносіны, хоць усе беларускія дыпляматы выехалі з Украіны, а МЗС Беларусі прымусіў закрыць кансулят Украіны ў Берасьці і скараціць штат амбасады ў Менску. У Менску працягвае працаваць украінскі амбасадар Ігар Кізім.
- З пачатку расейскага ўварваньня ўлады Ўкраіны заблякавалі банкаўскія рахункі грамадзянам Беларусі, частка якіх уцяклі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў.
- Улады Ўкраіны не прызналі легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта пасьля выбараў у жніўні 2020 году. Большасьць украінскіх СМІ называюць яго самаабвешчаным прэзыдэнтам Беларусі.
- Украіна не далучылася да санкцый, уведзеных краінамі Эўразьвязу супраць Аляксандра Лукашэнкі пасьля жорсткага разгону пратэстаў у жніўні 2020 году, а таксама да тых, што ўведзеныя ўжо ў сувязі з наданьнем Лукашэнкам беларускай тэрыторыі для расейскай агрэсіі.
- Улады Ўкраіны не праводзілі афіцыйных сустрэч са Сьвятланай Ціханоўскай як дэмакратычным лідэрам Беларусі.
- У Вярхоўнай Радзе дзейнічае дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь».
- Сьвятлана Ціханоўская 10 кастрычніка на фоне заявы Лукашэнкі аб разгортваньні вайсковай групоўкі «саюзнай дзяржавы» ў Беларусі зьвярнулася да прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага і прапанавала наладзіць прамое супрацоўніцтва зь беларускай апазыцыяй.