Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі будзе выбар — страціць уладу і жыцьцё ці ўступіць у вайну, Лукашэнка выбера вайну, — Котаў


Беларускае войска на вучэньнях, травень 2022
Беларускае войска на вучэньнях, травень 2022

Анатоль Котаў, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, аналізуе сытуацыю пасьля «разгортваньня сумеснай групоўкі», заяўляе, што поле для манэўру ў Лукашэнкі кардынальна звужаецца, і выказвае вэрсіі, што можа стаць падставай для ўступленьня Беларусі ў вайну.

Сьцісла:

  • Расея канчаткова пазбаўляе Лукашэнку поля для манэўру
  • Сумесная групоўка дае Лукашэнку «ахоўную грамату» — маўляў, гэта ня ён прымае рашэньні, а нейкая мітычная «саюзная дзяржава».
  • Нельга падвысіць стан контратэрарыстычнай гатовасьці і пры гэтым не знайсьці «тэрарыстаў».
  • Палітычная катастрофа Лукашэнку не турбуе ўжо даўно, яго цяпер турбуе толькі асабістая ўлада і ўласнае жыцьцё
  • Адна з мэтаў уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі — трымаць сытуацыю пад кантролем і не дапусьціць «пераабуваньня»

— Наколькі мяняе стратэгічную сытуацыю «разгортваньне сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў» у Беларусі? Ці ёсьць уражаньне, што Лукашэнку канчаткова «нахілілі» і ён цяпер ужо вымушаны весьці Беларусь у вайну, ці гэтая інфармацыя пра групоўку нічога істотна новага да сытуацыі не дадае?

— Групоўка існуе даўно, паводле ўсіх так званых «саюзных» дакумэнтаў і дактрынаў, цяпер наступіла стадыя яе «разгортваньня». Мяркую, ідзе размова пра новы, трошкі іншы кшталт удзелу Беларусі ў гэтай вайне Расеі супраць Украіны. Пасьля правядзеньня «рэфэрэндумаў» на акупаваных Расеяй тэрыторыях больш актыўна пачалі адбывацца два працэсы.

Па-першае, Расея канчаткова пазбаўляе Лукашэнку нейкага поля для манэўру. Сытуацыя пераўтвараецца такім чынам, што дзьве часткі «саюзнай дзяржавы» цяпер дзейнічаюць разам, сынхронна, і ўласна ад Менску ў такім раскладзе ўжо мала што залежыць. Зь іншага боку, гэта дае такую «ахоўную грамату» Лукашэнку — маўляў, гэта ня ён прымае рашэньні, а нейкая мітычная «саюзная дзяржава», у якой створаная сумесная адміністрацыя войска.

— Даволі зручная пазыцыя для Лукашэнкі. Калі здарыцца ўступленьне Беларусі ў вайну, то, маўляў, гэта ня ён прымаў рашэньне, гэта «саюзная дзяржава». А другое — гэта Захад і Ўкраіна рыхтуюцца на нас напасьці, і калі што і здарыцца, дык мы толькі адказвалі, яны пачалі першыя…

— Ён фактычна ажыцьцяўляе гэты сцэнар ужо зараз, і нейкія пляны наконт гэтага агучыў на нарадзе 10 кастрычніка. «Украіна хоча нас уцягнуць у вайну, Польшча і NATO толькі і мараць, каб напасьці на Беларусь», і таму трэба быць гатовымі. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, «прадухіленьне тэрарыстычнай дзейнасьці», — робіцца дзеля таго, каб дзейнічаць паводле гэтага сцэнара. Нельга падвысіць стан контратэрарыстычнай гатовасьці і пры гэтым не знайсьці «тэрарыстаў».

Гэта той самы ланцужок, у якім бракуе толькі некалькіх элемэнтаў, некалькіх правакацый. Яны могуць быць двух варыянтаў — па-першае, унутраныя так званыя «тэрарыстычныя ячэйкі». Па-другое, украінскі кірунак. Нельга выключаць, што будзе выкарыстана нейкая пастаноўка, каб паказаць, што Ўкраіна рыхтуе напад і хоча дайсьці да Менску. Каб усё гэта стала фармальнай падставай для нейкага адказу і больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны.

— Як вы лічыце, гэты «больш актыўны ўдзел» патрэбны толькі Маскве? Ці гэта таксама трэба і самому Лукашэнку зь нейкіх прычын? Бо сярод аналітыкаў пануе думка, што ўдзел Беларусі ў вайне стане палітычнай катастрофай для Лукашэнкі. Ці яго «палітычныя катастрофы» ўжо не турбуюць?

— Палітычная катастрофа Лукашэнку не турбуе ўжо даўно, яго цяпер турбуе толькі асабістая ўлада і ўласнае жыцьцё. Калі будзе выбар — страціць уладу ці ўступіць у вайну, Лукашэнка выбера вайну. Але гэтыя чыньнікі — магчымая правакацыя ад імя ўкраінцаў і перакладаньне адказнасьці на «саюзную дзяржаву» — нейкім чынам, магчыма, у ягонай сьвядомасьці здымаюць зь яго нейкую частку адказнасьці. Маўляў, украінцы самі напалі, і гэта ня мы, гэта «саюзная дзяржава», якая кіравала гэтай сумеснай рэгіянальнай групоўкай.

— Якой незразумела хто будзе камандаваць, бо з дакумэнтаў гэта не вынікае.

— З дакумэнтаў не вынікае, але на практыцы ўсё зразумела. Тут ня трэба мець ніякіх ілюзій. Апошняя апэрацыя АДКБ, якая адбывалася ў Казахстане, не адбывалася пад нейкім «сумесным» камандаваньнем, а праходзіла пад кіраўніцтвам выключна Расейскай Фэдэрацыі.

Ніхто не дазволіць кіраваць рэгіянальнай групоўкай беларускаму генэралу.

— Але чым можна патлумачыць заявы некаторых афіцыйных асобаў у Расеі, якія кажуць, што ніякага ўдзелу беларускага войска не патрабуецца, маўляў, мы самі добра спраўляемся? Гэта нейкая апэрацыя прыкрыцьця?

— Гэта кажуць тыя ж самыя людзі, якія, умоўна, 22 лютага казалі, што ніякай вайны ня будзе, пазьней казалі, што ня будзе ніякай мабілізацыі. Таму на заявы расейскіх палітыкаў, якія дзейнічаюць відавочна па мэтадычках, ня трэба зьвяртаць ніякай увагі. Яны гэта кажуць, каб супакойваць сваё грамадзтва. Уявіце сабе, што, аказваецца, адзінае выйсьце для Расеі, якая ўсё ніяк ня можа перамагчы ў вайне, — дапамога беларускага войска. Гэта такі іміджавы ўдар, якога Расея ня можа сабе дазволіць.

— На вашу думку, ці можа мець гэты магчымы ўдзел Беларусі рэальныя ваенныя мэты? Адцягваць увагу ўкраінскіх сілаў, якія вымушаныя трымаць на паўночнай мяжы свае войскі і не накіроўваць іх у паўднёвыя і ўсходнія рэгіёны, дзе ідуць зацятыя баі? Ці размова ідзе пра рэальную імавернасьць пераходу расейска-беларускіх частак праз украінскую мяжу? Здаецца, гэта з ваеннага гледзішча ня мае вялікага сэнсу, бо ўкраінцы падрыхтаваліся, замінавалі мяжу, паўзрывалі масты, трымаюць тут даволі шмат сілаў і тэхнікі.

— Сапраўды, усе ваенныя аналітыкі схіляюцца да гэтага бачаньня, што гэта будзе правальная для Беларусі і Расеі апэрацыя. Але ў любым выпадку кожны дадатковы фронт — непрыемная для Ўкраіны рэч. Шмат залежыць ад таго, колькі Расея перакіне сваіх войскаў у Беларусь і колькі зможа выставіць Беларусь. Паводле розных ацэнак, Беларусь можа даць каля 15 тысяч вайскоўцаў і Расея да 20 тысяч. Гэта ўжо даволі сур’ёзная групоўка.

Таму нельга адмахвацца ад гэтага, лічыць, што ў гэтым няма ніякага сэнсу. Украіне не давядзецца здымаць рэзэрвы зь іншых рэгіёнаў, бо яны трымаюць тут, на сваёй паўночнай мяжы, асобную даволі вялікую групоўку.

У любым выпадку імавернасьць уцягваньня Беларусі ў ваенныя дзеяньні супраць Украіны сур’ёзна павялічылася. Але, паўтаруся, Лукашэнка будзе прадстаўляць гэта ўсё так, што «гэта ня мы, яно само так выйшла».

— Ці мае знаходжаньне ў Беларусі расейскіх войскаў яшчэ і той аспэкт, што гэта патрэбна Маскве, каб лепш кантраляваць Лукашэнку, каб той не падумаў «пераабуцца ў палёце»?

— Знаходжаньне ў Беларусі расейскіх войскаў абмяжоўвае магчымасьць Лукашэнкі «пераабуцца». Вядома, ён можа спрабаваць так зрабіць, і такія намеры мае, гэта сто працэнтаў. Няшмат людзей у ягоным атачэньні, каго б ён у сваім жыцьці ня «кінуў». Таму, калі будзе ісьці гаворка аб ягоным фізычным выжываньні, — то чаму б не.

Калі тут будзе 20 тысяч расейскіх вайскоўцаў, то іхная колькасьць будзе параўнальная з той колькасьцю беларускіх войскаў, якія можна назваць баяздольнымі. Нейкай палёгкай можа прагучаць толькі якасьць расейскага войска. Бо калі гэта будуць мабілізаваныя, то гэта, відавочна, ня самая лепшая якасьць.

Я лічу, што адна з мэтаў уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі — трымаць сытуацыю пад кантролем Масквы і не дапусьціць таго самага «пераабуваньня».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG