«Шаснаццаць камандаў абраных, і ўсе яны ўнікальныя. Хто дакажа, што яны годныя тытулу „Героі“ і галоўнага прызу даведаемся ў гульні», — менавіта ўнучка Лукашэнкі першай зьяўляецца ў кадры «Герояў». Яе белае адзеньне і фрызура нагадваюць прынцэсу Лею з «Зорных войнаў».
Экстрым-шоў, як называюць яго стваральнікі, выходзіць пад эгідай «Прэзыдэнцкага спартовага клюбу», кіраўніком якога зьяўляецца Дзьмітры Лукашэнка. Гэта сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі, чыя дачка Дар’я і зьяўляецца адной зь вядоўцаў перадачы.
Іншымі вядоўцамі сталі Данііл Жданько і Хелена Мерааі. Менавіта яны часьцей працуюць у кадры. Жданько — вядоўца перадач на тэлеканале «Беларусь-2», вёў праўладныя канцэрты ў гонар Дня Рэспублікі, а таксама на «Славянскім базары».
«Я ніколі ня думаў, каб сысьці зь беларускай тэлевізіі, з улюбёнай працы. Гэта прафэсія, пра якую я марыў зь дзяцінства», — казаў Жданько ў інтэрвію выданьню «СБ. Беларусь сегодня» на пытаньне пра калег, якія з палітычных прычын пакінулі Белтэлерадыёкампанію.
Хелена Мерааі ў 2017 годзе ўдзельнічала ў дзіцячай «Эўравізіі» ў Грузіі, дзе заняла пятае месца. У 2020 годзе, у самы разгар пратэстаў, дзяўчына стала весьці перадачу «Пін_код» на тэлеканале «Беларусь-2».
Удзельнікамі новай перадачы становяцца падлеткі з розных рэгіёнаў краіны, якія займаюцца пажарна-прыкладным спортам. Удзельнікам неабходна прайсьці самыя розныя выпрабаваньні на спрыт і ўмельства, у асноўным яны пераадольваюць палосы перашкодаў. Выпрабаваньні выключна фізычныя, пытаньняў на веды ці лёгіку не задаюць.
Усе ўдзельнікі маюць «пазыўныя», па якіх вядоўцы і зьвяртаюцца да іх. Напрыклад, «Сьмерч», «Тор», «Сырыюс». І вядоўцы, і ўдзельнікі апранутыя ў форму, якая павінна нагадваць касьмічную.
З удзельнікамі выпрабаваньняў размаўляюць Жданько і Мерааі, а роля Дар’і Лукашэнкі тэхнічная. Яна агучвае правілы выпрабаваньняў, а таксама падводзіць вынікі. У першым выпуску, напрыклад, у спрэчнай сытуацыі яна агучыла, што ў выпрабаваньні нічыя.
Саму Дар’ю ў перадачы называюць «Юста» — вытворнае ад рымскай багіні правасудзьдзя Юстыцыі. Ніякіх іншых заўваг удзельнікам і вядоўцам у студыі яна ня робіць.
У двух першых выпусках цалкам адсутнічала беларуская мова — як у аздабленьні, гэтак і ў размовах вядоўцаў і ўдзельнікаў. Галоўным прызам для каманды пераможцы стане шматфункцыянальная пляцоўка для сілавых заняткаў.
Дар’і Лукашэнка 18 гадоў. Яна вучылася ў Менскай міжнароднай гімназіі, а перад гэтым, як і Мікалай Лукашэнка, забрала дакумэнты зь Ліцэю БДУ. Дар’я займалася музыкай, а падчас вучобы ў другой клясе перамагала ў конкурсе сачыненьняў на беларускай мове.