Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі прыбыў у Казахстан. Чаму яго дагэтуль не было ў Беларусі, тлумачыць ксёндз Барок


Папа Рымскі Францішак у Казахстане
Папа Рымскі Францішак у Казахстане

Папа Рымскі Францішак возьме ўдзел у VII Зьезьдзе лідэраў сусьветных і традыцыйных рэлігій, які пройдзе ў сталіцы Казахстану, ён сустрэнецца з прэзыдэнтам Казахстану, а таксама каталіцкімі вернікамі краіны. Візыт кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы працягнецца да 15 верасьня.

Што папа будзе рабіць у Казахстане

Раней дырэктар дэпартамэнту шматбаковага супрацоўніцтва МЗС Казахстану Дзідар Тэменаў паведаміў, што сёлета кангрэс прыме каля 100 удзельнікаў з 50 краін. На сустрэчы чакаецца Ахмед Аль-Тайеб — вялікі імам Аль-Азхара, мітрапаліт Валакаламскі Антоній — кіраўнік аддзелу зьнешніх сувязей Маскоўскага патрыярхату РПЦ, ашкенаскі галоўны рабін Ізраілю Давід Лаў, сэфардзкі галоўны рабін Ізраілю Іцхак Ёсэф.

«Гэты візыт папы Рымскага ў Казахстан плянаваўся за некалькі гадоў да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Аднак сёньня як сама гэтая паездка, так і сустрэча пантыфіка зь лідэрамі міжнародных рэлігійных супольнасьцяў набірае асаблівай каштоўнасьці», — сказаў у інтэрвію Свабодзе ксёндз Вячаслаў Барок.

Сустрэчы з Кірылам у папы ня будзе

Падчас сваёй паездкі папа Рымскі Францішак спадзяваўся сустрэцца з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, які спрабаваў апраўдаць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Аднак кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы адмовіўся ад удзелу ў міжканфэсійнай сустрэчы.

Ксёндз Вячаслаў Барок станоўча ставіцца да адсутнасьці патрыярха Кірыла на гэтай сустрэчы. На яго думку, гэта паказвае, што «няма намаганьняў стварэньня ілюзіі дыялёгу тады, калі ён адсутнічае».

«Ватыкан выпрацаваў пэўную пазыцыю адносна псэўдарэлігійнага падыходу РПЦ да агрэсіўнай вайны, якую сёньня вядзе Расея. З вуснаў прэфэкта дыкастэрыі (папскай рады) па справах спрыяньня адзінству хрысьціян кардынала Курта Коха прагучала, што такі псэўдарэлігійны падыход зьяўляецца наўпрост „ерасьсю“. Гэта вельмі моцнае сьцьвярджэньне, і я зь ім згодны».

Тэма міру ў фокусе размоваў

Барок зазначае: менавіта яснасьць пазыцыі дапамагае выходзіць на тыя шляхі, на якіх будзе магчыма збудаваць мір.

«Візыт у Казахстан дзеля гэтага і прызначаны. Каб разам, сустрэўшыся з сусьветнымі лідэрамі рэлігійнымі, можна было паразмаўляць пра праблему міру, якая ў сьвеце сёньня вельмі актуальная».

Пры гэтым Вячаслаў Барок кажа, што «цудаў, на якія мы будзем глядзець з захапленьнем», ад гэтай паездкі ён не чакае.

«Каб Госпад зьдзяйсьняў цуды, трэба, каб чалавек быў да гэтага падрыхтаваны (…) Калі мы, касьцёл, будзем здольныя цалкам стаць у пэўнай праўдзе, назваць бескампрамісна, хто зьяўляецца агрэсарам, хто ахвярай, тады можна будзе спадзявацца на нейкі прарыў і цуд».

Чаму папа дагэтуль не пабываў у Беларусі

На пытаньне, чаму папа Рымскі так ніколі і ня быў зь візытам у Беларусі, Барок адказвае:

«Пра Беларусь кажуць — што гэта кананічная тэрыторыя праваслаўнай царквы. Гэты штучна створаны тэрмін, які паўтараўся, бадай, у 30-я гады XX стагодзьдзя некаторымі рускімі праваслаўнымі багасловамі. А ў 90-я гады гэты тэрмін актыўна ўзяў на ўзбраеньне Маскоўскі патрыярхат дзеля таго, каб абмяжоўваць магчымасьць дзейнасьці іншым рэлігійным супольнасьцям (у тым ліку каталіцкаму касьцёлу), апроч праваслаўных. Маўляў, апошняе слова мае патрыярх Маскоўскі, а католікам тут няма чаго рабіць. Але разам з тым тэрмін „кананічная тэрыторыя“ не перашкаджае РПЦ займацца місіянэрствам у Заходняй Эўропе, дзе спакон вякоў хрысьціянства было прадстаўлена заходнім абрадам. І вось можна спадзявацца, што надыходзіць той час, калі Ватыкан ня будзе больш у сваёй дзейнасьці зьвяртаць увагу на гэтую штучна створаную праблему кананічнай тэрыторыі і памяняе свой падыход у гэтым экумэнічным дыялёгу з РПЦ (…) і ўрэшце рэшт надыдзе той момант, калі візыт пантыфіка ў нашу краіну будзе бліжэйшы, чым цяпер».

Ксёндз Вячаслаў Барок
Ксёндз Вячаслаў Барок

Нягледзячы на няспынны ціск у Беларусі на каталіцкі касьцёл, супраць візыту папы Рымскага ў Беларусь дзяржава выступаць ня будзе, мяркуе Вячаслаў Барок.

«Беларускія ўлады заўсёды зацікаўленыя ў зносінах з касьцёлам тады, калі яго можна трактаваць інструмэнтальна, калі яго можна выкарыстаць. Мы бачым гэта ў гісторыі зносін беларускай дзяржавы з Ватыканам. Улады вельмі зграбна лявіравалі ў гэтых адносінах і заўсёды, калі знаходзіліся на мяжы пэўнага дэфолту, яны ўзгадвалі пра папу Рымскага. І сам Лукашэнка ехаў у Ватыкан, дзеля таго каб знайсьці хоць нейкую падтрымку міжнароднай супольнасьці».

Вячаслаў Барок кажа, што сёньня з боку Ватыкану мала ўвагі прыцягнута да сытуацыі ў Беларусі.

«Палітыку, якую Ватыкан праводзіць на ўсходзе, можна лічыць правальнай. І тое, што вайна адбываецца, гэта таму доказ. Калі адказваць на пытаньне, ці дастаткова Ватыкан прысьвячае ўвагі беларускай праблеме — можна адказаць: адназначна не. Беларусь згубілася недзе ва ўсім гэтым канфлікце. Мы дайшлі да таго, што ў Беларусі можна сказаць, што касьцёл „сышоў у катакомбы“ — перасьледуюцца сьвятары, вернікі. І касьцёл вымушаны ў такой сытуацыі проста маўчаць. І адпаведнай рэакцыі Ватыкану мы ня бачым. А мы, вернікі, патрабуем узмацненьня ў веры і чакаем увесь час, каб з вуснаў пантыфіка прагучалі словы падтрымкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG