Прысуды за ўлёткі
У судзе Маскоўскага раёну Менску 12 верасьня агучылі прысуд палітвязьням Аляксею Хількевічу і Раману Лабанаву, піша «Вясна».
Судзьдзя Кацярына Мурашка прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэксу (перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў) за рассыланьне лістоў выбарчым камісіям з заклікам лічыць галасы сумленна і прызначыла пакараньне: па 3 гады калёніі агульнага рэжыму.
Затрымалі палітвязьняў 17 і 18 лютага сёлета.
Палітзьняволенага берасьцейца асудзілі на 2 гады калёніі ў «справе Зельцара»
12 верасьня ў судзе Іванаўскага раёну вынесьлі прысуд палітвязьню Івану Кузюру. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу паводле «справы Зельцара» і асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Таксама мужчына мусіць выплаціць штраф: 100 базавых велічынь. Мабільны тэлефон палітвязьня канфіскавалі.
Прысуд вынес судзьдзя Мікалай Стасевіч, паведамляюць праваабаронцы.
Івана Кузюру прызналі вінаватым у тым, што 30 верасьня 2021 году пасьля прагляду інфармацыі пра абставіны сьмерці супрацоўніка КДБ Федасюка ён пакінуў у сацсетцы «ЎКантакце» камэнтар. Згодна з абвінавачаньнем, выказваньне «супярэчыла агульначалавечай маралі, вызначаным правілам зносін паміж людзьмі, а таксама (...) прыніжала гонар і годнасьць пацярпелага».
Івана Кузюру затрымалі летась 30 верасьня ў Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці і адвезьлі ў турму на Акрэсьціна ў Менску. Потым зноў перавезьлі ў Берасьцейскае СІЗА № 7.
Тры гады калёніі — чарговы прысуд па «справе Зельцара»
У Менскім гарадзкім судзе 4 жніўня вынесьлі прысуд па «справе Зельцара» палітзьняволенаму Ігару Арцюху — тры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
37-гадовага мужчыну прызналі вінаватым па арт. 130 Крымінальнага кодэксу — «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці». Падрабязнасьці справы невядомыя, бо судзьдзя Жанна Брысіна разглядала яе ў закрытым рэжыме.
Ігар Арцюх быў затрыманы ў Менску 1 кастрычніка 2021 году па крымінальнай справе, заведзенай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка. Да суду Ігара Арцюха ўтрымлівалі ў жодзінскай турме.
Суды над супрацоўнікамі «Нафтану»
Двое рабочых прадпрыемства «Нафтан» арыштаваныя судом на 15 сутак, піша праваабарончы тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае».
Па інфармацыі праваабаронцаў, у канцы жніўня сілавікі затрымалі ў Наваполацку Сяргея Ціценку і Андрэя Васільева. Сяргея затрымалі 26 жніўня, а Андрэя — 29 жніўня. Судзьдзя Зінаіда Балаболава асудзіла нафтанаўцаў паводле арт. 19.11 КаАП нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прызначыла кожнаму па 15 сутак арышту.
Вядома, што Ціценка пасьля 15 сутак быў перазатрыманы па новым пратаколе.
12 верасьня над ім адбыўся чарговы суд. Судзьдзя Балаболава зноў арыштавала мужчыну на 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Сьлесара-рамонтніка МТЗ асудзілі да «хатняй хіміі»
26 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Менску Аляксея Біжко асудзілі на 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна». Судзьдзя Настасься Ачалава прызнала яго вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Яго вызвалілі ў залі суду.
Да затрыманьня мужчына працаваў сьлесарам-рамонтнікам МТЗ. Вядома, што судзілі яго за ўдзел у адным з Маршаў — ён далучыўся да шэсьця калегаў пасьля працоўнай зьмены. Згодна з абвінавачаньнем, ён выкрыкваў лёзунгі, дэманстраваў пратэставы сымбаль — «вікторыю», трымаў плякат з тэкстам «пратэставага зьместу», выходзіў на праезную частку.
Біжко прызнаў віну часткова. Ён не пагадзіўся, што не падпарадкаваўся патрабаваньням прадстаўнікоў улады. Таксама «Мінсктранс» заявіў пазоў на суму 373 рублі 98 капеек. Суд пастанавіў вылучыць яго ў асобнае судовае вядзеньне.
У Полацку затрымалі прафсаюзнага актывіста Віктара Стукава
Як стала вядома праваабаронцам, полацкага актывіста Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава забралі адбываць неадбытыя 15 сутак. Суд над ім адбыўся яшчэ ў красавіку мінулага году. Яго асудзілі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпост у фэйсбуку роліка «Белсат TV».
Паводле сілавікоў, на «суткі» Віктара Стукава забралі толькі цяпер, бо раней не маглі яго знайсьці — амаль год.
Пазьней праваабаронцам стала вядома, што Віктара Стукава пасьля затрыманьня адвезьлі ў суд Полацкага раёну і там дадаткова прысудзілі яшчэ 15 дзён арышту па арт. 24.23 КаАП (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Падставай стала фота, разьмешчанае актывістам у Facebook у 2020 годзе.
Жанчыну асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у Маршы
Праваабаронцы даведаліся, што 18 жніўня 2022 году ў судзе Ленінскага раёну вынесьлі прысуд Сьвятлане Кіндзель. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак) і асудзілі на тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Прысуд вынесла Юлія Інчына.
Сьвятлану асудзілі за ўдзел у Маршы адзінства, які адбыўся ў Менску 6 верасьня 2020 году.