Судзьдзя Юлія Інчына асудзіла паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак) мужа і жонку Алену і Андрэя Бармутаў, а таксама ягоную сястру Вольгу Рахубу на 3 гады «хатняй хіміі» кожнага. Доказамі сталі перасланыя адно аднаму здымкі з маршаў і перапіска пра гэта ў сацсетках. Да суду ўсе знаходзіліся на волі пад закладам, піша «Вясна».
Сужэнцаў Бармутаў абвінавацілі ў тым, што яны нібыта «блякавалі транспарт» на трох маршах, а сястру Андрэя Бармуты Вольгу Рахубу — што на адным.
Андрэй Бармута віну прызнаў часткова і сказаў, што «ня ведаў, што масавыя мерапрыемствы, ва ўдзеле ў якіх яго абвінавачваюць, зьяўляюцца несанкцыянаванымі». На судзе ён расказаў, што на маршы трапляў выпадкова, на адным зь іх сустрэў сваю сястру. Паводле Андрэя, на праезную частку выходзілі, бо на ходніках была вялікая колькасьць людзей, супрацоўнікаў міліцыі ён там ня бачыў. Сымболікі пры сабе ня мелі, лёзунгаў не выкрыквалі, не было і «гучных воплескаў». Думаў, што рух транспарту наўмысна быў спынены.
Прызнала віну часткова, а таксама дала на судзе падобныя да мужавых паказаньняў і Алена Бармута.
Вольга Рахуба, якая працуе рэдактаркай, віну прызнала таксама часткова. Расказала, што «з прычыны прафэсійнай цікавасьці» прыехала да месца правядзеньня маршу.
Фатаграфіям у сваіх тэлефонах, якія пазьней ляглі ў аснову абвінавачаньня, яны не надавалі моцнай увагі. Акрамя гэтага, доказам віны траіх абвінавачаных сталі перасланыя адно аднаму здымкі з маршу і перапіска ў сацсетках з абмеркаваньнямі пратэставай акцыі.
КТУП «Менсктранс» заявіў пазоў аб кампэнсацыі маёмаснай шкоды з абвінавачаных у памеры 28 340 рублёў 31 капейка ў салідарным парадку.
Да суду абвінавачаныя знаходзіліся на волі пад закладам у 32 000 і 64 000 рублёў (больш за 12 600 і 25 300 даляраў адпаведна) — пасьля таго, як прысуд набыў моц, грошы вернуць. Вядома, што Алена і Андрэй Бармуты маюць маленькіх і непаўналетніх дзяцей. Дзеці ёсьць і ў Вольгі Рахубы.