Пра затрыманьне адвакатаў палітзьняволеных паведаміла «Вясна».
МУС Беларусі пракамэнтавала затрыманьні адвакатаў і паказала іх на відэа. Адвакат Антон Гашынскі расказаў «Медиазоне», што ў роліку МУС — адвакаты Міхаіл Макараў і Анастасія Сагановіч. Паводле МУС, яны нібыта «зьлілі» асабістую інфармацыю супрацоўнікаў ГУБАЗіК, сьледчых, работнікаў пракуратуры і судзьдзяў, пазначаную ў матэрыялах справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня», пасьля яе апублікавалі ў інтэрнэце.
Акрамя таго, паводле МУС, Макарава і Сагановіч абвінавачваюць у грубым парушэньні грамадзкага парадку (артыкул 342 КК) за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 году.
Разгляд справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» супраць дзесяцёх палітзьняволеных цягнуўся больш за 4 месяцы.
Праваабаронцу Марфу Рабкову, валянтэра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка, анархістаў Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксандра Казьлянка, антырасіста Андрэя Марача, а таксама Паўла Шпетнага, Аляксея Галаўко, Данілу Чуля і Мікіту Дранца судзілі за падзеі 2016–2020 гадоў.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», 6 верасьня судзьдзя Сяргей Хрыпач прысудзіў палітвязьням наступныя тэрміны:
- Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Акіхіра Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Марфе Рабковай — 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Аляксею Галаўко — 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў);
- Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казьлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў);
- Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў, або звыш 6300 даляраў).