У офісе Сьвятланы Ціханоўскай адрэагавалі на прэзэнтацыю прадстаўнікамі МЗС Беларусі ў ААН добраахвотніцкага агляду аб выкананьні міжнародных абавязкаў па ўстойлівым разьвіцьці краіны да 2030 году.
Альтэрнатыўны даклад, які яны прадставілі ў ААН, быў падрыхтаваны прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
«Рэжым не ўпершыню выкарыстоўвае пляцоўку ААН, каб расказаць, як Беларусь пасьпяхова выконвае мэты ўстойлівага разьвіцьця і міжнародныя абавязкі, і толькі санкцыі стрымліваюць яе разьвіцьцё. Тым часам падрыхтаваная грамадзянскай супольнасьцю і Офісам Сьвятланы Ціханоўскай незалежная справаздача адлюстроўвае рэальную сытуацыю: асноўная прычына, якая стрымлівае разьвіцьцё Беларусі, — сыстэматычнае і беспрэцэдэнтнае парушэньне правоў чалавека, пры якім немагчыма дасягнуць мэтаў устойлівага разьвіцьця», — паведамілі з гэтай нагоды ў Офісе Ціханоўскай.
У Офісе Ціханоўскай лічаць вельмі важным удзел сваіх прадстаўнікоў у гэтым форуме ААН, каб не дазволіць «рэжыму пазьбегнуць адказнасьці за сыстэматычнае парушэньне правоў чалавека», а таксама спыніць фінансаваньне на дасягненьне мэтаў устойлівага разьвіцьця, якое будзе выкарыстана на ўмацаваньне дыктатуры.
Прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай плянуюць правесьці кансультацыі ў шэрагу замежных прадстаўніцтваў пры ААН аб больш эфэктыўным выкарыстаньні мэханізмаў арганізацыі для спыненьня ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны і вырашэньня ўнутрыпалітычнага крызісу.
Што расказала ў ААН МЗС Беларусі аб прыярытэтах устойлівага разьвіцьця
Паводле Міністэрства замежных спраў, у нацыянальным аглядзе прадстаўлены «дасягнуты прагрэс ад моманту прадстаўленьня першага нацыянальнага агляду ў 2017 годзе».
Сёлета прыярытэтамі ўстойлівага разьвіцьця Беларусі вызначаны адукацыя, гендэрная праблематыка, марскія экасыстэмы, экасыстэмы сушы, а таксама партнэрства.
Кіраўніца галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі МЗС Беларусі Ірына Вялічка, прадстаўляючы справаздачу, адзначыла «нэгатыўны ўплыў аднабаковых прымусовых санкцый на працэсы ўстойлівага разьвіцьця».
У той жа час яна расказала аб падыходах Беларусі «па залучэньні моладзі да прасоўваньня і рэалізацыі» мэтаў устойлівага разьвіцьця, а таксама аб дзеяньнях «па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці і пабудове ўзаемадзеяньня з нацыянальнымі і міжнароднымі партнэрамі ў мэтах устойлівага разьвіцьця».
Што стала з нацыянальнымі партнэры ўстойлівага разьвіцьця
Структура кіраваньня працэсам устойлівага разьвіцьця і выкананьня «Парадку дня — 2030» (міжнародны дакумэнт, зацьверджаны Генасамблеяй ААН па ўстойлівым разьвіцьці) прадугледжвае далучэньне дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый, якія выконваюць функцыі нацыянальных партнэраў.
На канец траўня ў Беларусі было ліквідавана ці знаходзілася ў працэсе ліквідацыі 765 арганізацый грамадзянскай супольнасьці, сьведчаць дадзеныя маніторынгу, праведзенага праваабарончымі арганізацыямі Lawtrend і ОЕЕС.
Колькасьць некамэрцыйных арганізацый, якія прымусова ліквідаваныя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі, дасягнула 448, а тых, што прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, — 317.