Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд зьліквідаваў два незалежныя прафсаюзы, справы яшчэ трох чакаюць разгляду, лідэры — у турме


Затрыманыя прафсаюзныя лідэры, зьлева направа: Генадзь Фядыніч, Сяргей Антусевіч, Аляксандар Бухвостаў, Аляксандар Ярашук (Аляксандар Бухвостаў выйшаў на волю 2 траўня пасьля сардэчнага прыступу)
Затрыманыя прафсаюзныя лідэры, зьлева направа: Генадзь Фядыніч, Сяргей Антусевіч, Аляксандар Бухвостаў, Аляксандар Ярашук (Аляксандар Бухвостаў выйшаў на волю 2 траўня пасьля сардэчнага прыступу)

Лідэры двух зьліквідаваных прафсаюзаў застаюцца пад вартай, як і прадстаўнікі тых, ліквідацыю якіх яшчэ будуць разглядаць.

Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і Беларускі незалежны прафсаюз.

14 і 18 ліпеня суд разгледзець аналягічныя пазовы ў дачыненьні да яшчэ трох незалежных прафсаюзаў.

  • 14 ліпеня — над Свабодным прафсаюзам мэталістаў (СПМ),
  • 14 ліпеня — над Свабодным прафсаюзам Беларускім (СПБ),
  • 18 ліпеня — над Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

Раней у паведамленьні прэс-службы Генпракуратуры адзначалася, што дзейнасьць незалежных прафсаюзаў з 2020 года нібыта «набыла палітызаваны характар», а іх кіраўніцтва і шараговыя сябры займаліся «дэструктыўнай дзейнасьцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», распаўсюджвалі «экстрэмісцкую прадукцыю».

Яшчэ перад пазовам Генпракуратуры, рашэньнем мясцовых уладаў за паўгода былі пазбаўленыя рэгістрацыі нізавыя арганізацыі БНП на Мазырскім НПЗ, «Нафтане» і «Белшыне», адзначае Беларускі кангрэс незалежных прафсаюзаў.

Горадзенскі абласны суд па заяве пракурора Гродзенскай вобласьці прыняў рашэньне аб прызнаньні нізавой арганізацыі БНП «Гродна Азот» экстрэмісцкай, забароне яе дзейнасьці і ліквідацыі зь неадкладным выкананьнем судовага рашэньня.

У пазове аб ліквідацыі, які генпракуратура падала ў Вярхоўны суд, заяўлена, што Свабодны прафсаюз мэталістаў атрымліваў бязвыплатную матэрыяльную дапамогу ад міжнародных структур.

Акрамя Беларускага незалежнага прафсаюзу, Вярхоўны суд разглядае пазовы аб ліквідацыі ў дачыненьні Свабоднага прафсаюзу Беларускага, Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Рэпрэсіі ў дачыненьні да лідэраў незалежных прафсаюзаў

13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, затрыманых у красавіку 2022 году.

Палітвязьнямі прызнаныя: Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.

«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

У чым прэтэнзіі да прафсаюзаў

У пазове аб ліквідацыі, які пракуратура падала ў Вярхоўны суд, паведамляецца, што Свабодны прафсаюз мэталістаў атрымліваў бязвыплатную матэрыяльную дапамогу ад міжнародных структур.

Кіраўнік Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў і галоўны прававы інспэктар, юрыст Ігар Комлік накіравалі ў Вярхоўны суд хадайніцтва, у якім просяць прыцягнуць да разгляду справы ў якасьці трэцяй асобы глябальны прафсаюз IndustriALL, адначае газэта «Народная воля».

«Але мы яе атрымлівалі абсалютна легальна — напрыклад, наш прафсаюз атрымліваў падтрымку ад Глябальнага прафсаюзу IndustriALL, куды мы рэгулярна плацім унёскі, — расказаў Аляксандар Бухвостаў. — І, паводле канвэнцыі МАП, Глябальны прафсаюз мае права аказваць нам падтрымку. Мы пра гэта і раней казалі. Да нядаўняга часу ў дэкрэце аб атрыманьні замежнай бязвыплатнай дапамогі не было прафсаюзаў, іх унесьлі толькі ў лістападзе 2021 году і мы проста не пасьпелі правесьці атрыманую дапамогу праз наш Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці. Але гэта не крымінал».

Аляксандар Бухвостаў упэўнены, што прадстаўнікі глябальнага прафсаюзу ў Вярхоўным судзе змогуць патлумачыць правамернасьць атрыманьня ад іх грашовых сродкаў Свабодным прафсаюзам мэталістаў.

Глябальная фэдэрацыя прафсаюзаў IndustriALL заклікала ўлады Беларусі вызваліць арыштаваных прафсаюзных лідэраў

Генэральны сакратар IndustriALL Атле Хойе разам з генэральным сакратаром МКП Шаран Барроў выпусьцілі заяву, у якой асудзілі «поўнае грэбаваньне з боку беларускіх уладаў да права на справядлівае судовае разьбіральніцтва і асноўных правоў працоўных».

«IndustriALL будзе і надалей падвяргаць крытыцы бесьперапынныя рэпрэсіі з боку ўладаў у дачыненьні да дэмакратычных прафсаюзаў. Міжнародны працоўны рух цьвёрда стаіць на баку працоўных і актывістаў Беларусі, якія змагаюцца за ажыцьцяўленьне сваіх асноўных працоўных правоў», — вдначыў Хойе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG