Колькасьць некамэрцыйных арганізацый, прымусова ліквідаваных або тых, што знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі, дасягнула 448, а тых, што прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, — 317.
«Працягваецца зьнішчэньне незалежных прафэсійных саюзаў, ператрусы, затрыманьні грамадзкіх актывістаў і членаў прафэсійных саюзаў, ужываньне заканадаўства аб экстрэмізьме як інструмэнта ціску на грамадзкую актыўнасьць і інфармацыйныя рэсурсы. Прызначаны суды над шэрагам прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці», — зазначаецца ў дакладзе.
Праваабаронцы перакананыя, што, як і раней, рашэньне аб самаліквідацыі прымаецца перш за ўсё празь неспрыяльнае прававое асяродзьдзе, агульную грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне, часта — пад ціскам уладаў.
Шмат якія НДА былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі. Краіну пакінулі тысячы актывістаў, паведаміла прадстаўніца Lawtrend Вольга Смалянка 17 траўня на паседжаньні АБСЭ, прысьвечаным функцыянаваньню дэмакратычных інстытутаў падчас крызісу. На радзіме актывісты ня могуць працягваць працу, за мяжой — адчуваюць цяжкасьці з прычыны ролі Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.
«У сувязі з тым, што тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца для агрэсіі Расеі супраць Украіны, беларускія арганізацыі за мяжой ня могуць адкрыць банкаўскія рахункі, ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць, таму што дзяржавы, дзе яны знаходзяцца, іх не прызнаюць», — патлумачыла Смалянка.
Яна падкрэсьліла, што арганізацыі, якія пераехалі, «зьяўляюцца часткай грамадзянскай супольнасьці» і для іх трэба «ствараць пэўныя ўмовы».