Сьцісла:
- Ужо няма той аўдыторыі, якая магла б «ацаніць» выступы Лукашэнкі на беларускай мове.
- Пасажы пра Вялікае Княства Літоўскае былі зроблены, каб паказаць дулю і ўнутраным апанэнтам, і грамадзянам сучаснай Літоўскай Рэспублікі.
- Лукашэнка даволі прагматычны чалавек, ідэйныя моманты яго ніколі не краналі, гісторыя і ідэалёгія для яго — выключна інструмэнт.
- Фашызм — гэта ідэалёгія. У Беларусі — фашызм без ідэалёгіі.
— Беларусь — бадай, адзіная дзяржава ў сьвеце, дзе выступ яе кіраўніка на дзяржаўнай мове становіцца пэўнай падзеяй і выклікае камэнтары і пытаньні. Бо Лукашэнка робіць гэта вельмі рэдка, часам раз на год. Па-вашаму, ці варта задавацца пытаньнем, чаму Лукашэнка ў гэтым месяцы ўжо другі раз выступаў часткова па-беларуску, каму гэты сыгнал і які?
— Я думаю, гэта разьлічана не на ўнутраную аўдыторыю, бо за 2 гады рэпрэсіяў зьнікла тая аўдыторыя, якая магла б гэта «ацаніць». Усе тыя, для каго беларуская мова мае важнае значэньне (якія, магчыма, да жніўня 2020 году мелі спадзяваньні, што ўлада можа зьмяніць стаўленьне да мовы, што магчымая нейкая беларусізацыя), цяпер ніякіх ілюзіяў ня маюць. Ды і сам Лукашэнка ня схільны даваць нейкія паслабленьні сваім унутраным апанэнтам.
Таму гэта разьлічана не на ўнутраную, а на замежную аўдыторыю. Хаця, я думаю, гэтыя некалькі хвілінаў на беларускай мове не знаходзяць ужо ніякага водгуку ні на Захадзе, ні на Ўсходзе. Важныя дзеяньні, а гэтыя рытуальныя крокі ўжо ня маюць ніякага значэньня.
— Пэўны водгук быў. Калі Лукашэнка 2 ліпеня заявіў, што ВКЛ — гэта першая беларуская дзяржава, то вядомы расейскі шавініст Гіркін-Стралкоў у сваім даволі папулярным тэлеграм-канале напісаў, што «Бацьку зноў пацягнула ў літвінства» і нагадаў, што ВКЛ стагодзьдзямі ваявала менавіта з Масквой.
— Лукашэнка вымушаны круціцца як вуж на патэльні, і ён знаходзіцца ў такой сытуацыі, калі, што б ні рабіў, усім дагадзіць ня можа. Я думаю, пасажы пра Вялікае Княства Літоўскае былі зроблены, каб паказаць дулю і ўнутраным апанэнтам, і грамадзянам сучаснай Літоўскай Рэспублікі, пазмагацца зь імі на гістарычным полі.
У студзені была нарада аб гістарычнай памяці, і там Лукашэнка вельмі рэзка крытыкаваў Рэч Паспалітую, але вельмі пазытыўна выказваўся пра ВКЛ. Я ня думаю, што ён успрымае ВКЛ так, як наша нацыянальна-дэмакратычная супольнасьць. Трэба сказаць, што ВКЛ успрымалі пазытыўна і «заходнярусы» — як дзяржаву, дзе панавала славянская культура і «руская» мова — таму гэта можна павярнуць і інтэрпрэтаваць як заўгодна.
— Сапраўды, улада нярэдка выкарыстоўвала гісторыю выключна як магчымасьць змагацца са сваімі палітычнымі апанэнтамі. Гэта адзіная мэта?
— Часткова так, бо ў гэтага рэжыму ёсьць відавочная праблема з уласнай ідэалёгіяй, з вызначэньнем свайго «асаблівага» шляху. І калі пасьля жніўня 2020 году ўзьнікла праблема легітымнасьці, праблема задушэньня грамадзтва, фактычна вайны супраць уласнага народу — зьявілася патрэба дэманізаваць апанэнтаў. І на дзяржаўных рэсурсах пачалі гаварыць пра нацыстаў, фашыстаў, нацысцкую сымболіку. Адначасова маляваўся вобраз улады як апошняга бастыёну перад наступам фашысцкай ідэалёгіі.
Ня думаю, што гэта на кагосьці рэальна ўдзельнічае, нават прыхільнікі Лукашэнкі любяць яго не за тое, што ён «змагаецца з фашыстамі». Але іншага ў іх няма. Лукашэнка даволі прагматычны чалавек у гэтым пляне, ідэйныя моманты яго ніколі не краналі, гісторыя і ідэалёгія для яго — выключна інструмэнт.
— Чаму за ўсе гэтыя гады рэжыму так і не ўдалося стварыць сваю ідэалёгію? Бо ўсе дыктатарскія ўлады, ад левых да правых, мелі сваю ідэалёгію: ад сацыялізму Кастра на Кубе ці апоры на ўласныя сілы, «чучхэ» ў Паўночнай Карэі — да кансэрватыўных і рэлігійных каштоўнасьцяў лацінаамэрыканскіх дыктатараў ці Франка ў Гішпаніі.
— Для Лукашэнкі адзінай каштоўнасьцю зьяўляецца ўлада, а ня нейкія ідэі. Каб стварыць нейкую зьяднаную ідэалёгію, трэба, каб частка насельніцтва і інтэлігенцыя, творчыя кадры гэта падтрымалі. Каб была ідэя, у якую людзі б паверылі, хаця б частка. Як, напрыклад, у Расеі, дзе значная частка верыць у імпэрскія наратывы, у ідэю «вялікай Расеі».
У такіх неімпэрскіх кранах, як Беларусь, як правіла, такую ролю звычайна адыгрывае нацыянальная ідэя. Кладзецца ў аснову гісторыя, культура, мова. Але Лукашэнка прыйшоў да ўлады з савецкім багажом, з ідэямі аднаўленьня СССР, зь лёзунгамі, што беларускае грамадзтва не гатовае да незалежнасьці. Вядома, у якім цяжкім сумным стане знаходзілася беларуская мова, якая не зьяўлялася каштоўнасьцю для большасьці.
Лукашэнка абапіраўся на Расею і савецкія каштоўнасьці. Творчыя людзі, якія маглі ствараць нацыянальную ідэю, апынуліся ў апазыцыі. Тым часам савецкая ідэалёгія паступова страчвала сваю актуальнасьць і прызначаныя ідэолягі не маглі прыдумаць нічога істотна новага і цікавага. Адначасова тая альтэрнатыўная ідэалёгія, якую Лукашэнка доўга душыў, расла і ўзмацнялася і стала сур’ёзным выклікам для ўлады. Давялося душыць яе паліцэйскім чынам.
— Зараз назіраецца ўхіл у шавіністычны расейскі наратыў, рэй вядуць самыя зацята прарасейскія прапагандысты кшталту Азаронка і Гігіна. Гэта проста неабходная даніна Крамлю як галоўнаму спонсару менскага рэжыму ці шчырыя погляды гэтых прарарасейскіх прапагандыстаў?
— Тут усё ў комплексе. З аднаго боку, знакі Крамлю. Натуральна, даводзіцца даваць магчымасьць разгарнуцца тым, у каго ёсьць хоць нейкі агонь у вачах, іначай зусім не было б на каго абаперціся. Вядома, што раней Лукашэнка асьцерагаўся даваць надта шмат волі гэтым прарасейскім кадрам, якія пхаюць такую ідэалёгію, але цяпер у яго няма з чаго выбіраць. Альбо гэтыя, альбо ніякія. Цяпер у яго свабоды манэўру няма.
— Як у ідэалягічным пляне можа разьвівацца рэпрэсіўны рэжым? Пад якім сьцягам будзе прапаноўвацца праводзіць рэпрэсіі, хапаць грамадзян за камэнты ці за ўдзел у мітынгах у 2020 годзе?
— «Барацьба з нацызмам» — гэта ў іх галоўная тэма. «Губазікі» ў сваіх роліках заяўляюць, што праводзяць дэнацыфікацыю, асабліва шукаюць забароненую сымболікі, нейкія гістарычныя кнігі. Тут і тэма з генацыдам беларускага народу падчас Другой сусьветнай. Ясна, што ўсё гэта нацягнута, перакручана — але выкарыстоўваць гэта яны будуць.
— Калі будучыя гісторыкі будуць даваць назву цяперашняй беларускай уладнай сыстэме, якое слова яны выберуць? Калі браць розныя апісаныя ў літаратуры азначэньні і прыкметы фашызму, то ў Беларусі можна знайсьці большасьць зь іх. Раней беларускі рэжым называлі аўтарытарным, але апошнія два гады ён яўна набывае і пэўныя таталітарныя рысы.
— На гэты конт працягваюцца спрэчкі. Вядомы гісторык і дасьледчык Тымаці Снайдэр заявіў у адпаведным артыкуле, што ў Расеі рэжым трэба называць фашысцкім. Яму пярэчаць, і даволі аргумэнтавана, кажучы, што фашызм — гэта найперш ідэалёгія.
А ў Беларусі, атрымліваецца, фашызм без ідэалёгіі. Я б сказаў, у Беларусі і Расеі ідэалёгія дваровай шпаны. «Иногда не до законов», можна кінуць выклік усім працэдурам міжнароднага права. Культ сілы, мы, маўляў, робім, што хочам, і ніхто нам ня ўказ.
Ідэалёгія — гэта калі ёсьць нейкае бачаньне «сьветлай будучыні», што мы ў выніку хочам атрымаць. У Лукашэнкі тут ніякага няма бачаньня. Разграмілі апанэнтаў, усіх пасадзілі — і што далей?