Лекара РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Юлію Жаранкову затрымалі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, паведаміў Свабодны прафсаюз Беларускі.
9 ліпеня Тэлеграм-канал галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аховы здароўя «Панацэя» паведаміў, што Юлія Жаранкова знаходзіцца на волі. Яе выпусьцілі пасьля апытаньня ў якасьці сьведкі. Паводле якой справы жанчынай цікаваліся сілавікі, невядома.
Таксама 8 ліпеня быў затрыманы загадчык лябараторыі генэтычных біятэхналёгій Цэнтру Аляксандар Мялешка. 9 ліпеня стала вядома, што ён атрымаў 10 дзён адміністрацыйнага арышту. За што яго асудзілі, невядома.
Як зазначаюць у СПБ, Юлія Жаранкова зьяўляецца старшынёй адной зь «пярвічак» Свабоднага прафсаюзу Беларускага, якая ўваходзіць у структуру галіновай прафсаюзнай арганізацыі «Панацэя» (а яна зьяўляецца чальцом міжнародных прафсаюзаў EPSU і PSI). Аляксандар Мялешка раней таксама ўваходзіў у кіраўніцтва «пярвічкі» СПБ у РНПЦ.
Юлія Жаранкова — дзіцячы гематоляг і імуноляг з 12-гадовым вопытам, не аднойчы зьяўлялася ў публікацыях дзяржаўных СМІ і на радыё. Акрамя РНПЦ, Юлія працуе ў мэдцэнтры «Нардзін», дырэктара якога ў траўні затрымлівалі сілавікі (Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў сьцьвярджаў, што мэдцэнтар праводзіў артапэдычныя апэрацыі безь ліцэнзіі). У сацсетках у Юліі дасюль стаіць аватарка ў падтрымку Віктара Бабарыкі.
Аляксандар Мялешка — кандыдат мэдыцынскіх навук, мае больш за 20 гадоў стажу. Лябараторыя генэтычных біятэхналёгій, якой кіруе Мялешка, унікальная для Беларусі, яе магчымасьці дазваляюць ужываць перадавыя мэтады лекаваньня раку ў дзяцей.