Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На заводзе толькі ў адным цэху раздалі 30 позваў». Што адбываецца на Гомельшчыне з вайсковай актыўнасьцю


Падчас вучэньняў на беразе ракі Мухавец у Берасьці, 26 траўня 2022
Падчас вучэньняў на беразе ракі Мухавец у Берасьці, 26 траўня 2022

У Гомельскай вобласьці праходзяць «мабілізацыйныя вучэньні». Іх абяцалі скончыць 1 ліпеня. Але ў канцы чэрвеня жыхары рэгіёну пачалі атрымліваць позвы нават на 5 ліпеня. «Будзе вайна? Мабілізацыя? Пачнецца наступ на Ўкраіну?» — на гэтыя пытаньні Свабодзе адказвае былы ўдзельнік ваенных дзеяньняў.

Чытачы Свабоды паведамляюць, што ў Гомлі, Сьветлагорску, Мазыры, Брагіне і па вёсках мясцовых жыхароў «засыпалі» позвамі ў ваенкамат.

«На заводзе толькі ў адным цэху раздалі 30 позваў. Прычым ня толькі на канец чэрвеня, але некаторым далі позвы на 5 ліпеня. Што гэта такое, калі афіцыйна вучэньні мусяць скончыцца 1 ліпеня? Прычым прыходзяць проста на зьмены ў цэх», — расказаў жыхар Гомля.

Аналягічныя паведамленьні прыходзяць ад чытачоў з розных раёнаў Гомельшчыны.

«Робяць гэта, каб сваіх пералічыць і каб украінцаў напружваць»

Раман (імя зьмененае. — РС) неаднаразова ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях. Ён скептычна ставіцца да пэрспэктывы ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны і ацэньвае такую імавернасьць як невялікую.

«Мабілізацыйныя вучэньні могуць працягнуць, тут нічога такога няма. У іх тыя вучэньні як пачаліся ўзімку, так і не спыняліся. Гэта робіцца, каб нашых суседзяў трымаць у тонусе. Маўляў, глядзіце, калі заўтра што — у нас тут такая агромністая магутнасьць. Потым яны яшчэ статыстыку выкацяць, маўляў, ого колькі нас, мы гатовыя ў любы момант», — тлумачыць Раман.

Ён кажа, што такія вучэньні — няблага для ваенкаматаў, каб правесьці пераўлік «наяўных», палічыць усіх. Некаму штраф даць за парушэньні вайсковага ўліку. Некага недалічацца — бо зьехаў за мяжу, скажам, і ня зьняўся з уліку. Іншых — «кінуць» пры неабходнасьці на мэдычную камісію, «раптам нага адрасла ці сэрца прыйшло ў норму».

«Гэта робяць, каб абнавіць базу, бо такіх вучэньняў даўно не было, заадно і таварышы з поўдня каб нэрваваліся. Ну, і рэальную карціну самі хочуць ведаць. Дарэчы, муштруюць цяпер ня толькі рэзэрвістаў і розных „партызан“, але і вайскоўцаў тэрміновай службы. Іх жа валтузяць туды-сюды па краіне. Трымаюць у тонусе — каб, як я і казаў, суседзі былі ў тонусе і не расслабляліся», — кажа экспэрт.

Суразмоўца дадае, што ані беларускія ўлады, ані нават і «саюзьнікі» не зацікаўленыя ў паўнавартасным удзеле Беларусі ў вайне. «Таму што расейцам гэта ня трэба — гэта ж іх „спэцапэрацыя“. Беларусаў жа там не прыгнятаюць, вобразна кажучы. Адзінае, што можа быць як умова, — калі сюды раптам нешта „прыляціць“. Ці ад суседзяў, ці ў выглядзе правакацыі. Але, я думаю, ні ўлады, ні тым больш народ ня ўпішуцца за такую справу. Бо ўсім ужо ўсё зразумела — што гэта за „спэцапэрацыя“. Нават бабулькам, хай яны глядзяць і „ватныя“ каналы, але зразумела, што там забіваюць. Хто захоча дзяцей і ўнукаў туды адпраўляць, зь незразумелымі мэтамі?» — кажа Раман.

«Нашы» будуць трымацца пазыцыі «галубоў міру»

Суразмоўца кажа, што Беларусь будзе і надалей аказваць «тылавую» дапамогу. Мэдычную, скажам, ці колы зьмяніць, ці вайскоўцаў у санаторый на «перадышку» ўзяць.

«"Нашы" будуць трымацца пазыцыі «галубоў міру». У Расеі ёсьць грошы, рэсурсы. У нас што? Хутка ўборачная кампанія пачынаецца. Вось там і разгорнецца сёлета сапраўдная "бітва за ўраджай". Нашы "накосяць" там бонусаў сабе, і гэта рэальна, бо Ўкраіна, зразумела, "вывалілася" зь "бітвы за ўраджай". Цяпер гэта будзе выгадная пазыцыя — сабраць ураджай і гандляваць ім», — лічыць экспэрт.

Яшчэ два фактары, на ягоную думку, «супраць вайны» — дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі, якая і так «ня надта добрая», і ўзбраеньне — «гэта абарончыя запасы». «Выкарыстаць іх цяпер — потым дзе браць? Порах трэба трымаць сухім, і ў сваім падвале», — кажа Раман.

Тым часам ён лічыць, што нельга ня ўлічваць «фактар дурня» ці выпадковасьці. «Але гэта невялікі адсотак», — кажа экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG