Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блінкен: Пуцін не дасягнуў сваёй стратэгічнай мэты ва Ўкраіне


Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен

Кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША пракамэнтаваў расейскую агрэсію супраць Украіны і ўклад NATO ў справу дапамогі Кіеву

У нядзелю, у інтэрвію на канале CNN, дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што стратэгічная мэта прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна — «пакласці канец сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны, сьцерці яе з карты, уключыць у склад Расеі» — не была дасягнутая, нават на фоне пэўных тактычных посьпехаў у захопе тэрыторый.

«Гэта (Пуціну) не ўдалося, і сувэрэнная, незалежная Ўкраіна будзе існаваць значна даўжэй, чым Уладзімір Пуцін на палітычнай арэне, — заявіў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства. — Тым часам на ўсходзе Ўкраіны ідзе тактычная, жорсткая бітва з расейскай агрэсіяй, украінскія сілы адступаюць, і гэтая лінія ссунулася. Ёсьць посьпехі ў адным кірунку, ёсьць посьпехі ў іншым кірунку, але сапраўды важным ёсьць тое, што са стратэгічнага гледзішча Пуцін не атрымае посьпеху ў тым, чаго ён імкнуўся дасягнуць (ва Ўкраіне)».

Блінкен таксама адзначыў, што не ўвянчаліся посьпехам і спробы Пуціна раскалоць NATO.

«Мы зьбіраемся на саміт NATO, дзе альянс прадэманструе большую еднасьць, большую сілу, чым калі-небудзь на маёй памяці, — падкрэсьліў дзяржсакратар. — У самой Украіне, тут, на гэтай сустрэчы „Вялікай сямёркі“, а таксама ў NATO, мы будзем працягваць калектыўна рабіць усё магчымае, каб пераканацца, што ва ўкраінцаў ёсьць усё неабходнае для адбіцьця расейскай агрэсіі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG