Мэмарыяльныя комплексы «Катынь» і «Меднае» ў Смаленскай і Цьвярской абласьцях Расеі, дзе на мяжы 1930-х і 1940-х гадоў былі расстраляныя больш за 20 тысячаў грамадзянаў СССР і Польшчы, лічыліся помнікамі смутку польскага і расейскага народаў. Яны знаходзяцца пад кіраваньнем маскоўскага Музэя сучаснай гісторыі Расеі.
Дырэктарка музэя Ірына Веліканава заявіла ў камэнтары РБК, што рашэньне прыбраць польскія сьцягі матываванае бягучай палітычнай сытуацыяй. «Два сьцягі — расейскі і польскі — зьяўляліся сымбалем сяброўства паміж нашымі краінамі. Тое, што адбываецца сёньня, да сяброўства ня мае ніякага дачыненьня. Польшча заняла адкрыта варожую пазыцыю ў адносінах да Расейскай Фэдэрацыі. У гэтых умовах разьмяшчэньне дзяржаўнай сымболікі Рэспублікі Польшча на тэрыторыі мэмарыялаў недарэчнае», — сказала Веліканава.
Яна таксама адзначыла, што ў статуце музэя і ў іншых дакумэнтах не рэглямэнтаваны абавязак разьмяшчаць у мэмарыялах сьцягі якіх-небудзь дзяржаваў, і наяўнасьць там польскага сьцягу была толькі жэстам добрай волі з боку музэя.
Веліканаву падтрымаў мэр Смаленску Андрэй Барысаў. На сваёй афіцыйнай старонцы ўва Вконтакте ён піша: «Ня можа быць сьцягоў Польшчы на расейскіх мэмарыялах! А пасьля адкрытых антырасейскіх заяваў польскіх палітыкаў — тым больш. Лічу, што Міністэрства культуры РФ прыняло адзіна правільнае рашэньне — прыбраць сьцяг Польшчы. Катынь — гэта расейскі мэмарыял, гэта расейская гісторыя».
- На мяжы 1930-х і 1940-х гадоў у Катынскім лесе пад Смаленскам войскамі НКВД было расстраляна больш за 20 тысячаў чалавек. Большасьць іх складалі польскія салдаты і афіцэры, узятыя ў палон падчас паходу Чырвонай арміі пасьля падзелу Польшчы паміж Нямеччынай і СССР паводле пакту Молатава-Рыбэнтропа.
- У 2010 годзе Дзярждума РФ прызнала катынскі расстрэл злачынствам сталінскага рэжыму; у 2012 Эўрапейскі суд па правах чалавека кваліфікаваў яго як ваеннае злачынства.