«Прапановы працоўнай групы па абнаўленьні навучальных праграм у замежнай літаратуры маюць рэкамэндацыйны характар. Гэтыя прапановы міністэрства разгледзіць, і адпаведнае рашэньне будзе ўхвалена ў адпаведным парадку», — паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны, адказваючы на афіцыйны запыт.
У міністэрстве таксама дадалі, што навучальныя праграмы па замежнай літаратуры зацьвярджаліся згодна зь дзяржаўным стандартам базавай і поўнай агульнай сярэдняй адукацыі ад 2011 году.
«Паступова некаторыя праграмы ня будуць выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. Цяпер ва Ўкраіне праводзіцца рэформа агульнай сярэдняй адукацыі адпаведна канцэпцыі „Новая ўкраінская школа“», — дадалі ў міністэрстве.
У той жа час у ведамстве не ўдакладнілі прыблізных тэрмінаў зацьвярджэньня зьменаў у праграме замежнай літаратуры 7 клясы, у якой украінскія вучні вывучалі ўрыўкі з аповесьці Васіля Быкава «Альпійская баляда».
Працоўная група ў пытаньнях навучальнай праграмы па замежнай літаратуры для 7 клясы прапанавала замяніць «Альпійскую баляду» Васіля Быкава раманам ірляндзкага пісьменьніка Джона Бойна «Хлопчык у паласатай піжаме» або аповесьцю «Дзеці Ноя» францускага пісьменьніка Эрыка-Эманюэля Шміта.
Пры гэтым у самім рашэньні спачатку адзначаецца, што выключыць творы расейскіх і беларускіх пісьменьнікаў з школьнай праграмы прапануецца з улікам «масавага ўварваньня Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну», а ў дэталізаваных зьменах праграмы тлумачыцца, што аповесьць Быкава прапануецца замяніць у сувязі з «мадэрнізацыяй праграмы за кошт сучасных твораў для дзяцей і падлеткаў».
Як вывучалі творчасьць і біяграфію Быкава ва Ўкраіне
«Альпійская баляда» прапанавалася ўкраінскім вучням у разьдзеле «Гістарычная мінуўшчына ў літаратуры».
У біяграфіі беларускага пісьменьніка адзначаліся і ягоныя сувязі з Украінай.
«Вайна застала юнака ва Ўкраіне, дзе ён меў намер прадоўжыць навучаньне. У 1942 годзе пайшоў на фронт, прайшоўшы навучаньне ў Саратаўскім пяхотным вучылішчы. Васілю Быкаву давялося ваяваць у шэрагах 2-га Ўкраінскага фронту, ён удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знаменку і шмат іншых украінскіх гарадоў. У часе кіраваградзкай апэрацыі быў цяжка паранены, а ягонай маці памылкова адправілі „пахаронку“. Аднак ён выжыў і працягваў браць удзел у барацьбе з фашызмам у Румыніі, Баўгарыі і іншых краінах Эўропы», — адзначаецца ў адным з падручнікаў.
У іншым падручніку ў той частцы біяграфіі, дзе паведамляецца, што Васіль Быкаў апошнія некалькі гадоў жыў Фінляндыі, Нямеччыне і Чэхіі, прыводзіцца ягонае выказваньне: «Мае палітычныя супярэчнасьці з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам не азначаюць, што я павінен стаць палітэмігрантам».
У рэцэнзіі на «Альпійскую баляду» адзначаецца, што аповесьць мае дзьве сюжэтныя лініі. «Першая — гэта гісторыя ўцёкаў і перасьледу фашыстамі ўцекачоў з канцлягеру: беларускага салдата Івана Цярэшкі і італьянскай зьняволенай Джуліі; другая — лінія каханьня. Перапляценьне дзьвюх сюжэтных ліній спрыяе выяўленьню ненатуральнасьці вайны і зацьвярджэньню агульначалавечых каштоўнасьцяў».
Разам з урыўкамі з аповесьці вучням прапанавалі паглядзець фільм «Альпійская баляда», які ў 1965 годзе стварыў беларускі рэжысэр і сцэнарыст Барыс Сьцяпанаў.
Па выніках чытаньня ўрыўкаў аповесьці і прагляду фільму вучням прапанавалі адказаць на пытаньні. У розных падручніках яны розныя. У адным зь іх прапануюць напісаць ліст гераіні аповесьці Джуліі і расказаць ёй свае пачуцьці з нагоды гісторыі яе каханьня. У іншых падручніках прапануецца ацаніць мастацкую мову аповесьці і паразважаць над тым, што азначаюць словы Івана: «Ды які я герой? Звычайны салдат».
Пяць гадоў Быкава вывучалі па падручніку з пераблытаным фатаздымкам
Вывучэньне біяграфіі і аповесьці Васіля Быкава некалькі гадоў запар адбывалася па падручніку, у якім артыкул пра беларускага пісьменьніка бы праілюстраваны фота Аляксея Мэстэргазі — ён да Другой сусьветнай вайны працаваў у галоўным упраўленьні землеўпарадкаваньня Народнага камісарыяту земляробства СССР.
Партрэт Васіля Быкава зьявіўся толькі ў перавыданьні падручніка ў 2020 годзе, нягледзячы на тое, што Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны абяцала выправіць памылку ў 2017-м.
Якіх беларускіх аўтараў вывучаюць ва ўкраінскіх школах
У школьнай праграме замежнай літаратуры вывучалі толькі Васіля Быкава і адзіны ягоны твор. Залежна ад аўтараў падручнікаў, вучням рэкамэндавалі чытаць яшчэ адну аповесьць, «Абэліск».
Сучасных беларускіх аўтараў ва ўкраінскіх школах таксама не вывучаюць.
У абавязковую школьную праграму таксама ўключана творчасьць Адама Міцкевіча. Яго прадстаўляюць як польскага паэта і ўвогуле ня згадваюць ягонага беларускага паходжаньня.
«Польскі паэт Адам Міцкевіч нарадзіўся на маленькім, аддаленым ад сталіцы хутары ў сям’і зьбяднелага шляхціца. Зносіны з простымі людзьмі адкрылі яму сілу і чысьціню народнага духу. Доўгімі восеньскімі вечарамі Адам прыслухоўваўся да сялянскіх сьпеваў, пагружаўся ў сьвет народных казак і легендаў і, маючы летуценны нораў, уяўляў сябе героем легендарных сюжэтаў. Дзіцячыя ўражаньні не забываліся ў юнацтве і паўплывалі на далейшае разьвіцьцё асобы літаратара», — адзначаецца ў падручніку, аўтарам якога зьяўляецца Валянціна Фясенка.
У іншым падручніку адзначаецца, што Адам Міцкевіч нарадзіўся ў сям’і адваката на хутары Завосьсе, непадалёк ад Наваградку. «Горад Наваградак, дзе прайшло дзяцінства будучага паэта, уваходзіла тады ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Зь дзяцінства паэта атачалі амаль зруйнаваныя помнікі Сярэднявечча, беларускія і літоўскія пераклады і легенды, а таксама расказы людзей, якія памяталі Польшчу да таго, як яна была падзеленая між урадамі трох суседніх краін», — адзначаецца ў падручніку аўтарства Вольгі Нікаленкі.
Сярод прапанаваных для вывучэньня твораў Адама Міцкевіча — верш «Альпухара» ў скарочаным варыянце, «Крымскія санэты», баляда «Сьвіцязь» і «Дзяды». Іх вывучаюць у 7 і 9 клясах.
Але і ў выпадку з творчасьцю Адама Міцкевіча таксама была недакладнасьць. У адным з падручнікаў «Замежная літаратура» для вучняў сёмай клясы сьцьвярджалася, што паэт Адам Міцкевіч прысьвяціў сваю баляду «Сьвіцязь» аднайменнаму возеру ў Шацкім раёне Валынскай вобласьці.
Гэты падручнік дагэтуль не перавыдадзены і зьмяшчае такі артыкул.