Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне выбачыліся за памылку з партрэтам Васіля Быкава ў падручніку і паабяцалі яе выправіць


У Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны выбачаюцца за «тэхнічную» памылку, якая адбылася пры ілюстрацыі матэрыялу пра беларускага пісьменьніка Васіля Быкава ў падручніку «Замежная літаратура» для 7-ай клясы і абяцаюць у наступным выданьні яе выправіць.

«Паводле інфармацыі, якую Міністэрства адукацыі атрымала з выдавецтва „Генеза“, выяўленая ў падручніку прыкрая тэхнічная памылка будзе выпраўлена ў арыгінал-макеце падручніка», — адзначаецца ў адказе Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны на адпаведны запыт Радыё Свабода.

Разам з тым назва краіны нараджэньня і паходжаньня Васіля Быкава, верагодна, застанецца ў мінулай рэдакцыі. «Адносна назвы (краіны) „Білорусія“ інфармуем, што яе выкарысталі правільна, адпаведна з гістарычным пэрыядам, пра які гаворыцца ў артыкуле падручніка. Да 1991 году тэрыторыя сучаснай краіны Беларусь мела назву „Білорусія“ (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая ўваходзіла ў склад СССР)», — адзначылі ў Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны.

У сваю чаргу выдавецтва «Генеза», у якім выдадзены падручнік па замежнай літаратуры, запэўніла, што партрэт Васіля Быкава будзе абавязкова заменены на адпаведны ў наступным выданьні. «Просім прабачэньня за памылку», — напісала галоўная рэдактарка выдавецтва Натальля Заблоцкая.

У падручніку, надрукаваным у 2015 годзе пад рэдактарствам Яўгеніі Валашчук і Алены Слабадзянюк і рэкамэндаваным Міністэрствам адукацыі ды навукі для вывучэньня ў школах, замест партрэта Васіля Быкава зьмешчаны фатаздымак Аляксея Мэстэргазі, які да Другой сусьветнай вайны працаваў у галоўным упраўленьні землеўпарадкаваньня Народнага камісарыяту земляробства СССР. Апроч таго, рэдактары выданьня пры апісаньні біяграфіі Васіля Быкава называюць краіну ягонага нараджэньня і паходжаньня «Білорусіей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG