Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень Волі — 107-я гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі


Народны Сакратарыят БНР, 1918 год
Народны Сакратарыят БНР, 1918 год

Падзеі 25 сакавіка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла незалежнасьць БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі.

Трэцяя Ўстаўная грамата БНР
Трэцяя Ўстаўная грамата БНР

Ад 1989 году ў Менску і іншых гарадах Беларусі ладзіліся сьвяточныя ўрачыстасьці, палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, пэрформансы, прысьвечаныя ўгодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ўлады ставіліся да гэтай даты ў розны час з рознай ступеньню варожасьці. Гэтая варожасьць асабліва ўзмацнілася ў апошнія гады, пасьля масавых пратэстаў 2020 году.

Таксама ў гэты дзень

1820 — расейскі цар Аляксандар І падпісаў указ пра забарону дзейнасьці езуітаў у Расейскай імпэрыі. Для Беларусі гэта быў удар па ўсёй сыстэме асьветы, бо менавіта сябры «Таварыства Ісуса» засяродзілі ў сваіх руках усю сярэднюю і вышэйшую адукацыю на тэрыторыі краіны. Езуіцкія акадэміі і калегіюмы дзейнічалі ў нас больш за 200 гадоў, давалі якасную эўрапейскую адукацыю і выпусьцілі мноства вучоных, грамадзкіх дзеячоў і пісьменьнікаў.

1917 — на канфэрэнцыі Беларускай сацыялістычнай грамады ў Менску ўтвораны Беларускі нацыянальны камітэт.

1946 — навучэнцы Глыбоцкай пэдагагічнай вучэльні Антось Фурс, Васіль Мядзелец і Алесь Юршэвіч стварылі Саюз беларускіх патрыётаў і прынялі ўрачыстую прысягу.

1949 — некалькі тысяч жыхароў Літвы дэпартавалі ў Сібір.

1952 — выходзіць у этэр першая беларуская перадача Гішпанскага радыё. Вядоўцы — Янка і Івонка Сурвілы.

1968 — заснаваны Менскі камэрны аркестар.

1969 — створаны вакальна-інструмэнтальны ансамбль «Лявоны» пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна.

«Песьняры». Менск, 1977
«Песьняры». Менск, 1977

1990 — пад назвай «Дзень Волі» выйшаў нулявы нумар газэты «Свабода».

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Турэччынай.

1995 — Беларусь і Польшча падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

2006 — «Паход Казуліна на Акрэсьціна»: пасьля мітынгу да Дня Волі ў Купалаўскім сквэры былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін заклікаў прысутных пайсьці да турмы на Акрэсьціна, дзе адбывалі пакараньне дзясяткі палітвязьняў, затрыманых пасьля выбараў і разгону намётавага мястэчка. Калёну зь некалькіх тысяч чалавек на праспэкце Дзяржынскага сустрэлі спэцаддзелы міліцыі, жорстка пабілі і разагналі. Казуліна затрымалі і асудзілі на пяць з паловай гадоў за «злоснае хуліганства і масавыя беспарадкі».

Сутыкненьне пратэстоўцаў з АМАПам, 25 сакавіка 2006 г.
Сутыкненьне пратэстоўцаў з АМАПам, 25 сакавіка 2006 г.

2017 — брутальны разгон маршу на Дзень Волі ў Менску. Каля тысячы чалавек затрыманыя.

2018 — у Беларусі і за яе межамі адзначалася 100-годзьдзе БНР.

Сьвяткаваньне Дня Волі, Менск, 25 сакавіка 2018
Сьвяткаваньне Дня Волі, Менск, 25 сакавіка 2018

2021 — арыштаваныя журналіст Анджэй Пачобут і іншыя актывісты польскай супольнасьці ў Беларусі. Пачобуту прысудзяць 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

У гэты дзень нарадзіліся

1347 Кацярына Сіенская, каталіцкая сьвятая, італьянская рэлігійная дзяячка і пісьменьніца позьняга Сярэднявечча, якая пакінула мноства лістоў і містычны твор «Дыялёгі аб Провідзе Божым».

1905Аляксандар Вечар, вучоны-біяхімік, акадэмік, паэт.

1905Браніслаў Ржэўскі, літаратуразнаўца, пэдагог, удзельнік антысавецкіх пратэстаў 1950-х, палітычны вязень.

1935 Уладзімер Папковіч, беларускі пісьменьнік і перакладчык.

Рыгор Барадулін і Ўладзімер Папковіч
Рыгор Барадулін і Ўладзімер Папковіч

1954Уладзiмер Кур'ян, кампазытар, загадчык музычнае часткі Купалаўскага тэатру.

У памяці

1918Клёд Дэбюсі, францускі кампазытар.

1937Зыгмунт Нагродзкі, паэт і культурніцкі дзяяч, мэцэнат.

1999 Вячаслаў Чарнавол, украінскі палітык, грамадзкі дзеяч, праваабаронца, дысыдэнт савецкіх часоў.

Вячаслаў Чарнавол, 1990
Вячаслаў Чарнавол, 1990

2004 Валянтына Пашкевіч, мовазнаўца, аўтарка Ангельска-беларускага слоўніка.

2019 Яўгенія Чаплінская (ад нараджэньня Белановіч), пэдагог, культурная дзяячка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG