Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалілі палітвязьня Яўгена Курганава і былую выкладчыцу Натальлю Дуліну


34-гадовы палітвязень Яўген Курганаў адбыў тэрмін пакараньня і выйшаў на волю з магілёўскай калёніі № 15, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Жыхара Менску затрымалі 30 кастрычніка 2020 году. Першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне за ўдзел у масавых беспарадках, аднак пасьля справу перакваліфікавалі на актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

23 сакавіка 2021 года суд Заводзкага раёну Менска засудзіў Курганава да двух гадоў калёніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, у мужчыны інваліднасьць ІІІ групы.

Вядомая лінгвістка Натальля Дуліна выйшла на волю пасьля 15-сутачнага арышту

Былая дацэнтка Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ), член Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі (КС) Натальля Дуліна выйшла на волю пасьля 15-сутачнага арышту, паведамляе тэлеграм-канал «МДЛУ за свабоду».

Як паведамлялася, Дуліну затрымалі 3 чэрвеня. Ёй паставілі ў віну «дробнае хуліганства» – нібыта яна «размахвала рукамі і нецэнзурна лаялася». Пры гэтым суд адхіліў хадайніцтва лінгвіста аб праглядзе запісаў камэр назіраньня, прыняўшы да ўвагі толькі паказаньні сьведкі – супрацоўніка міліцыі.

Гэта было трэцяе затрыманьне Дулінай ад пачатку 2022 году. Папярэднія два таксама заканчваліся арыштамі на 15 сутак.

  • Са жніўня 2020 года Натальля Дуліна пасьлядоўна выступае супраць гвалту. Яна падтрымала студэнцкі пратэст супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткасьці з боку сілавікоў. Яе некалькі разоў затрымлівалі, у кастрычніку 2020 году арыштавалі на 14 сутак за падтрымку пратэсту студэнтаў і ўдзел у агульнанацыянальным страйку.
  • Падчас страйку Дуліна зьвярнулася да студэнтаў у тэлеграм-канале «МДЛУ за свабоду» з заявай ад выкладчыкаў, якія выступаюць за перамены. Пасьля ўдзелу ў страйку дацэнта звольнілі з МДЛУ.
  • Дуліна лічыцца адным з найлепшых адмыслоўцаў па італьянскай мове ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG