Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Практычна на памяць вывучыла дзьве прамовы Лукашэнкі». Легендарная выкладчыца Натальля Дуліна расказвае пра чарговыя «суткі»

«Практычна на памяць вывучыла дзьве прамовы Лукашэнкі». Легендарная выкладчыца Натальля Дуліна расказвае пра чарговыя «суткі»


Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

Натальля Дуліна, экс-дацэнт МДЛУ і вядомая італьяністка, выйшла на волю пасьля чацьвёртай адседкі. Гэтым разам яна пабывала ў сталічных ІЧУ і ЦІПе, а таксама ў Магілёўскім СІЗА.

У параўнаньні з Акрэсьціна, у Магілёве вельмі ветлівыя супрацоўнікі і добра кормяць, кажа яна. Але былі і свае «цікавосткі».

Італьянец зрабіў рэпост інтэрвію, вінаватая аказалася Дуліна

Гэтым разам Натальлю Дуліну затрымалі 25 красавіка дома паводле артыкула 19.11 — «за распаўсюд, выраб інфармацыйнай прадукцыі, што ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці альбо прапагандуе такую дзейнасьць». І хоць і ў РУУСе, і на судзе Натальля спрабавала растлумачыць, што «падпіска» і «захоўваньне» — гэта розныя тэрміны, ёй прысудзілі 15 сутак з канфіскацыяй тэлефона.

«Калі б я была першы раз, было б цяжка, чацьвёрты — крыху лягчэй.

Што да майго чарговага затрыманьня, у мяне такая вэрсія: перад Вялікаднем Лукашэнка сказаў сілавікам: „Дрэнна працуеце, мала саджаеце“. І праз пару дзён да мяне прыйшлі. Замарочвацца, лавіць кагосьці, шукаць — дастаткова цяжка, нічога ж не адбываецца, а тут бяруць старую базу і ідуць па ёй», — выказвае сваё меркаваньне пра прычыну затрыманьня Натальля.

З дому Дуліну павезьлі ў Ленінскі РУУС, доўга корпаліся ў яе тэлефоне. Прычапіліся да таго, што яна падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы.

«Я паказала ім артыкул 19.11: «Бачыце, тут няма слова „падпіска“, толькі „захоўваньне“. „Ну, па сутнасьці гэта адно і тое ж“, — кажа міліцыянт. „Што значыць па сутнасьці? — абурылася я. — Гэта ж юрыдычныя тэрміны!“»

У фэйсбуку на яе старонцы знайшлі артыкул з Радыё Свабода.

Сама Натальля яго не выстаўляла. У выніку аказалася, што італьянскі сябар і калега Натальлі перапосьціў яе інтэрвію. Натальля ўздыхнула з палёгкай, што таго сябра наўрад ці «дастануць».

Урэшце міліцыянты склалі пратакол: «Захоўваньне інфармацыйнай прадукцыі канала відэахостынгу „You Tube“ з назвай „Радыё Свабода“, уключаны ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі 03.12.2021 судом Цэнтральнага раёна г. Мінска». Натальля напісала ў пратаколе, што яна ня згодная і віну не прызнае.

З абеду да раніцы наступнага дня яна прабыла ў так званым «абязьяньніку» Ленінскага РУУС Менску.

Суд па скайпе: 15 сутак і канфіскацыя тэлефона

26 красавіка Натальля трапіла ў ІЧУ.

«У двухмеснай камэры нас было 5 чалавек. Там драўляныя шконкі, але ёсьць клапы. У мяне на скуры былі ўкусы. І што добра ў ІЧУ — там кормяць усіх. Раніцай мяне прывялі і адразу далі кашу. Бо суткі ў „абязьяньніку“ я ня ела. Абед я прапусьціла — мяне павялі на суд праз ноўтбук.

Судзьдзя зачытала пратакол, у тым ліку і маю заўвагу пра тое, што я ня згодная і не прызнаю віну. Выклікалі сьведку — супрацоўніка РУУС. Ён кажа, што ў 12.45 у маім тэлефоне было знойдзена тое і тое, і заяўляе, што я прызналася, што рабіла рэпосты, а потым выдаляла. Тады я задала пытаньне: „А як вы можаце патлумачыць, што ў тым жа пратаколе напісала, што не прызнаю гэта?“ Я задавала і іншыя пытаньні, якія судзьдзя адхіляла. У сваім апошнім слове я зноў зьвярнула ўвагу на супярэчлівасьці ў фармулёўках, абгрунтавала, што падпіска і распаўсюд — розныя рэчы.

Судзьдзя, як кажуць, „не адыходзячы ад касы“, зачытала загадзя падрыхтаванае рашэньне, цалкам перапісанае з пратаколу. 15 сутак і, натуральна, з канфіскацыяй тэлефона», — расказвае пра суд Натальля.

9 дзён у ЦІПе: без матрацаў, сродкаў гігіены, забралі нават зубную пасту і гель, што засталіся ад былых сядзельцаў

Пасьля суду Натальлю Дуліну перавялі ў ЦІП, не аддалі ні рэчаў, ні сродкаў гігіены, дазволілі пакінуць толькі лекі. Завялі на трэці паверх у 15-ю камэру, насупраць той, у якой яна сядзела ў сакавіку.

«Там было шмат палітычных. Прывялі знакамітую бяздомную Алу Ільінічну, праўда, яна пабыла з намі толькі паўдня.

Гэтым разам у ЦІПе мне пашанцавала значна больш, чым пры трэцяй адседцы. Па-першае, камэра было двухмесная, а нас было толькі 12 (мінулы раз у такой самай было 17, у шасьцімеснай — 27). Адчынялася вакно, можна было праветрыць камэру, не было страшэннай задухі. І мне падалося, што неяк цішэй і стрыманей паводзілі сябе супрацоўнікі. Такога нахабства і хамства, жорсткага стаўленьня, як мінулым разам, не было. Нават сумнавядомы Яўген Урублеўскі, які прыходзіў на шмон, нічога сабе такога не дазваляў», — дзеліцца ўражаньнямі Натальля.

Дарэчы, калі Натальля выйшла на волю 10 траўня, прыйшоў ліст — адказ на яе зварот у Генэральную пракуратуру пра жудасныя ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна: «Ваш зварот разгледжаны. Па выніках праверкі парушэньняў нормаў заканадаўства ў дзеяньнях супрацоўнікаў ЦІП ня знойдзена», — напісана ў лісьце.

9 дзён жанчына правяла ў ЦІПе, дзе нічога не зьмянілася.

«Зноў пабудка па начах. Матрацаў, бялізны няма, спалі на падлозе, верхняе адзеньне не аддалі, сродкаў гігіены няма. Душ, прагулка — наагул з вобласьці фантастыкі. Нейкая драбяза, кшталту паловы цюбіка зубной пасты і крыху гелю — засталася ад былых сядзельцаў. Але ў адзін дзень прыйшлі са шмонам і выграблі ўсё, што ў нас было. Плюс зачынілі вакно і вырвалі вяровачку, з дапамогай якой яно адчынялася», — расказала Натальля.

«Людзей затрымліваюць за падзеі 2020 году і адразу „шыюць“ крыміналку»

Кожны раз у ЦІПе Натальля даведваецца пра новыя выпадкі. Гэтым разам зь ёю ў камэры былі некалькі жанчын, якіх «перазакрылі» два разы.

«Яны адседзелі свае 15 сутак, калі тэрмін канчаўся, выходзілі, мы зь імі разьвітваліся, а праз пару гадзін іх зноў вярталі ў нашу камэру. Аказалася, іх выклікалі ў суседні кабінэт і паказвалі новы пратакол аб непадпарадкаваньні законным патрабаваньням супрацоўнікаў ЦІП. То бок яны сядзелі ў камэры і аказалі непадпарадкаваньне, і зноў ім далі 15 сутак.

Адну жанчыну павінны былі выпусьціць калі 3-й гадзіны ночы. Вывелі з камэры каля 5-й раніцы, яе няма і няма. Аказалася, што яе павезьлі ў РУУС, там трымалі ў „абязьяньніку“, выставілі зноў артыкул аб хуліганстве і вярнулі да нас у камэру», — кажа Натальля Дуліна.

А ў ІЧУ ў камэры з Натальляй былі дзяўчаты, якіх затрымалі на 10 дзён за падзеі 2020 году: у тэлефонах знайшлі фатаграфіі з акцый. Цяпер іх справы ў распрацоўцы паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў). Паколькі па адміністратыўных справах выйшаў тэрмін даўнасьці, то цяпер бяруць людзей і «шыюць» ім крыміналку, дзеліцца сваімі назіраньнямі Натальля.

Магілёў: рукі закоўвалі ў кайданкі, катавалі холадам у камэрах

6 траўня Натальлю разам зь дзьвюма іншымі сукамэрніцамі этапавалі ў Магілёў. Рана паднялі, загадалі: «З рэчамі на выхад». Зь імі былі і жанчыны зь ВІЧ.

«Калі мы прыехалі ў Магілёў, зьвярнулі ўвагу, што ўсім, акрамя мяне і дзяўчынкі, у якой таксама „палітычны“ артыкул за „непадпарадкаваньне“, аддалі верхняе адзеньне, а нам — не.

На „палітычных“ надзелі кайданкі, прычым рукі закавалі за сьпінаю, а ня сьпераду, і павялі. А астатнія жанчыны засталіся.

Калі мы падымаліся на трэці паверх, апошняя прыступка была зь нейкім выступам. Я спатыкнулася і ўпала. На твар, на скронь. Галавой моцна ўдарылася. Паколькі рукі былі за сьпінаю, я не магла згрупавацца, каб сябе засьцерагчы», — кажа Натальля.

Турэмныя ахоўнікі спалохаліся, дапамаглі падняцца, пыталіся, ці памятае яна, як яе завуць, які цяпер год, узгадвае яна.

На трэцім паверсе были тры малыя камэры. «Палітычных» зьмясьцілі ў камэру, дзе не было вады.

«Адна шконка, матрацаў не далі. Стаіць „ачко“, нічым не агароджанае, з рэшткамі перабываньня былых пастаяльцаў. Ежы не далі — цэлы дзень ня елі.

Гэта быў кашмар: мы трапілі ў камэру-„лядоўню“. Там я зразумела, што такое катаваньні. Мы спалі ў абдымку, трэсьліся ад холаду, прасілі вярнуць верхняе адзеньне, прынесьці хаця б коўдру. Але супрацоўнікі нам далі зразумець, што гэта загад зьверху — маўляў, усталявана відэакамэра, і ўсё будзе заўважана», — узгадвае тыя пакуты Натальля.

Паколькі быў люты холад, яна практычна ўвесь час займалася фізкультурай. Прызнаецца, што на волі ў дзень ніколі не рабіла столькі крокаў, колькі за кратамі. Бегала, скакала, прысядала — гэтак разагравалася.

Ветлівыя супрацоўнікі зь дзіўнымі забавамі — «шмонамі»

Нягледзячы на тое, што турэмныя наглядчыкі ў Магілёве былі надзвычай ветлівыя, былі ў іх і свае забавы: праводзіць па некалькі разоў на дзень даволі дзіўныя «агляды». Першы — яшчэ да сьняданку, а 7-й раніцы.

«Прасоўваеш рукі ў кармушку, на іх надзяюць кайданкі. Потым з закаванымі рукамі мы выходзім у калідор, стаім тварам да сьцяны. Заводзяць у сярэднюю камэру. Там жанчына-аглядчыца нас распранае, праводзіць па нас мэталашукальнікам, прымушае прысядаць, распускаць валасы, паказваць, што ў роце, за шчокамі, за вушамі. У гэты час праходзіць шмон у камэры.

Мы вяртаемся ў камэру, высоўваем рукі ў кармушку, нам здымаюць кайданкі. Потым сьнедаем. Праз гадзіну нас зноў выводзяць на шмон — па такім жа самым сцэнары, і праводзяць яго тыя ж самыя людзі. Навошта, пытаемся, гадзіну таму нас жа правяралі? Перад вячэрай зноў паўтараецца шмон. Пасьля вячэры загадваюць узяць усе рэчы, яшчэ раз надглядаюць і пераводзяць у іншую камэру. Яна такая ж халодная, але ў ёй ёсьць вада!» — узгадвае Натальля.

Былі і сьмешныя выпадкі: аднойчы прыходзіць «прадольны» і кажа, што ён забыўся кайданкі, і папрасіў зрабіць выгляд, што яны ёсьць.

«Кажа: працягніце рукі ў кармушку, я скажу „чык“ (нібыта іх закрыў), і вы выходзіце са счэпленымі перад сабой рукамі. Вяртаемся, зноў працягваем рукі ў кармушку, ён кажа „чык“», — з усьмешкай расказвае жанчына.

Выхоўвалі прамовамі Лукашэнкі

У камэрах ад 6-й раніцы да 22-й ночы было ўключана дзяржаўнае радыё. Вельмі гучна, цішэй зрабіць немагчыма. Добрае ў тым, што дзякуючы радыё арыштанткі ведалі, якая цяпер гадзіна.

«8 і 9 траўня я практычна на памяць вывучыла дзьве прамовы Лукашэнкі — на плошчы Дзяржаўнага сьцяга, калі ён гаварыў пра сымболіку, і 9 траўня. Гэтыя прамовы шматкроць паўтаралі ва ўсіх навінах. Страшэнна раздражнялі папсовыя беларускія песьні», — дзеліцца ўражаньнямі Натальля.

Сум прыходзіў перад адбоем. Жанчыны з жахам глядзелі на голую шконку. Аднак у Магілёве былі і свае «плюсы» у параўнаньні з Акрэсьціна. Першы — там вельмі добра кормяць, заўважае Натальля.

«Разнастайная ежа, а ня так, як на Акрэсьціна — каша 3 разы на дзень. На сьняданак у Магілёве давалі рассыпчатую грэчку, добра прыгатаваную, вельмі смачную. На абед — бульбу (на Акрэсьціна мы яе наагул ня бачылі), увечары — макарону. Мяса давалі асобна, ня зьмешвалі з гарнірам (а паколькі я вэгетарыянка, мне гэта пасавала).

А другое — гэта ветлівыя супрацоўнікі, яны паводзяць сябе як нармальныя людзі. Мы выходзілі ў кайданках і віталіся зь імі.

Толькі адзін прыкры выпадак быў, калі наглядчыца забрала ў мяне калготкі, маўляў, „не паложана“. Я спачатку ветліва пярэчыла, што „вельмі холадна ў камэры, у мяне ж іх не забіралі пры ранейшых надглядах, я тут ужо тры дні“. Яна адрэагавала даволі агрэсіўна, пачала высьвятляць, хто мяне надглядаў раней, хто парушыў інструкцыю. Я тады агрызнулася. Яна кажа, маўляў, я злачынца, а яна нідзе не сядзела яшчэ. Я адказала: „Яшчэ ня вечар“. Але трэба аддаць належнае, яна мне ня помсьціла потым, мы зь ёю нармальна кантактавалі», — узгадвае свае чарговыя 15 сутак Натальля Дуліна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG