Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Анішчук меўся выйсьці на волю, але яму выставілі новае абвінавачаньне


Арцём Анішчук
Арцём Анішчук

Арцёма Анішчука зрабілі падазраваным у абразе міліцыянтаў, але ні доказаў, ні фактаў не прад’явілі.

Палітвязень Арцём Анішчук мае выйсьці на волю 29 чэрвеня. У гэты дзень цалкам канчаецца ягоны тэрмін пакараньня ў два гады па 339 артыкуле (хуліганства). Па вэрсіі сьледзтва і суду, ён разам зь іншымі асобамі пашкодзіў машыну аднаго з супрацоўнікаў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

Па інфармацыі Свабоды, да выхаду з турмы Арцёма зрабілі падазраваным яшчэ па адным артыкуле — 369. Пра гэта палітзьняволенаму паведамілі 20 траўня, за месяц да вызваленьня. Нібыта ён «абразіў міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце» яшчэ да затрыманьня.

Арцём пакуль у СІЗА Гомля, у чацьвер яго перавядуць у сьледчую турму Магілёва, бо хочуць праводзіць сьледчыя дзеяньні цягам 10 дзён. Адвакат яшчэ не сустракаўся з палітзьняволеным. Ні фактаў, ні доказаў па новай крымінальнай справе Арцёму Анішчуку не прад’явілі.

У траўні Арцём другі раз перахварэў на ковід і тыдзень правёў у санітарнай частцы. У лістах ён перадае ўсім прывітаньні. 20 траўня ў Арцёма быў дзень народзінаў, яму споўнілася 34 гады.

У мінулым годзе на Арцёма Анішчука заводзілі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі магілёўскай калёніі № 15. Тады палітвязень заяўляў пра фізычны і псыхалягічны ціск, на знак пратэсту супраць гэтага праглынуў мэталічныя прадметы.

У выніку пракуратура вынесла пастанову аб спыненьні крымінальнай справы, але яе не закрылі.

Праваабаронцы тады выступілі з заявай, паводле якой адносна зьняволенага з боку адміністрацыі калёніі ўжываліся гвалтоўныя дзеяньні фізычнага і псыхалягічнага характару.

«Па словах Арцёма, гэтыя дзеяньні ў дачыненьні да яго ажыцьцяўляюцца цягам месяца, ад самага пачатку знаходжаньня ў гэтай калёніі. Пры гэтым да зьняволенага на надуманых і незаконных падставах не дапускаюць адваката, а таксама зьмяшчаюць яго ў ПКТ і ШЫЗА», — было напісана напісана ў заяве праваабаронцаў.

У гэтай жа калёніі Анішчука пазбаўлялі спатканьняў і прэсы.

Што вядома пра палітвязьня Анішчука

  • Былы супрацоўнік Менскага мэтрапалітэну Анішчук быў асуджаны за супрацьпраўныя дзеяньні ў дачыненьні прадстаўніка МУС.
  • Падчас знаходжаньня Анішчука ў Магілёўскай калёніі праваабаронцы выступілі з заявай, паводле якой адносна зьняволенага з боку адміністрацыі калёніі ўжываліся гвалтоўныя дзеяньні фізычнага і псыхалягічнага характару.
  • «Па словах Арцёма, гэтыя дзеяньні ў дачыненьні да яго ажыцьцяўляюцца цягам месяца, ад самага пачатку знаходжаньня ў гэтай калёніі. Пры гэтым да зьняволенага на надуманых і незаконных падставах не дапускаюць адваката, а таксама зьмяшчаюць яго ў ПКТ і ШЫЗА», — было напісана напісана ў заяве праваабаронцаў.
  • Пратэстуючы супраць катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня, Анішчык праглынуў мэталічны прадмет.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG