«Па словах Арцёма, гэтыя дзеяньні ў дачыненьні да яго ажыцьцяўляюцца цягам месяца, ад самага пачатку знаходжаньня ў гэтай калёніі. Пры гэтым да зьняволенага на надуманых і незаконных падставах не дапускаюць адваката, а таксама памяшчаюць яго ў ПКТ і ШЫЗА», — напісана ў заяве праваабаронцаў.
Пратэстуючы супраць катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня, Арцём праглынуў мэталічны прадмет. Таксама «Вясна» валодае інфармацыяй аб новай крымінальнай справе супраць Анішчука паводле арт. 411 КК (сыстэматычнае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы), што пагражае павелічэньнем тэрміну знаходжаньня ў месцах пазбаўленьня волі да яшчэ аднаго году звыш прызначанага тэрміну.
У выпадку далейшага перасьледу Анішчука праваабаронцы могуць прызнаць яго палітычным зьняволеным. Яны мяркуюць, што дзеяньні турэмнай адміністрацыі базуюцца на помсьце за тое, што Арцём асуджаны за супрацьпраўныя дзеяньні ў дачыненьні прадстаўніка МУС.
Праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі:
- прыняць неадкладныя захады, скіраваныя на спыненьне катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня ў дачыненьні зьняволенага папраўчай калёніі № 15 Арцёма Анішчука;
- распачаць эфэктыўнае расьсьледаваньне ўсіх фактаў катаваньняў, дапушчаных у дачыненьні Арцёма Анішчука службовымі асобамі ПК № 15 і адхіліць іх ад займаных пасадаў на пэрыяд правядзеньня сьледзтва;
- неадкладна дапусьціць да Арцёма Анішука адваката ў мэтах аказаньня яму гарантаванай арт. 62 Канстытуцыі Беларусі, Крымінальна-працэсуальным і Крымінальна-папраўчым кодэксамі прававой дапамогі;
- прыняць захады для аказаньня неабходнай мэдыцынскай дапамогі.