Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Арцём Анішчук, які «зьнік» з магілёўскай калёніі, знайшоўся ў Гомлі


Арцём Анішчук
Арцём Анішчук

Пра гэта паведамляе партал Zerkalo.io са спасылкай на праваабаронцаў

Стала вядома, што жонцы Арцёма Вользе прыйшоў ліст ад мужа з гомельскага СІЗА-3, у якім той паведаміў, што зь ім усё ў парадку, хіба што прастыў.

31 жніўня жонка палітвязьня з адвакатам прыяжджала ў магілёўскую калёнію, аднак там сказалі, што зьняволенага Анішчука там няма. Але дзе знаходзіцца — не сказалі.

У магілёўскім аддзяленьні дэпартамэнту выкананьня пакараньняў таксама ня мелі інфармацыі, заявіўшы, што «разьмеркаваньнем займаецца Менск».

Сьледчы, які вядзе крымінальную справу паводле артыкулу 411 КК, таксама не ведаў, дзе цяпер Анішчук. Гэты артыкул — «Сыстэматычнае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі».

У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў ў Менску жонцы Арцёма тады сказалі, што інфармацыю, дзе знаходзіцца Анішчук, змогуць даць толькі ў пятніцу, 3 верасьня.

  • Былы супрацоўнік Менскага мэтрапалітэну Анішчук быў асуджаны за супрацьпраўныя дзеяньні ў дачыненьні прадстаўніка МУС.
  • Падчас знаходжаньня Анішчука ў Магілёўскай калёніі праваабаронцы выступілі з заявай, паводле якой адносна зьняволенага з боку адміністрацыі калёніі ўжываліся гвалтоўныя дзеяньні фізычнага і псыхалягічнага характару.
  • «Па словах Арцёма, гэтыя дзеяньні ў дачыненьні да яго ажыцьцяўляюцца цягам месяца, ад самага пачатку знаходжаньня ў гэтай калёніі. Пры гэтым да зьняволенага на надуманых і незаконных падставах не дапускаюць адваката, а таксама зьмяшчаюць яго ў ПКТ і ШЫЗА», — было напісана напісана ў заяве праваабаронцаў.
  • Пратэстуючы супраць катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня, Анішчык праглынуў мэталічны прадмет.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG