Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запушчаны рак, хвароба Паркінсона і паталёгія хрыбта. Мэдычная карта Пуціна паводле выведнікаў і СМІ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ня будзе праводзіць у чэрвені штогадовую «прамую лінію». Пра гэта заявіў яго прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў, дадаўшы, што тэрміны правядзеньня «прамой лініі» невядомыя.

Расейскі прэзыдэнт наогул вельмі рэдка зьяўляецца на публіцы і да гэтага часу, нягледзячы на адмену ўсіх каранавірусных абмежаваньняў, нават з урадоўцамі размаўляе празь відэасувязь, а не асабіста. А ў заходняй прэсе тым часам усё часьцей зьяўляюцца артыкулы аб праблемах Уладзіміра Пуціна са здароўем.

Амэрыканская выведка рэгулярна рыхтуе для адміністрацыі Джо Байдэна даклады аб здароўі Ўладзіміра Пуціна. У траўні быў прадстаўлены ўжо чацьвёрты такі даклад. Ва ўсякім разе, так сьцьвярджае выданьне Newsweek.

«Гэта ў цэлым даволі распаўсюджаная практыка. Амэрыканская выведка робіць такія даклады (і ня толькі амэрыканская) дастаткова рэгулярна, у тым ліку і пра афрыканскіх лідэраў, дзе лёс рэжымаў шмат у чым залежыць ад здароўя лідэра. Пра Беларусь такія былі даклады», — тлумачыць палітоляг, дырэктар па дасьледаваньнях «Цэнтру пэрспэктыўных кіраўніцкіх рашэньняў» Міхаіл Комін.

Адразу тры высокапастаўленыя крыніцы ў адміністрацыі Байдэна расказалі Newsweek, што, паводле зьвестак выведкі, Пуцін прайшоў у красавіку курс лячэньня ад запушчанага раку. А ў сакавіку на расейскага прэзыдэнта нібыта быў зроблены замах. Пры гэтым у артыкуле адзначаецца, што ўсе тры чыноўнікі: адзін з офісу дырэктара нацыянальнай выведкі, адзін старшы афіцэр ВПС у адстаўцы і адзін з упраўленьня выведкі Міністэрства абароны ЗША — папярэджваюць, што ізаляцыя расейскага лідэра ўскладняе для амэрыканскай выведкі дакладную ацэнку здароўя Пуціна.

Са спасылкай на знаёмых у мэдыцынскіх колах, ізраільскі журналіст Марк Катлярскі 30 траўня пісаў, што ў Пуціна рак падстраўнікавай залозы і яго яшчэ толькі рыхтуюць да апэрацыі ў Цэнтры ім. Блахіна ў Маскве. Брытанскія таблоіды ў той жа дзень увогуле паведамілі, што расейскі прэзыдэнт ужо памёр. Выданьні Star, Mirror і The Sun напісалі, што Пуціна, напэўна, замяняе ягоны двайнік. Пра гэта ім нібыта паведаміла крыніца ў брытанскай выведцы.

Нарэшце, пра агрэсіўную паталёгію хрыбта, знойдзеную ў Пуціна яшчэ гадоў дзесяць таму, расказала ў сваім фэйсбуку опэрная сьпявачка і былая дэпутатка Дзярждумы Расеі Марыя Максакова. Яна з 2016 году жыве ў Кіеве. Пра хваробу Пуціна даведалася ў 2011 годзе ад людзей, якія займаліся ўнікальнымі дасьледаваньнямі ў мэдыцынскай галіне.

Самым дэталёвым матэрыялам аб здароўі Пуціна на сёньняшні дзень быў матэрыял выданьня «Проект». Журналісты высьветлілі, што прэзыдэнта Расеі вось ужо некалькі гадоў суправаджае вялізная брыгада мэдыкаў. Сярод іх хірург, спэцыяліст у раку шчытападобнай залозы.

Калі падсумаваць, то атрымліваецца, што Ўладзімір Пуцін можа пакутаваць на рак падстраўнікавай і шчытападобнай залозы, а яшчэ на хваробу Паркінсона. Яе сымптомы шукаюць і знаходзяць украінскія СМІ. Плюс да гэтага — агрэсіўная паталёгія хрыбта.

Ці хворы хоць на нешта з гэтага ў рэальнасьці Ўладзімір Пуцін, мы ня ведаем. Чаму ж тады ва ўкраінскіх, расейскіх, брытанскіх, амэрыканскіх СМІ са спасылкамі на крыніцы зьяўляецца такая інфармацыя? Ці можа гэта быць элемэнтам інфармацыйнай вайны?

«Гэта даволі шчырае жаданьне вялікай колькасьці людзей вось так проста вырашыць праблему», — лічыць палітоляг Сяргей Гайдай.

Двума словамі — wishful thinking. І абываталі, і прэса, і нават выведка можа выдаваць жаданае за сапраўднае, адказваючы на запатрабаваньне грамадзтва, гавораць экспэрты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG