Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заводзілі ў суседняе памяшканьне, праз 10–15 сэкундаў гучаў стрэл». Алкаеў пра расстрэлы, рэйкавых партызанаў і «сьпіс тэрарыстаў»


Былы начальнік менскага СІЗА № 1, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» Алег Алкаеў у эфіры Свабоды Premium разважае пра тое, дзеля чаго ўладам спатрэбілася ўводзіць сьмяротную кару за намер ажыцьцявіць тэрарыстычны акт.

Акаеў камэнтуе пашырэньне сьпісу тэрарыстаў, а таксама расказвае пра тое, як у Беларусі праводзяцца расстрэлы і чаму пад новыя артыкулы ў крымінальным кодэксе павінны падпасьці і вінаватыя ў зьнікненьні вядомых палітыкаў.

Алег Алкаеў — былы начальнік менскага СІЗА № 1, так званай «Валадаркі», аўтар кнігі «Расстрэльная каманда». Больш за 30 гадоў працаваў у пэнітэнцыярнай сыстэме СССР, Казахстану і Беларусі. У 2001 годзе выступіў з выкрыцьцямі ў справе аб выкраданьні і меркаваным забойстве вядомых беларускіх палітыкаў. У 2002 годзе атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне.

Глядзець размову на відэа цалкам:

Сьцісла

  • Каб запалохаць, патрэбны нейкі актуальны прысуд. Артыкул жа не дарма ўвялі. Я ня думаю, што гэта будзе тычыцца канкрэтна Аўтуховіча.
  • Спачатку ў лесе праводзілі расстрэл, але гэта было па-барбарску. Гэта было не пакараньне сьмерцю, а забойства, расправа. Пасьля гэта рабілі ў памяшканьні.
  • Асуджаны разумеў, што гэта будзе не цяпер, што кудысьці павязуць. Пасьля чаго яму завязвалі вочы, заводзілі ў суседняе памяшканьне, дзе праз 10–15 сэкундаў гучаў стрэл. Па сутнасьці, пакараньне сьмерцю рабілася раптоўна.
  • У той час, калі я працаваў, за кратамі знаходзілася да 50 чалавек, асуджаных на расстрэл. А сёньня, можа, 2–3 чалавекі.
  • Пашырэньне сьмяротнай кары найперш робіцца дзеля таго, каб запалохаць, каб і думкі ў чалавека не ўзьнікала ў галаве.
  • Калі ўжо наша дзяржава перайшла на новую кваліфікацыю, то і справы зьніклых патрабуюць перагляду кваліфікацыі. Ня проста забойства Захаранкі, а акт тэрарызму.

«Гэта нешта новае ў юрыспрудэнцыі»

— Спадар Алег, найперш я б папрасіла вас пракамэнтаваць увядзеньне сьмяротнай кары ў Беларусі за намер ажыцьцявіць тэрарыстычны акт.

— Гэта нешта новае ў юрыспрудэнцыі. Аналягаў я ня бачыў у іншых краінах. Намер ёсьць намер. У Крымінальным кодэксе былі артыкулы пра замах, але калі не ўдалося давесьці злачынны намер да канца... Злачынства павінна быць закончаным. Гэта тэрмін з крымінальнага права, калі злачынца дасягае злачыннага выніку. А намер, задума — гэта першапачатковая стадыя злачынства. Пасядзелі, памарылі: хадзем заўтра лёнданскую біржу абрабуем — але мы разумеем, што гэта немагчыма, і гэта называецца голы намер ці проста балбатня. І сёньня гэты выведзена на ўзровень самастойнага, закончанага, зьдзейсьненага злачынства.

— Цяпер ідзе суд у справе Мікалая Аўтуховіча. Мы бачым, у якіх страшных клетках знаходзяцца падсудныя. І выглядае, што Аўтуховіча і людзей, якія праходзяць зь ім па гэтай справе, могуць асудзіць на расстрэл. Што вы думаеце пра справу Аўтуховіча?

— На тое, у чым абвінавачваюць Аўтуховіча, гэтае новаўвядзеньне не распаўсюджваецца. Дастаткова там ёсьць падзей, якія можна характарызаваць як завершаны склад злачынства, бо там былі два ці тры эпізоды з падпалам, падрывам. Калі б гэтыя падзеі былі гадоў дзесяць таму, то гэта назвалі б хуліганствам ці наўмысным пашкоджаньнем тэхнічных сродкаў ці будынкаў, але не зьвязаным з тэрарызмам. Сёньня ўсё зьвязваюць з паняткам «тэрарызм», а гэта даволі цяжкае злачынства ва ўсіх дзяржавах.

Да слова «тэрарызм» вельмі насьцярожана ўсе ставяцца. Гэта адчулі нашыя ўлады, і яны цяпер любую падзею разглядаюць як спробу дзяржаўнага перавароту, спробу захопу ўлады і іншыя гвалтоўныя дзеяньні, накіраваныя на зрынаньне ўлады і спадарожныя гэтаму злачынствы. Што такое тэрарызм? Наўмысныя падпалы, вывядзеньне са строю камунікацый... А можна было разгледзець як хуліганства, спробу зьнішчэньня маёмасьці.

Што азначае ўнясеньне Калесьнікавай і Знака ў «сьпіс тэрарыстаў»

— «Сьпіс тэрарыстаў» у Беларусі папаўняецца амаль кожны дзень, нядаўна ў яго дадалі Марыю Калесьнікаву, Максіма Знака. Што за гэтым стаіць?

— За гэтым стаяць рэальныя дзеяньні, каб узмацніць пакараньне. Іншыя артыкулы мякчэйшыя, яна да сьмяротнай кары не падводзяць, а тэрарызм падводзіць.

— Гэта выглядае як акт застрашваньня — ці гэта рэальныя дзеяньні, якія могуць быць рэалізаваныя?

— Гэта і ўваходзіла ў задачу — напалохаць, застрашыць. Гэта самы страшны артыкул. За яго прадугледжанае найцяжэйшае пакараньне... Любое злачынства ацэньваецца ў залежнасьці ад намеру вінаватага. Тое, што было зроблена, можна расцэньваць як хуліганства. А цяпер базавыя доказы, якія кладуцца ў аснову вызначэньня тэрарызму, — гэта тэлефонныя СМС, заклікі кшталту «Заўтра ідзем рабіць рэвалюцыю». Калі раней гэта была проста балбатня, то сёньня яна працуе супраць людзей. Напрыклад, у Мікалая Аўтуховіча была старонка ў Фэйсбуку, дзе ён рэгулярна пісаў пра свае пляны і намеры. Я ня буду іх характарызаваць, каб гэта не скарысталі супраць Аўтуховіча, але ўлады ўгледзелі там заклікі да захопу ўлады. А гвалтоўны захоп улады — гэта заўсёды акт тэрарызму.

Як праводзіліся расстрэлы

— Нас цяпер слухаюць, глядзяць ці чытаюць людзі самага рознага веку, і многія, маладзейшыя, ня ведаюць, што вы як начальнік СІЗА № 1 былі на чале расстрэльнай каманды. Раскажыце, як праводзіліся расстрэлы.

— Пачну крыху здалёк. Часам людзі маюць уяўленьне, што начальнік СІЗА ці кіраўнік расстрэльнай каманды прачнуўся ня з той нагі, устаў, узяў пісталет, сабраў каманду і пайшоў расстрэльваць людзей. Усё гэта далёка ня так. Гэта апошні эпізод у прысудзе суду. Да гэтага былі сьледзтва, суд, наглядны суд, хадайніцтва аб памілаваньні, адмова ў памілаваньні, і толькі потым расстрэльная каманда прыступае да сваёй дзейнасьці, калі пройдзеныя ўсе інстанцыі і больш няма да каго зьвяртацца. Звароты ў ААН ці да парлямэнтаў і кіраўнікоў іншых краінаў бессэнсоўныя. Няма пакуль такога міжнароднага мэханізму, які б мог спыніць гэты працэс.

— Як хутка выконваецца прысуд пасьля суду і ўсіх абскарджаньняў, пакуль чалавек знаходзіцца на «Валадарцы» і чакае сьмяротнай кары?

— Можа быць па-рознаму. Часам да году даходзіць. Нават калі асуджаны і ня піша хадайніцтва аб памілаваньні, усё роўна камісія па памілаваньні разглядае матэрыялы гэтай крымінальнай справы. А потым разглядае прэзыдэнт. У яго два варыянты — задаволіць хадайніцтва аб памілаваньні ці адмовіць. У Беларусі пакуль што ў 99% выпадкаў у памілаваньні было адмоўлена. Прынамсі, калі я працаваў. І пасьля мяне таксама...

«Асуджаных на сьмяротную кару выводзяць з камэры, рукі зьвязваюць ззаду і дастаўляюць да месца выкананьня прысуду»

— Што адбываецца пасьля таго, як усе інстанцыі пройдзеныя?

— Да мяне прыходзяць дакумэнты зь Вярхоўнага суду. У камплект дакумэнтаў уваходзіць хадайніцтва аб памілаваньні, указ прэзыдэнта аб адмове ў памілаваньні і суправаджальная запіска з суду, што ўсе інстанцыі пройдзеныя і неабходна прывесьці прысуд у выкананьне. Пасьля гэтага пачынаецца праца расстрэльнай каманды.

Кіраўнік каманды (тады гэта быў я) мае ў сваім распараджэньні 30 дзён для выкананьня прысуду. Вызначаецца дзень і месца выкананьня прысуду і ўся далейшая працэдура. Дзень вызначаецца з улікам таго, каб не працаваць асобна па кожным прысудзе, калі некалькі чалавек гатовыя дакумэнтальна да выкананьня сьмяротнай кары. Звычайна гэта ад трох да пяці чалавек. Камісія па памілаваньні таксама разглядала справы 3–5 чалавек. Па адным — гэта была вялікая рэдкасьць.

Вызначылі дзень, зьбіраюцца ўдзельнікі групы ў вызначаным месцы. Гэта супрацоўнікі, якія мне падпарадкоўваюцца, а таксама людзі зь іншых падразьдзяленьняў, якія паводле пасады таксама ўваходзяць у склад групы. Запрашаецца пракурор, і група прыступае да працы. Асуджаных на сьмяротную кару выводзяць з камэры, рукі зьвязваюць ззаду. Далей іх дастаўляюць да месца выкананьня прысуду. Тут я прапушчу дэталі.

У месцы выкананьня прысуду знаходзіцца кіраўнік (гэта я), прадстаўнік органаў унутраных спраў і пракурор (галоўная фігура ў гэтым працэсе), а таксама доктар. Фармальна працэсам кіруе пракурор, але на справе ён проста прысутнічае.

«Працэс чаканьня сьмяротнай кары — дадатковае пакараньне, не прадугледжанае законам»

— Пра месца расстрэлу вы маглі б сказаць хаця б умоўна?

— Не магу сказаць. Ёсьць закон, паводле якога цела расстралянага не аддаецца і месца пахаваньня ня ўказваецца. Я не магу расшыфроўваць месца выкананьня прысуду. Адзінае, пра што я пісаў у сваёй кнізе, — што спачатку гэта рабілася ў лесе. Я не пісаў, у якім канкрэтна лесе. Некалькі разоў мы там праводзілі расстрэл, але гэта было па-барбарску. Гэта было не пакараньне сьмерцю, а забойства, расправа. Пасьля гэта рабілі ў памяшканьні. Там усё было інакш. Трэба разумець, што калі чалавека прывозяць у лес, ён разумее, што не грыбы зьбіраць прыйшлі. Гэта дадатковая нагрузка на яго псыхіку.

Але гэта было нават па законе няправільна. Калі чалавека падводзяць да магілы, ставяць на калені на яе краі, страляюць у галаву і скідаюць у магілу, гэта па-барбарску нават з нашага пункту гледжаньня. Пры гэтым іншыя асуджаныя на сьмерць асобы знаходзяцца непадалёк ад машыны, і хоць яны ня бачаць працэдуры, але яны ўсё чуюць. Закон прадугледжвае, што расстрэл павінен адбываецца ў адсутнасьць іншых людзей. У лесе гэта немагчыма зрабіць, не пакінеш машыну за кілямэтар. Яна стаіць побач, пад аховай, пад канвоем. Усе ўсё чуюць, разумеюць. Па адным выводзяць. Гэта лішняе выпрабаваньне для асуджанага. Працэс чаканьня сьмяротнай кары — дадатковае пакараньне, не прадугледжанае законам.

У памяшканьні прасьцей. Гэта звычайнае памяшканьне... Не звычайнае, канечне, але стол, крэслы там... Паведамілі, што хадайніцтва аб памілаваньні адхілена, я падаваў каманду канвою, і асуджанаму абвяшчалі, што яго цяпер вязуць у іншае месца, дзе прысуд прывядуць у выкананьне. Ён разумеў, што гэта будзе не цяпер, што кудысьці павязуць. Пасьля чаго яму завязвалі вочы, заводзілі ў суседняе памяшканьне, дзе праз 10–15 сэкундаў гучаў стрэл. Усё... Ён думаў, што яго некуды павязуць, а для асуджаных кожныя 30 хвілін ці гадзіна — вялікі тэрмін. Па сутнасьці, пакараньне сьмерцю рабілася раптоўна.

У групе было некалькі стралкоў. Гэта былі штатныя стралкі, якія былі зафіксаваныя ў нашым сакрэтным дакумэнце. Іх выбіраў я. Звычайна два чалавекі. Нехта ў адпачынку, нехта захварэў, але практычна любы мог гэта зрабіць. Кастынгу ці пэрсанальнага адбору не было.

«Заводзілі наступнага, ён ня бачыў, што там ужо адзін расстраляны ляжаў запакаваны ў мяшок»

— Што адбывалася пасьля расстрэлу?

— Заводзілі наступнага. Ён ня бачыў, што там ужо адзін расстраляны ляжаў запакаваны ў мяшок. Заводзілі наступнага, і так усе, хто на гэты дзень былі вызначаныя для сьмяротнай кары, былі расстраляныя ў памяшканьні. Далей туды пад’яжджала машына, забіралі трупы і везьлі далей да месца пахаваньня. Іх везьлі запакаванымі ў мяхі. Яны не падыходзілі сваімі нагамі да магілы, як раней было. Гэта галоўнае.

— Колькі чалавек падчас вашай працы было расстраляна?

— Каля 150. 134 чалавекі было на момант майго допыту ў пракуратуры 23 ці 24 лістапада 2000 году. А я на сваёй пасадзе заставаўся да ад’езду ў Нямеччыну. Я і ў Нямеччыне зьяўляўся кіраўніком гэтай групы. Адсюль падаў рапарт аб звальненьні на пэнсію па выслузе гадоў.

— Вы ведалі справы асуджаных на сьмерць, у часы, калі былі начальнікам СІЗА №1. Што гэта за справы?

— Забойства. Былі асуджаныя да сьмяротнай кары двое чалавек за бандытызм, але таксама зьвязана з забойствам было.

«Гэта вялікая шкода для псыхікі, але да гэтага хутка прывыкаеш»

— Я разумею, што гэта для вас было няпростае выпрабаваньне, хоць гэта і быў ваш службовы абавязак. Наколькі для вас гэта было цяжка? Як вы знаходзілі сілы, тлумачэньні самому сабе, каб гэта не разбурыла вашу псыхіку?

— Канечне, гэта вялікая шкода для псыхікі, але да гэтага хутка прывыкаеш. Для мяне толькі першы раз быў у навіну, калі пабачыў усё на свае вочы. Тым больш я быў кіраўніком, ня меў права слабіну паказаць. Пасьля ў мяне зьявілася цьвёрдае перакананьне, што трэба мяняць, не рабіць расстрэлы ў лесе. І я гэта памяняў. І ўсё. Да астатняга ставіўся як да працы, бо калі эмоцыі ўключаць, то цябе надоўга ня хопіць. Можаш і сам захварэць ці ў вар’ятню трапіць. Чалавек абараняецца, мозг самаабараняецца, ён выключае гэтыя падзеі. Ты на другі дзень забываеш усё, што было. У цябе асноўная праца ёсьць, а гэта ж была не асноўная праца.

«У 1970-я і 1980-я гады, у пэрыяд, калі я працаваў, міліцыя хадзіла бяз зброі»

— Як вы глядзелі і цяпер гледзіце на мэтазгоднасьць сьмяротнай кары?

— Гэта дыскусійнае пытаньне. У мяне мянялася стаўленьне шмат разоў. Я знаходжуся на тэрыторыі Эўразьвязу, дзе няма сьмяротнай кары. І бачу, што тут абыходзяцца бяз гэтага. І Беларусь таксама можа абыходзіцца бяз гэтага. Сёньня ў Беларусі вельмі рэдка расстрэльваюць. У той час, калі я працаваў, за кратамі знаходзілася да 50 чалавек, асуджаных на расстрэл. А сёньня, можа, 2–3 чалавекі.

Магчыма, як прафіляктычная мера ў свой час гэта дапамагала, узьдзейнічала на асабліва мацёрых злачынцаў. Яны баяліся расстрэлу. Але Эўропа жыве бяз гэтага. Са мной часта размаўляюць журналісты з Расеі, бо там зьяўляюцца заклікі вярнуць сьмяротную кару.

Сьмяротная кара ўзьдзейнічала на крымінал. У 1970-я і 1980-я гады, у пэрыяд, калі я працаваў, міліцыя хадзіла бяз зброі. Калі нехта браў пісталет, гэта цэлая падзея была. Начальства неахвотна зброю выдавала, а міліцыя неахвотна ёю карысталася. Так было таму, што ў Крымінальным кодэксе быў адзіны безальтэрнатыўны артыкул «Забойства работніка міліцыі», дзе не было тэрмінаў, а толькі сьмяротная кара. За забойства работніка міліцыі — расстрэл. Гэта ведалі ўсе, і гэта была бронекамізэлька для ўсіх работнікаў міліцыі.

Дзеля чаго выдавалі расстрэльны пісталет у дні, калі зьніклі Захаранка, Ганчар, Красоўскі

— Вы ключавы сьведка ў справе зьніклых. Расстрэльны пісталет з «Валадаркі» выдавалі «эскадронам сьмерці» ў дні, калі зьніклі Захаранка, Ганчар, Красоўскі. Дзеля чаго гэта рабілася, як вы мяркуеце?

— Я доўга пра гэта думаў, чаму менавіта гэты пісталет. Забіць можна было зь любой зброі. І такія пісталеты таксама на складзе былі, можна было атрымаць. Я прыйшоў да адной высновы — напэўна, дзеля таго, каб у людзей, якія зьдзяйсьнялі забойства, стварыць ілюзію, што яны ня проста забіваюць, а выконваюць сьмяротны прысуд. Як маральнае апраўданьне, што вось пісталет, зь якога забіваюць злачынцаў, каб у іх перажываньняў з гэтай нагоды не было. Іншага тлумачэньня я не знаходжу. Чалавеку, якога забіваюць, ня важна, зь якога пісталета яго заб’юць. Таму, найхутчэй, для маральнага апраўданьня гэтых супрацоўнікаў — вось вам зброя, гэта злачынцы, іх трэба пакараць сьмерцю. Мы над гэтым працавалі. Усё вядома, усе, хто зьдзейсьніў забойства. Думаю, што з намі ці бяз нас калісьці ў гэтай справе паставяць кропку.

«Першая мэта — запалохаць»

— Як вы думаеце, для чаго ўладам Беларусі спатрэбіліся пашырэньне расстрэльных артыкулаў і даданьне ў сьпісы тэрарыстаў новых і новых людзей?

— Першая мэта — запалохаць. І тут ня варта ставіцца з іроніяй. Апэляваць да міжнароднай супольнасьці — бяз сэнсу. Няма мэханізму, не працуе гэта ні ў Амэрыцы, ні ў Беларусі. Усе хто апэлюе да міжнародных судоў, махляры ад праваабароны, якія закон ня ведаюць. А каб запалохаць, патрэбны нейкі актуальны прысуд, які будзе. Прысудзяць чалавека. Артыкул жа не дарма ўвялі. Я ня думаю, што гэта будзе тычыцца канкрэтна Аўтуховіча, бо ў яго не было ахвяраў і не было намеру на ахвяры.​

«Забойства Захаранкі — гэта таксама акт тэрарызму»

— А калі не Аўтуховіч, а напрыклад, рэйкавыя партызаны?

— А гэта ўжо іншая справа. Там па-рознаму можна карціну прадставіць. Калі пасажырскі цягнік сыходзіць з рэек, мы разумеем, што без ахвяраў не абыдзецца. Нават калі і не пасажырскі цягнік... Ці вайсковы эшалён... Мы жывём у краіне, якая знаходзіцца на ваенным становішчы. Юрыдычна не, а дэ-факта так. І любы вайсковы эшалён таксама нясе пагрозу, калі вагон снарадаў узарвецца... Тут намер на падрыў чыгункі зь непрадказальнымі наступствамі. Я ня ведаю, наколькі гэта сур’ёзна было, але гульня з чыгункай, асабліва калі камэнтатары з-за мяжы кажуць, што гэта мы арганізавалі, гэта вельмі небясьпечныя рэчы.

Пашырэньне сьмяротнай кары робіцца дзеля таго, каб запалохаць найперш, каб і думкі ў чалавека не ўзьнікала ў галаве. Я хачу нагадаць тым, хто забыў, што забойства Захаранкі — гэта таксама акт тэрарызму, таму што гэта быў палітычны дзеяч. Забойства Ганчара — таксама акт тэрарызму, таму што ён таксама быў палітычным дзеячам. Ня трэба пра гэта забывацца.

Калі ўжо наша дзяржава перайшла на новую кваліфікацыю, то павінны і мы разумець, што і гэта патрабуе перагляду кваліфікацыі. Ня проста забойства Захаранкі, а акт тэрарызму. Забойства Шарамета — акт тэрарызму. Дарэчы, і спроба майго забойства, калі вярнуцца да знакамітай прамовы спадара Зайцава, гэта таксама акт тэрарызму на стадыі задумы. Гэта таксама акт тэрарызму і нясе ў сабе закончаны склад злачынства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG