Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ абнавіў сьпіс «тэрарыстаў» — у ім 15 новых прозьвішчаў, сярод іх Марыя Калесьнікава і Максім Знак


Максім Знак і Марыя Калесьнікава на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікоў перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, Менск, 14 ліпеня 2020 г.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікоў перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, Менск, 14 ліпеня 2020 г.

КДБ зноў абнавіў сьпіс «тэрарыстаў». У ім 15 новых прозьвішчаў беларусаў. Усе яны ўжо асуджаныя да турэмных тэрмінаў.

Сярод новых фігурантаў ёсьць вядомыя прозьвішчы — паплечнікі Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава і Максім Знак, давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Антаніна Канавалава і паплечнік Міколы Статкевіча Сяргей Спарыш.

Учора на сайце КДБ зьявілася новая вэрсія сьпісу , папярэдняе абнаўленьне адбылося 20 траўня.

10 чалавек зь іх прызнаныя палітвязьнямі, паведамляе партал «Зеркало».

Усе новыя фігуранты сьпісу ўжо асуджаныя і адбываюць пакараньне зьняволеньнем:

Аляксандар Зайцаў — асуджаны паводле арт. 289 (акт тэрарызму) КК Беларусі.

Яўген Прывалаў — праходзіў па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджаны паводле арт. 293 (масавыя беспарадкі) КК Беларусі. Прызнаны палітвязьнем.

Сяргей Ярашэвіч — праходзіў па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджаны паводле арт. 293 (масавыя беспарадкі) КК Беларусі. Прызнаны палітвязьнем.

Сяргей Коршун — праходзіў па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджаны паводле арт. 293 (масавыя беспарадкі) КК Беларусі. Прызнаны палітвязьнем.

Антаніна Канавалава — праходзіла па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджана паводле арт. 293 (масавыя беспарадкі) КК Беларусі. Прызнаная палітвязьнем.

Сяргей Спарыш — праходзіў па справе тэлеграм-канала «Армія з народам», асуджаны паводле арт. 293 (масавыя беспарадкі) КК Беларусі. Прызнаны палітвязьнем.

Максім Знак — паплечнік Віктара Бабарыкі, быў асуджаны па трох артыкулах КК Беларусі, але ў сьпісе КДБ фігуруе толькі адзін — арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы). Прызнаны палітвязьнем.

Марыя Калесьнікава — паплечніца Віктара Бабарыкі, была асуджаная па трох артыкулах КК Беларусі, але ў сьпісе КДБ фігуруе толькі адзін — арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы). Прызнана палітвязьнем.

Раман Марусаў — перадаваў інфармацыю тэлеграм-каналу, прызнанаму экстрэмісцкім. Асуджаны паводле арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні) КК Беларусі. Прызнаны палітвязьнем.

Яўген Івончык — асуджаны паводле арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні) КК Беларусі.

Антон Нагела — паводле абвінавачаньня, пакінуў у тэлеграм-чаце «Смаргонь-чат» 13 камэнтароў, у якіх рэзка нэгатыўна выказваўся пра дзеяньні міліцыянтаў падчас акцыяў пратэсту. Асуджаны паводле арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні) КК Беларусі. Прызнаны палітвязьнем.

Дзяніс Сырэц — быў асуджаны па трох артыкулах КК Беларусі, але ў сьпісе КДБ фігуруе толькі адзін — арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні). Прызнаны палітвязьнем.

Яўген Трушко — асуджаны паводле арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні) КК Беларусі.

Уладзіслаў Зянюк — асуджаны паводле арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні) КК Беларусі.

Анатоль Мацулевіч — асуджаны паводле арт. 130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні) і арт. 293 (Масавыя беспарадкі) КК Беларусі.

У складзеным КДБ сьпісе «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», ужо больш за 60 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG