Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі 9 траўня: скора ва Ўкраіне будзе два Дні Перамогі, а ў кагосьці не застанецца ніводнага


Уладзімір Зяленскі, Кіеў, 9 траўня 2022
Уладзімір Зяленскі, Кіеў, 9 траўня 2022

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў звароце з нагоды Дня перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне заявіў, што ў гэты дзень Украіна змагаецца за новую перамогу і атрымае яе.

«Зусім хутка ва Ўкраіне будзе два Дні Перамогі. А ў некага не застанецца ніводнага. Перамаглі тады. Пераможам і зараз! І Храшчацік убачыць парад перамогі — перамогі Ўкраіны», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы 9 траўня.

Паводле яго, 24 лютага Расея пачала «наступленьне на тыя ж граблі»:

«На іх наступае нага кожнага акупанта, які прыходзіць на нашу зямлю. Мы перажылі розныя войны. Але ва ўсіх быў адзін фінал... Няма кайданоў, якія змогуць скаваць наш вольны дух. Няма акупанта, які зможа прыжыцца на нашай свабоднай зямлі. Няма захопніка, які зможа панаваць над нашым свабодным народам. Рана ці позна мы перамагаем. Хоць арда, хоць нацызм, хоць сумесь першага і другога, якой ёсьць цяперашні вораг, — мы перамагаем, таму што гэта наша зямля», — сказаў Зяленскі.

Ён падкрэсьліў, што ўкраінцы ваююць ня супраць кагосьці, а за сябе, за сваю свабоду і незалежнасьць.

«Мы б’ёмся за сваю свабоду, за свабоду для сваіх дзяцей, а значыць — пераможам. Мы ніколі не забудзем, што зрабілі нашы продкі ў Другой сусьветнай вайне. Дзе загінулі звыш васьмі мільёнаў украінцаў. І дадому не вярнуўся кожны пяты ўкраінец. У цэлым жа вайна забрала ня менш за 50 мільёнаў чалавечых жыцьцяў. Мы не гаворым: „Можам паўтарыць“. Бо хацець паўтарыць 2 194 дні вайны можа толькі варʼят. Той, хто ўжо паўтарае сёньня жахлівыя злачынствы гітлераўскага рэжыму, пераймае нацысцкую філязофію, капіюе ўсё, што рабілі яны. Ён асуджаны», — сказаў прэзыдэнт Украіны.


Зяленскі падкрэсьліў, што цяперашняя вайна — гэта вайна ня дзьвюх армій, гэта вайна двух сьветапоглядаў.

«Барбараў, якія абстрэльваюць музэй Скаварады і вераць, што іхныя ракеты могуць зьнішчыць нашую філязофію. Яна іх раздражняе. Яна ім чужая. Яна іх пужае. Яна заключаецца ў тым, што мы вольныя людзі, якія ідуць сваім шляхам. На гэтым шляху сёньня мы вядзём вайну і нікому не аддамо ані лапіка сваёй зямлі. Сёньня мы адзначаем Дзень Перамогі над нацызмам. І нікому не аддамо ні лапіка сваёй гісторыі. Мы ганарымся нашымі продкамі, якія разам зь іншымі народамі ў складзе антыгітлераўскай кааліцыі перамаглі нацызм. І мы нікому не дамо анэксаваць гэту перамогу, не дамо яе прысвоіць», — дадаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Нядаўна ў Вярхоўную Раду Ўкраіны быў унесены законапраект, які прапануе адмовіцца ад дзяржаўнага сьвята ў Дзень Перамогі 9 траўня, а штогод адзначаць 8 траўня Дзень памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне.

Ва Ўкраіне 9 траўня адзначаюць Дзень перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне, 8 траўня — Дзень памяці і прымірэньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG