Група ўкраінскіх вайсковых аналітыкаў паведаміла, што горад Вуглядар у Данецкай вобласьці, за які ішлі вельмі жорсткія баі з студзеня 2023 году, цалкам акупавалі расейскія войскі.
Летась у студзені ў адным з баёў у Вуглядары загінуў беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў.
У Генэральным штабе Ўкраіны падзеі пакуль не камэнтуюць
«Валнаваскі раён (паводле старой адміністрацыйнай сыстэмы) цалкам страцілі», — паведамілі ў аналітычнай групе DeepState.
У чарговым паведамленьні Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны інфармацыі пра апэратыўную сытуацыю каля Вуглядару няма. Паведамілі толькі пра сытуацыю на курахаўскім і ўрэмеўскім кірунках — гэта прыкладна за 30 кілямэтраў ад Вуглядару.
«На курахаўскім кірунку Сілы абароны адбілі 25 атак у раёнах сёлаў Цукурына, Гарняк, Георгіеўка, Канстанцінаўка і Кацярынаўка. На ўрэмеўскім кірунку, як удакладнена, праціўнік правёў непасьпяховую атаку нашых пазыцыяў у кірунку Богаяўленкі», — адзначаецца ў паведамленьні Генэральнага штабу Ўкраіны.
Пазьней у апэратыўна-стратэгічнай групоўцы войскаў «Хорціца» пацьвердзілі вывядзеньне украінскіх падразьдзелаў з Вуглядару.
«Вышэйшае кіраўніцтва надала дазвол на ажыцьцяўленьне манэўру вываду паздразьдзелаў з Вуглядару з мэтай захаваньня асабовага складу і баявой тэхнікі, каб заняць пазыцыю для вядзеньня далейшых дзеяньняў», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У групоўцы таксама дадалі, што расейцы змаглі заняць Вуглядар дзякуючы атрыманым рэзэрвам, якія атакавалі ўкраінцаў з флянгаў і такім чынам зьнясілілі ўкраінскія падразьдзелы. Каб пазьбегнуць расейскага атачэньня, украінскія падразьдзелы вывелі.
Ацэнкі экспэртаў
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) на падставе даступных відэзапісаў прыйшлі да высновы, што расейскія войскі, хутчэй за ўсё, захапілі Вуглядар.
У справаздачы ISW адзначаецца, што частка групоўкі ўкраінскіх сілаў плянава адышла з Вуглядару, каб пазьбегнуць атачэньня.
«Маштаб украінскіх стратаў пакуль невядомы, але шырока распаўсюджаныя паведамленьні аб адступленьні ўкраінскіх войскаў сьведчаць, што большы ўкраінскі кантынгент, хутчэй за ўсё, пазьбег расейскага атачэньня, якое магло прывесьці да большых стратаў», — паведамілі экспэрты інстытуту.
У ISW нагадалі, што Расея зрабіла прынамсі дзьве вялікія спробы захапіць Вуглядар — у кастрычніку-лістападзе 2022 году і ў студзені-лютым 2023-га, у выніку якіх страціла шмат жывой сілы і вайсковай тэхнікі.
Раней ISW ацэньваў, што захоп Расеяй Вуглядару наўрад ці істотна зьменіць хаду яе наступальных апэрацыяў на захадзе Данецкай вобласьці, бо сам гэты горад ня ёсьць надта важным матэрыяльна-тэхнічным вузлом.
Расея працягвае атакаваць тылавыя рэгіёны Ўкраіны
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што ў ноч на 2 кастрычніка Расея атакавала Кіраваградзкую, Адэскую і Сумскую вобласьці 32 ударнымі дронамі, якія запускалі з расейскай тэрыторыі — з Прыморска-Ахтарску і Курску.
«У выніку супрацьпаветранага бою авіяцыя, зэнітныя ракетныя падразьдзелы, РЭБ і мабільныя агнявыя групы Сілаў абароны Ўкраіны зьбілі 11 ударных бесьпілётнікаў у Кіраваградзкай, Адэскай і Сумскай вобласьцях. Чатыры варожыя дроны выйшлі з паветранай прасторы Ўкраіны ў кірунку Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Сродкі супрацьпаветранай абароны у выніку ўзьдзеяньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы згубілі лякацыю яшчэ 10 дронаў у паўночных і цэнтральных вобласьцях. Дакладную інфармацыю спрабуюць высьветліць.
Як паведаміў кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Алег Кіпер, ад удару дронамі пацярпеў Ізмаільскі раён.
«Мэтай расейцаў была прыпартовая і памежная інфраструктура. Два мужчыны, кіроўцы грузавікоў, атрымалі раненьні. Адзін зь іх грамадзянін Турэччыны. Цяпер пацярпелыя ў стане сярэдняй цяжкасьці ў лякарні. Яны атрымліваюць усю неабходную дапамогу», — удакладніў Алег Кіпер.
Праз абстрэл часова спыніў працу пункт пропуску «Арлоўка» на мяжы з Румыніяй.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум