1602,7 рубля — такі сярэдні заробак у Беларусі быў у сакавіку, падлічыў Белстат. Аднак у рэальным вымярэньні (з аглядкай на рост цэнаў) даходы зьнізіліся на 0,7% у параўнаньні з сакавіком мінулага году.
Заробак сур’ёзна «прасеў» за месяц, калі яго пераводзіць у даляры. У далярах, згодна з сярэднім курсам Нацбанку, у сакавіку сярэдні заробак склаў $501. А месяцам раней, згодна зь сярэднім курсам, ён быў $601.
Традыцыйна самы высокі сярэдні заробак у Менску — 2 408 рублёў, самы нізкі — у Магілёўскай вобласьці — 1258,6 рубля.
Чаму падаюць даходы
Самая важная прычына — гэта інфляцыя, то бок рост цэнаў. Гэта зазначае старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.
«Падзеньне даходаў зьвязана з інфляцыяй. Курсавая розьніца цяпер узнавілася, хоць раней гэта таксама паўплывала на інфляцыю. Падставаў для стабілізацыі інфляцыі няма, яна будзе далей павялічвацца. На гэта ўплываюць і санкцыі, і абмежаваньне на імпарт», — кажа Леў Львоўскі.
Чаго далей чакаць людзям
Па прагнозах экспэрта, інфляцыя працягне расьці, і яна ўжо выйшла за ўсе прагнозы Нацбанку.
«Інфляцыя можа быць яшчэ большай, бо, адносна ўсіх падзей, яна яшчэ не такая вялікая. Таксама будзе разьвівацца крызіс у рэальнай эканоміцы. У некаторых сэктарах пачнуць падаць і намінальныя заробкі, бо ўведзеныя санкцыі — самыя маштабныя ў гісторыі сучаснай Беларусі. Некаторыя прадпрыемствы спрабуюць пераарыентавацца. Празь некалькі месяцаў мы пабачым, хто змог пераарыентавацца, а хто не», — гаворыць Леў Львоўскі.
Ці можна мінімалізаваць наступствы
Улады разьлічваюць на дапамогу ад Расеі, беларускі бок запрошвае шмат, але не відаць, што нешта дадуць, падкрэсьлівае Леў Львоўскі.
«Усе заявы гучаць зь беларускага боку, а расейскі бок гэтага не пацьвярджае. Напрыклад, казалі, што Расеі дала Беларусі адтэрміноўку ў пазыках на 5-6 гадоў. Расейскі бок гэтага не пацьвярджаў, а цяпер заявіў, што адтэрміноўка толькі на год. Таксама ёсьць заявы, што Расея будзе прадаваць газ і нафту са зьніжкай, аднак пацьверджаньня няма. Расея магла б закрыць патрэбы Беларусі, але няясна, ці ёсьць такое жаданьне, у іх жа саміх — крызісны год», — даводзіць экспэрт.
Таксама ўлады могуць дапусьціць больш высокую інфляцыю, тады зьнізяцца затраты на прадпрыемствы, будзе менш звальненьняў.
«Гэта дапаможа скараціць беспрацоўе. Таксама ўлады спадзяюцца на Кітай. Аднак Кітай не дае грошы проста за тое, што ў краіне аўтарытарызм. Кітай не дае адтэрміноўкі па крэдытах, не прыходзіць з новымі інвэстыцыямі. Беларусь была цікавая Кітаю як стабільны транзытны партнэр і пляцоўка для вытворчасьці з выхадам у Эўропу, у гэтым былі ідэі ўсіх буйных праектаў. А цяпер у Беларусі цяжка і з выхадам у Эўропу, і з транспартнымі функцыямі», — кажа Леў Львоўскі.
Яшчэ адзін спосаб уратаваньня эканомікі, які бачаць беларускія ўлады, — «мабілізацыя эканомікі».
«Прапануюць больш грошай перадаць дзяржаве, якая запусьціць нейкі новы інвэстыцыйны цыкль. Аднак гэтыя ідэі нікуды не вядуць, у Беларусі такое проста не атрымліваецца», — гаворыць экспэрт.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.