Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт нафтапрадуктаў прыносіў Беларусі мільярды даляраў. Што зь ім зробяць санкцыі?


Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры
Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры

Куды прадавалі асноўную частку беларускіх нафтапрадуктаў і што зь беларускай нафтаперапрацоўкай адбываецца цяпер? Разьбіраемся.

Па словах беларускага віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава, цяпер беларускія НПЗ працуюць «на ўнутраны рынак». Раней жа нафтаперапрацоўка была адной з асноўных крыніц прытоку грошай у Беларусь.

Куды прадавалі нафтапрадукты раней

Шмат гадоў Беларусь набывала нафту ў Расеі, перапрацоўвала яе на сваіх НПЗ і прадавала нафтапрадукты на Захад і ва Ўкраіну.

Напрыклад, у 2020 годзе (сьвяжэйшую статыстыку беларускія ўлады закрылі) Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў на 2,7 мільярда даляраў. Асноўныя пакупнікі:

  • Украіна — 1,24 мільярда даляраў
  • Вялікая Брытанія — 701,2 мільёна даляраў
  • Краіны ЭЗ — 597,9 мільёна даляраў


Яшчэ 200 мільёнаў даляраў прыпадае на іншыя краіны — гэта невялікія аб’ёмы экспарту ў Расею, Калюмбію, ЮАР, Віетнам і Кітай.

Ці можна пераарыентаваць экспарт

На думку старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, «шляхоў для пераарыентацыі экспарту нафтапрадуктаў амаль няма».

«ЭЗ лёгка адмовіўся ад беларускіх нафтапрадуктаў, асноўным рынкам была Ўкраіна. Цяпер застаецца частка СНД, Расея і Кітай, але гэтыя краіны маюць сваю нафту і свае нафтапрадукты. Нейкую невялікую долю Беларусь зможа туды пастаўляць, але неяк сур’ёзна замясьціць былых пакупнікоў не атрымаецца», — кажа Леў Львоўскі.

Наколькі пацярпіць нафтаперапрацоўчая сфэра

Паводле Льва Львоўскага, мінімум палова магутнасьцяў НПЗ проста не спатрэбіцца.

«Асобна бяз экспарту нафтапрадуктаў Беларусь выжыве, але цяпер шок і ў іншых сфэрах. Гаворка ня толькі пра тое, што Беларусь страціць 2 мільярды на экспарце нафтапрадуктаў. Праблемы з экспартам транспартных паслуг, з прычыны забароны імпарту могуць стаць некаторыя прадпрыемствы, зьяжджаюць ІТ-спэцыялісты», — прыводзіць прыклады Леў Львоўскі.

Ён зважае і на тое, што абыйсьці санкцыі будзе вельмі складана, бо за гэтым моцна сочаць.

«Апроч санкцый, ёсьць яшчэ эфэкт супэртаксычнасьці. Многія кампаніі не захочуць дапамагаць Беларусі абыходзіць санкцыі, будзе шмат добраахвотных агентаў кантролю выкананьня санкцый. Нейкія дробныя аб’ёмы могуць працягваць прадаваць, але вялікія аб’ёмы схаваць будзе вельмі складана. Калі мы гаворым пра сотні тысячаў барэляў, то схаваць іх не атрымаецца», — даводзіць Леў Львоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG