Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры гады свабоды і дваццаць восем гадоў дыктатуры


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Ягонае імя цяпер ужо заўсёды будуць атаясамліваць з пачаткам 90-х. Што гэта быў за час?

Сёньняшнім маладым, якія вырасьлі ў лукашэнкаўскай Беларусі, цяжка ўявіць, што можна адкрыта гаварыць і пісаць пра ўладу тое, што думаеш; што можаш, ні ў кога не пытаючыся, прыйсьці са сьцягам ці плякатам да Дома ўраду; што на плошчы маеш магчымасьць дыскутаваць з кіраўніком дзяржавы і адкрыта выказаць яму ў вочы сваю нязгоду.

Так, гэта быў час Шушкевіча: чатыры гады бурных зьменаў, палітычных жарсьцяў, грамадзкага віраваньня. Час вялікай надзеі… Калі людзі гадзінамі не адыходзілі ад прымачоў і тэлевізараў, слухаючы дэбаты ў Вярхоўным Савеце. Калі абрысы новай невядомай Беларусі зь цяжкасьцю праглядваліся ўдалечыні. Але нам, маладым, ап’янелым ад атмасфэры свабоды тых гадоў, верылася, што гэта — абрысы краіны дэмакратычнай і вольнай.

Яна, відавочна, стала б такой, калі б у 1994-м на першых прэзыдэнцкіх выбарах перамог Шушкевіч.

Лукашэнка і ў тыя гады, і пазьней, калі ўжо стаў прэзыдэнтам, любіў насьміхацца, кпіць з Шушкевіча: «Бач, паўнамоцтваў яму не хапае. Не ў ягонай кампэтэнцыі. Ты ж кіраўнік дзяржавы: мала паўнамоцтваў — дык вазьмі!»

Сам ён ніколі не спыняўся перад тым, калі ў нечым яго абмяжоўваў закон. Нахрапам і гвалтам, нікога не пытаючыся, расштурхоўваючы ўсіх локцямі і мяняючы канстытуцыі, як старыя чаравікі, выбудаваў дзяржаву, у якой ні свабоды, ні праўды, ні справядлівасьці. А адзіная каштоўнасьць — ягоная незьмяняльная аднаасобная ўлада і нічым не абмежаваныя паўнамоцтвы.

Тэарэтычна, вядома, Шушкевіч мог бы ў 1994-м пайсьці тым жа шляхам, што і многія ягоныя тагачасныя калегі на прасторы былога СССР — выкарыстоўваючы напоўніцу «адміністрацыйны рэсурс», плетучы інтрыгі і абыходзячы рознымі хітрыкамі закон. І ўрэшце праз палітычную эквілібрыстыку застацца пры ўладзе. Але ўсё гэта было б супраць ягонай натуры, ягоных жыцьцёвых прынцыпаў і ўспрыняцьця сьвету… Гэта быў бы ўжо не Шушкевіч.

Ад яго і з парлямэнцкай трыбуны, і падчас інтэрвію часта можна было пачуць словы «прыстойнасьць», «сумленнасьць», «згода». На пачатку 90-х з гэтага часам іранізавалі. А гэта было ягонай сутнасьцю, жыцьцёвым падмуркам. Хто цяпер з высокіх дзяржаўных кіраўнікоў выкарыстоўвае іх? Яны чужыя для лексыкону і для сутнасьці цяперашняга дыктатарскага рэжыму.

Ён і ў паўсядзённым жыцьці быў такім жа — адкрытым, сумленным, уважлівым да чужой думкі, верным слову.

На пачатку 90-х я працаваў палітычным аглядальнікам у газэце «Звязда», амаль штодня бываў у Вярхоўным Савеце, часта браў інтэрвію ў дэпутатаў. Ня раз здаралася размаўляць і са Станіславам Станіслававічам. Неяк у нас была даволі доўгая і цікавая размова пра новыя эканамічныя праекты з удзелам Нямеччыны.

«А вось у мяне неўзабаве будзе паездка туды, я вас запрашу, разам паглядзім», — паабяцаў Шушкевіч.

Мінуў час, я тым словам не надаў надта шмат увагі. У мяне быў чарговы адпачынак, я паехаў у родную вёску на Гарадзеншчыне. І раптам даведваюся, што мяне ледзь не ўсім саўгасным кіраўніцтвам шукаюць (а тэлефона ў маёй вёсцы ніколі не было). Знайшлі недзе ў лесе. Перапалоханы дырэктар саўгаса з круглымі вачыма: «Званіў сам Шушкевіч. Нешта тэрміновае. Неадкладна ў Мінск!». Аказалася, Станіслаў Станіслававіч памятаў пра тое сваё абяцаньне і настаяў, каб мяне ўключылі ў дэлегацыю для візыту ў Нямеччыну. Гэта была восень 1993 году.

Зь ім вельмі прыемна было размаўляць. Мы, журналісты, асабліва гэта цанілі. Ясны востры розум, імгненная рэакцыя, дасьціпнасьць, дакладныя фармулёўкі. Ніякай «вады» – гатовае інтэрвію. Здымай са стужкі тэкст — і ў друк. Прычым аднолькава грунтоўна і проста, бяз пыхі, на роўных ён мог з табой зь вялікім зацікаўленьнем размаўляць і пра палітыку, і пра грыбы, і пра майстраваньне цяпліцы на лецішчы. У працэсе размовы абсалютна не адчувалася, што гутарыш з высокім дзяржаўным чыноўнікам, кіраўніком дзяржавы.

…Чамусьці нам наканавана было прайсьці праз гэтыя трыццаць гадоў аўтарытарызму і дыктатуры: гады сораму, прыніжэньня і ганьбы. Магчыма, дзеля таго, каб па-сапраўднаму зразумець каштоўнасьць тых кароткіх «шушкевіцкіх» чатырох гадоў надзеі і свабоды.

Тады, у 1994-м, час такіх палітыкаў, як Станіслаў Шушкевіч, яшчэ не надышоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG