Ян вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на факультэце экранных мастацтваў, рэжысуры кіно і тэлебачаньня. Юлія — у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў на факультэце традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага беларускага мастацтва. Цяпер абое вывучаюць румынскую мову, каб працягнуць адукацыю ў ВНУ Румыніі.
«Некалькі бусаў спынілася ля нас, адзін у чорным стукнуў мяне дубінкай па твары»
Ян і Юлія расказваюць, што пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў удзельнічалі ў кожнай нядзельнай акцыі. 22 лістапада 2020 году прыйшлі на чарговы пратэст.
«Бусы спыняліся на праспэкце, зь іх выбягалі людзі ў чорным і палохалі народ. На невялічкай плошчы каля фантана, паблізу жылых дамоў, зь мітынгоўцаў засталіся толькі мы — я, мой будучы муж Ян ды мая маці, — расказвае Юлія. Яна кажа, што сьцягоў у іх з сабой не было, яны проста стаялі і глядзелі, да каго б далучыцца.
«Раптам група бусаў спынілася ля нас, — згадвае яна. — Мы з маці пабеглі ў бок дамоў, упэўненыя, што Ян бяжыць разам з намі. Чалавек дзесяць мінакоў беглі паперадзе, мы — апошнія, а за намі — чалавек з ГУБАЗіК. Яны беглі ўпарта, іх мэтаю было злавіць, а ня проста напужаць».
Ян, па словах Юліі, застаўся тады на плошчы, каб адцягнуць увагу сілавікоў на сябе.
«На жаль, гэта ў яго атрымалася. У бусе Яну зламалі два рабры, пашкодзілі барабанную перапонку, адрэзалі даўгія валасы. Пра такія рэчы, як раструшчаныя ботам акуляры і парваная вопратка, нават няма чаго гаварыць, — расказвае дзяўчына. — Білі шокерам у шыю, ногі. Памецілі лоб маркерам — як знак таго, што трэба заводзіць крымінальную справу. У заплечніку знайшлі сьцяг, які мы так за дзень і не разгарнулі, зноў жа білі ботамі па грудзях за байку з „Пагоняй“. Пасьля трохгадзіннай паездкі ў „стакане“ адвезьлі на Акрэсьціна. Ніякай мэддапамогі не было. На наступны дзень — онлайн-„суд“, на які мяне ўвогуле цудам пусьцілі. Вынік — 13 сутак арышту», — кажа Юлія.
Пасьля суду Яна пазбавілі стыпэндыі, а пасьля адлічылі, Юлію — таксама. Пры гэтым дзяўчыне ня выдалі копіі загаду аб адлічэньні.
«Гэта да цяперашняга часу псуе мне жыцьцё, бо я не магу паўнавартасна пацьвердзіць, што ў дачыненьні да мяне былі рэпрэсіі. Калі намі зацікавіўся Сьледчы камітэт, у сярэдзіне сьнежня 2020 году мы зьехалі ва Ўкраіну. Аб тым, што праграма Каліноўскага скончыла набор, мы даведаліся ўжо ў Польшчы, калі атрымалі туды візы. Праляцелі з праграмай, бо на момант яе адкрыцьця ў нас яшчэ не было дакумэнтаў аб адлічэньні. Выпадкова даведаліся пра румынскую праграму для беларускіх студэнтаў: там прапаноўвалі 100 месцаў. Міністэрства адукацыі пайшло насустрач і дазволіла вучыцца разам, то бок Ян цяпер таксама будзе вучыцца на мастака», — кажа беларуска.
«Румынія — краіна, якая ня мае вялікай пыхі і не імкнецца ўсім паказаць, што яны найлепшыя ў сьвеце»
У Румыніі, кажуць маладыя людзі, яны пачуваюцца добра.
«Румынію мы бачым як адну з тых эўрапейскіх краін, якія ня маюць вялікай пыхі і не імкнуцца ўсім паказаць, што іх мова і народ самыя лепшыя ў сьвеце. Жывуць і працуюць, ня лезуць у чужыя праблемы, — кажа Ян. — Ніякага хэйту з боку насельніцтва да тых, хто прыехаў сюды з-за мяжы вучыцца ці працаваць. Усе ветлівыя і нікуды ў асноўным не сьпяшаюцца».
Хлапец адзначае, што тут ня трэба баяцца міліцыі, а ўладзе можна выказаць «тое, што ты пра яе думаеш».
«У нас ня раз пыталіся, адкуль мы, і называлі Беларусь добрай краінай, пры гэтым усьведамляючы тэрор самаабранай улады. Але яны ня ведалі рэальных маштабаў рэпрэсій», — расказвае Ян.
Паводле яго, румынская мова мае шмат нюансаў. Але ведаць мову на базавым узроўні — вельмі важна, бо ў крамах ці паліклініцы ўсе карыстаюцца роднай мовай.
«У цэлым людзі ставяцца да нас спакойна і ня лезуць у нашую гісторыю. У Румыніі жыве толькі адсоткаў 30 саміх румынаў — астатнія людзі з розных іншых краін кшталту Сэрбіі, Малдовы, шмат студэнтаў з Францыі і Турэччыны. Краіна шматнацыянальная і пры гэтым вельмі прыгожая», — заўважыў беларус.
Паводле Яна, беларусаў у Румыніі няшмат, і на праграму, на якую трапілі маладзёны, быў вялікі недабор. Зьдзівілі Яна некаторыя беларусы, якія трапілі на праграму як рэпрэсаваныя, а самі, паводле хлопца, «спакойна езьдзяць сабе ў Беларусь і назад». «Каб толькі гэта не псавала жыцьцё іншым... Але, на жаль, па іх мяркуюць і пра нас. Тут у адміністрацыі ўсе былі зьдзіўленыя нашай гісторыяй і немажлівасьцю паехаць дадому. Час ад часу бываюць сытуацыі, калі ў пэўных бюракратычных мэтах трэба пацьвердзіць сваю прыналежнасьць да пратэставай дзейнасьці ў Беларусі. А без дакумэнтаў аб адлічэньні гэта зрабіць цяжка. Чыноўнікі зьдзіўляюцца — іншыя ж езьдзяць у Беларусь, чаму мы ня можам», — кажа Ян.
Акрамя вучобы, маладыя людзі займаюцца творчымі справамі: малююць, робяць мастацкія фота.
«Калі ёсьць магчымасьць, вандруем. Падабаецца фатаграфаваць птушак і архітэктуру. Спадзяюся, што яшчэ наведаем шмат цікавых месцаў», — кажа Ян.
Камунікацыя з аднагрупнікамі зь Беларусі ў сужэнцаў абарвалася.
«Падчас нашых апошніх візытаў у свае ВНУ нас стараніліся, таму кантакту няма. Памятаю, што ў свой час шмат хто зь іх хацеў працаваць на расейскай плятформе рэжысэраў. Ці зьмянілі цяпер сваю думку, ня ведаю», — кажа Ян.
Ён адзначае, што цяпер у Румыніі шмат уцекачоў з Украіны — ня толькі ў сталіцы, але і ў далёкіх ад яе гарадах.
«Валянтэры дзяжураць на вакзале і прымаюць людзей. Тыя прыяжджаюць сем’ямі, з валізкамі. У крамах стаяць вялізныя скрыні, куды кладуць дапамогу ежай і лекамі. Па горадзе раскіданыя білборды з інфармацыяй пра Украіну. У нас у інтэрнаце таксама арганізавана зьбіралі грошы на дапамогу ўкраінцам», — кажа студэнт.
Зараз Ян і Юлія заканчваюць падрыхтоўчы курс вывучэньня румынскай мовы, пасьля якога працягнуць вучыцца па творчым кірунку.