Мастачка Кацярына стварае сэрыі артаў на вострыя палітычныя тэмы, а таксама зьвязаныя з культурай Беларусі. Яе работы можна пабачыць тут.
Дзяўчына пачала маляваць яшчэ ў дзяцінстве. Кацярына прызнаецца, што быў пэрыяд, калі яна доўгі час не малявала, але цяпер разумее — гэта штодзённая патрэба.
«Я выказваюся праз малюнкі, перажываю нейкія падзеі. Таму вырашыла весьці Instagram-акаунт не пра сваё асабістае жыцьцё, а пра жыцьцё маіх перажываньняў праз ілюстрацыю. І таму я зьмяніла статус вядоўцы на „выдуманага пэрсанажа“», — апавядае мастачка Кацярына.
Дзяўчына кажа, што ідэі твораў прыходзяць стыхійна, звычайна пасьля чытаньня навін ці нейкага інтэрвію.
«Апошнія свае малюнкі я падпісваю выказваньнямі або адным словам. Бывае, мяне нешта зачапіла ў чыёйсьціпрамове, і малюнкі ўзьнікаюць практычна адразу. Творчасьць — маё выратаваньне. Я перажываю праз малюнкі, бо пасьля 9 жніўня 2020 году я настолькі была шакаваная падзеямі, што адзінае, што змагла зрабіць, — гэта намаляваць Вэнэру, якая ў мяне ў галаве ўвасабляла Беларусь, яна была бяз рук. Беларусь як бездапаможная жанчына. Я вельмі перажывала, і ўсё гэта выходзіла ў малюнках, таму мае творы закранаюць струны людзей».
У твораў Кацярыны выразны і пазнавальны графічны стыль, пераважна ў чырвона-бела-чорных колерах.
«У мяне клясычная мастацкая адукацыя, я ў розных тэхніках малявала. Але ўрэшце я зразумела, што гэты стыль для мяне найбольш камфортны, хоць я часам зь яго выходжу. Наконт колераў — неяк я вельмі цікавілася старой беларускай, расейскай культурай, паганствам, мне ўсё гэта падабалася. І вось акурат у беларускай культуры вельмі шмат чырвонага, белага і чорнага. Гэтыя колеры даўно са мной, яны найбольш ёмістыя, графічныя. Ну і паколькі мой стыль — гэта лінейная графіка, то лягічна, што колеры кантрасныя».
У большасьці малюнкаў галоўны пэрсанаж — жанчына.
«Мо гэта нейкая частка мяне, мне гэта бліжэй. Праз гісторыю гэтай жанчыны я перажываю тое, што зараз адбываецца. Шчыра, я асабліва рэфлексіяй не займалася, чаму менавіта так, яно проста бярэцца аднекуль і „ідзе“. І мне гэта лёгка маляваць, мне гэта падабаецца, мне гэта задавальненьне. У мяне практычна няма адной карцінкі ў нейкім стылі. Калі я нешта спрабую, то гэта будзе сэрыя. І вось апошняя сэрыя зь дзяўчынай зь вялікімі вачыма, хоць у мяне не вялікія вочы, напэўна, усё ж такі гэта маё ўнутранае „я“. Мне камфортна „пражываць“ усё ў такім стылі».
«Калі мае працы прадаюцца, то ўсе грошы ідуць на рахунак BySol у падтрымку рэпрэсаваных»
«Мне страшна ад таго, што наагул можа такое адбывацца, што адны людзі такое могуць рабіць зь іншымі людзьмі. І тады, у 2020-м, я не магла маўчаць, і цяпер», — кажа Кацярына, апісваючы стаўленьне да падзеяў апошніх гадоў.
Мастачка стварыла сэрыю артаў, прысьвечаных вайне ва Ўкраіне.
Творы на антываенную тэматыку можна паглядзець і спампаваць тут.
«У Манака была фізычная выстава. Там былі мае работы на культурную тэму з прыказкамі і прымаўкамі. Неяк мы рабілі дабрачынную выставу-продаж у Марсэлі. Калі мае працы прадаюцца, то ўсе грошы ідуць на рахунак BySol у падтрымку рэпрэсаваных. Неяк беларуская дыяспара ў Францыі арганізавала выставу ў Парыжы, там мая карціна была на афішы, таксама мае працы ўдзельнічалі. І пасьля выставы на сьцяне літоўскай амбасады рабілі праекцыю карцін. Сваімі малюнкамі мне хочацца падтрымаць дух людзей, сказаць, што ўсё у нас атрымаецца».
Дзяўчына адзначае, што ня хоча рабіць пэрсанальную выставу пра падзеі ва Ўкраіне.
«Беларусь — гэта быў наш боль. Ня скажаш, што іншыя краіны былі асабліва зацікаўленыя, хоць пара маіх калегаў малявалі на беларускую тэму. А цяпер увесь сьвет малюе на тэму Ўкраіны. Атрымліваецца, ты не настолькі вылучаесься на іх фоне, каб рабіць пэрсанальную выставу толькі з працамі, прысьвечанымі Ўкраіне».
Кацярына кажа, што яна адкрытая да супрацы, гатовая дапамагаць на валянтэрскай аснове.
«Часам я выконваю замовы — розныя паштоўкі, налепкі. Увогуле гатовая падтрымаць кожнага, хто да мяне зьвяртаецца. Калі ў кагосьці ёсьць канкрэтная задача і просьба, калі ў мяне сасьпее ідэя, то з задавальненьнем дапамагу. Мне здаецца, што б я ні рабіла — гэта вельмі мала, каб дапамагчы беларусам, якія ў зьняволеньні, у закладніках рэжыму. Хочацца зрабіць больш, і я адчуваю, што мне самой гэта неабходна».
Надалей, кажа Кацярына, яна пакуль хоча трымацца сваёй ідэі: штодня слухаць і глядзець навіны, рэфлексаваць на важныя сацыяльныя тэмы і выдаваць малюнкі, а таксама працаваць з тэхналёгіяй NFT.