Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вайне пераможа той, хто захавае ў сабе чалавека». Як сьвятар-блогер зь Беларусі дапамагаў украінскім уцекачам


Аляксандар Кухта
Аляксандар Кухта

Праваслаўнага сьвятара, аўтара блогу ў Youtube «Batushka ответит» Аляксандра Кухту журналісты Свабоды сустрэлі ў польскім Пярэмышлі. Бацюшка расказаў, як і дзеля чаго апынуўся на памежжы Ўкраіны і Польшчы, што ўбачыў і пачуў на ўласныя вочы і вушы.

«Мне як сьвятару важна прапусьціць празь сябе падзеі, перш чым пачаць пра іх гаварыць»

Айцец Аляксандар прыехаў у польскі Пярэмышль разам з трыма валянтэрамі ад Літоўскай праваслаўнай царквы. На вакзале, куды сьцякаюцца тысячы ўкраінскіх уцекачоў, сьвятар і аўтар блогу валянтэрыў ад каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Caritas.

«Даведаліся, дзе трэба дапамога, селі ў аўта, праехалі ад Вільні каля тысячы кілямэтраў — і вось мы тут. Літоўскі мітрапаліт дабраславіў нас. Даў грошы на паліва і трохі на кішэнныя расходы. Паехалі менавіта сюды, бо цяпер мяжа Ўкраіны і Польшчы — максымальна гарачы пункт. Мы тут можам рэалізаваць свой чалавечы і хрысьціянскі рэсурс. Адно — гэта сядзець дома і чытаць навіны, іншае — убачыць усё на ўласныя вочы, дапамагчы людзям. Мне як сьвятару важна прапусьціць празь сябе падзеі, перш чым пачаць пра іх гаварыць. Дапамагаючы іншым — дапамагаеш сабе», — кажа айцец Аляксандар.

Ён са сьмехам адказвае на пытаньне, якія мае абавязкі валянтэра, ці ёсьць тут пэўныя правілы, інструкцыі.

«Тут, хай арганізаваны, але хаос. Вось табе людзі — працуй. Фармальна тут тры зьмены па 8 гадзін. Але рук сапраўды не хапае. Таму часам працуем па 15-16 гадзін. Самая каштоўная якасьць — фізычная сіла. Веданьне мовы — украінскай ці расейскай, польскай, ангельскай — вельмі добра, дапамагае камунікацыі», — кажа сьвятар.

Айцец Аляксандар
Айцец Аляксандар

«Удзень цягаем торбы, уночы працуем як палявыя мэдыкі на вайне»

Вакзал у Пярэмышлі — першы пункт, куды трапляюць украінкі зь дзецьмі, якія выбіраюцца ў Польшчу цягніком. З 24 лютага тут перавалачная база ўцекачоў. Вакзал невялікі, спальных месцаў тут вобмаль.

«Прыходзіць цягнік з Украіны. Трэба бегчы, узяць торбы ў людзей, бо едуць жанчыны зь дзецьмі, пажылыя людзі, інваліды. Узяць як мага больш торбаў, дацягнуць да вакзала і бегчы назад на пэрон. І так цэлы дзень. Ноччу мы ператвараемся ў палявых мэдыкаў на вайне. Бо тут на вакзале ёсьць невялікі пакой, дзе могуць пераначаваць жанчыны зь дзецьмі. Гэта вялікая спальня, дзе сьпяць маці, дзеці. І валянтэру трэба вырашыць, хто тут будзе начаваць. Бо трэба выбіраць, каму гэта больш патрэбна. І практычна ўсе ж маці з дзецьмі. Потым пракантраляваць, каб яны пасьпелі на свой цягнік: разбудзіць, правесьці. Мне на поўным сур’ёзе прапаноўвалі нядаўна валюту, каб пусьціў на спальнае месца. Іх мала, а людзей вельмі шмат. Многія сьпяць проста на падлозе ў вакзале», — пералічвае айцец Аляксандар.

Апроч цяганьня торбаў, сьвятар «аказвае інфармацыйныя паслугі». Бо людзі прыяжджаюць і задаюць шмат пытаньняў, ня ведаюць, як і куды выехаць, дзе можна паесьці, дзе паспаць.

«Людзі пытаюцца ў нас: „А куды нам цяпер?“. Тут жа проста перавалачны пункт... Польшча запоўненая. Цяпер цягнікі вязуць людзей у Нямеччыну», — кажа сьвятар.

Аляксандар Кухта
Аляксандар Кухта

«Немец заплакаў, а ўкраінкі яго суцяшалі»

Ноччу на падлозе ў вакзале сьпяць усе ўперамешку — старыя, жанчыны, дзеці, каты, сабакі.

«Быў адзін стары немец. Сядзеў тут у кутку на крэсьле, назіраў за ўсім гэтым і пачаў проста плакаць, рыдаць. Дык украінскія жанчыны суцяшалі яго. Маўляў, ня плач, усё будзе добра. Шмат людзей вяртаецца ва Ўкраіну. Была такая гісторыя. Жанчына была тут на вакзале, вярталася ва Ўкраіну, і ёй прыйшло паведамленьне, што яе сын загінуў. Гэта не апісаць, не перадаць словамі, што адбывалася», — кажа айцец Аляксандар.

Цяпер плынь уцекачоў зноў павялічылася — чакаецца чарговае абвастрэньне сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Таму людзі працягваюць уцякаць ад вайны.

«Я назіраў за малым хлопчыкам, яму недзе чатыры гады. Маці выйшла зь ім прайсьціся па вуліцы каля вакзалу. Ён пытаўся ў маці: „Тут дакладна можна хадзіць па вуліцы? Тут ня будуць бамбіць? А дзе тут падвал?“. Наогул многія дзеці ўцёкі ад вайны расцэньваюць як прыгоду. Гэта таму, што яны маюць максымальную апеку, клопат і любоў ад бацькоў, ад дарослых. Дзеці размаўляюць пра вайну, гуляюць у вайну. Але некаторыя дзеткі ў даволі цяжкім стане», — падзяліўся айцец Аляксандр.

Айцец Аляксандар
Айцец Аляксандар

«Вайна — гэта ня час для беззаконьня»

Сьвятар расказвае, што атрымаў на вакзале два каштоўныя для яго падарункі. Адзін — гэта магніт на лядоўню з тканіны, на якім дзьве птушкі на галінцы. Магніцік яму ўручыла дзяўчына з-пад Данецку на знак падзякі. Другі падарунак айцец Аляксандр атрымаў ад малога хлопчыка. Гэта шакалядны заяц. Магчыма, таго зайца малы атрымаў тут жа, на вакзале.

«Зло мае ўласьцівасьць быць вялікім і ахопліваць цэлыя народы. Але ў сэрцы кожнага чалавека ёсьць месца для дабра, ёсьць вобраз Божы. Бог плача з тымі, хто плача цяпер. Ён пакутуе з тымі, хто пакутуе. Ён спачувае. Бог зьвяртаецца да ўсяго чалавечага, што ёсьць у кожным сэрцы. Напэўна, мая задача як сьвятара знайсьці гэта чалавечае, дапамагчы пачуць, разбудзіць чалавека. Хрыстос казаў: якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душу сваю страціць? Вайна ня час для беззаконьня. Ёсьць законы вайны, дзе дакладна прапісана, што нельга рабаваць, гвалціць, зьдзекавацца з палонных, бамбіць мірнае насельніцтва, лякарні, дзіцячыя садкі. Тыя, хто парушае гэтыя правілы, вельмі хутка расчалавечваецца. Пераможа ў вайне той, хто захавае ў сабе чалавека», — разважае айцец Аляксандар.

Айцец Аляксандар
Айцец Аляксандар

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG